Хронікі рэпрэсій. Затрымалі Кацярыну Шуст, у СІЗА за «дзяржздраду» трымаюць вайскоўца
З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі 16 сакавіка.
Пасля ўчорашняга ператрусу ў рэдакцыі незалежнага слуцкага медыя «Інфа-Кур'ер» галоўны рэдактар і ўладальнік газеты Сяргей Станкевіч, а таксама яго намеснік Алег Рубчэня накіраваны ў мясцовы ІЧУ. Падчас ператрусу з рэдакцыі вынеслі ўсю асноўную тэхніку.
У Гарадку быў затрыманы сябра ЦРК БСДП Лявон Гаравы. Да суда ён змешчаны ў ізалятар. Вядома, што дома ў яго адбыўся ператрус. Вінавацяць мужчыну ў «распаўсюджанні экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Праваабаронцам стала вядома, што з пачатку лютага гэтага года ў СІЗА-1 утрымліваецца намеснік камандзіра 310-й групы артылерыі па ідэалагічнай рабоце 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады гвардыі падпалкоўнік Антон Чарамных. Па папярэдняй інфармацыі, яго, сярод іншага, абвінавачваюць у «здрадзе дзяржаве». Абставіны справы невядомыя.
Яшчэ год таму дзяржаўная газета «Звязда» рабіла рэпартаж са 120-й механізаванай брыгады, што дыслакуецца ў мінскім Уруччы, дзе журналісты апытвалі і Антона.
У Глыбокім затрыманы вядомы бодзібілдар Аляксандр Шарабайка. Падчас суда паводле адміністрацыйнага абвінавачання яго арыштавалі на 10 сутак. У мужчыны і ягонай жонкі Алены сілавікі забралі тэлефоны.
Пасля выбараў Шарабайку некалькі разоў саджалі на суткі за ўдзел у пратэстах і за бел-чырвона-белы сцяг на доме. У ліпені 2021-га яго затрымлівалі на трое сутак «па падазрэнні ў злачынстве».
У Магілёве затрымлівалі кандыдатку біялагічных навук, выкладчыцу мясцовага дзяржуніверсітэта Наталлю
Мартусевіч. Жанчыне 47 гадоў, яна з Магілёва. З 2004 года
Наталля працуе дацэнтам у ВНУ. Папярэдне затрыманне было звязана з каментарамі ў чатах. Пазней стала вядома, што Наталлю вызвалілі. Але ці прад'яўлена ёй абвінавачанне, невядома.
КДБ абнавіў спіс «асоб, якія маюць
дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» — там з'явіліся прозвішчы яшчэ
адзінаццаці чалавек. Сярод іх палітзняволеная праваабаронца Мафра Рабкова, а таксама Дзмітрый Слук, Аляксандр Мілашэўскі, Вадзім
Васільеў, Мікалай Бібліс, Аляксандр Сідарэнка, Аляксандр Францкевіч, Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Андрэй Чапюк, Віталь Енаровіч, Аляксандр
Сумар.
Цяпер у «тэрарыстычным спісе» 1037 чалавек, з іх 289 —
беларусы.
Праваабаронцам паведамляюць пра затрыманні ў Іванаве. У гэты панядзелак, 13 сакавіка, у горадзе адбываліся масавыя арышты. Затрымана
як мінімум 4 чалавекі. Хто быў затрыманы і за што — невядома.
Беларускія памежнікі паведамілі былому журналісту інтэрнэт-выдання «Першы рэгіён» Сяргею Гардзіевічу, што яму забаронены выезд за мяжу, і паставілі ў пашпарт адпаведны штамп. Сёлета Сяргей Гардзіевіч атрымаў візу і ў сакавіку вырашыў з'ездзіць у Літву, аднак паездка атрымалася няўдалай.
«Я адчуў нешта нядобрае, калі памежніца вельмі доўга
разглядала мой пашпарт. У выніку яна патэлефанавала, і прыйшоў яе начальнік», —
распавёў Сяргей Гардзіевіч.
Памочнік Мясніковіча Дзмітрый Шадко знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Нагадаем, 13 сакавіка СМІ паведамлялі, што
Дзмітрый знік у Маскве і яго не могуць знайсці тры дні. Выявілася, што мужчына быў затрыманы на працы ў
Маскве. Як сцвярджаюць крыніцы, мужчына доўгі час быў звязаны з
«ралевікамі» і час ад часу, па магчымасці, прымаў удзел у іх мерапрыемствах —
ён асабіста ведаў некаторых людзей, што былі затрыманы па справе дыверсіі ў
Мачулішчах.
Шадко займаў пасаду памочніка Міхаіла Мясніковіча, старшыні
Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі. Да траўня 2019 года ён быў намеснікам
Міністра сувязі і інфарматызацыі Беларусі.
Былога палітвязня Аляксея Раманава затрымалі ў Калінкавіцкім раёне. Ён
абвясціў галадоўку. Паводле крыніцы, «міліцыянты загадалі яму ўзяць з сабой
тэлефон, бо будуць правяраць яго сувязі з забароненымі ў Беларусі
арганізацыямі».
Аляксей Раманаў раней адбыў тэрмін зняволення за «абразу
Лукашэнкі». Пасля вызвалення ў яго забралі другую групу інваліднасці, хоць ён
мае анкалагічнае захворванне. Аляксей не мог афіцыйна ўладкавацца на працу, яму
ўсюды адмаўлялі.
У Гродне затрымалі прадпрымальніцу Кацярыну Шуст. На зманціраваным сілавікамі відэа дзяўчына «прызнаецца» ў тым, што ў сваіх сацсетках распаўсюджвала «экстрэмісцкія» матэрыялы, а таксама нібыта прайшла рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога». Адзначым, што на відэа дзяўчына размаўляе на беларускай мове. Раней былыя вязні распавядалі, што сілавікі не дазвалялі запісваць відэа па-беларуску.
Кацярына Шуст — колішняя актывістка партыі БНФ. У 2016-м у Слуцку яна балаціравалася ў дэпутаты. Таксама яна доўгі час працавала прадавачкай беларускай сімволікі.
ГУБАЗіК затрымаў знаёмых Яўгеніі Тачыцкай, якая нібыта
датычная да дыверсіі ў Мачулішчах. На відэа Кірыл і Ганна Маліноўскія кажуць амаль
слова ў слова адзін і той жа завучаны тэкст пра ўдзел у акцыях пратэсту ў 2020
годзе — нібыта з-за «такіх дэструктыўных элементаў, як Ціханоўская, Латушка,
Калеснікава і Яўгенія Тачыцкая».
Вядома, што Ганна працуе перакладчыкам у «Беларускай
калійнай кампаніі».
Падчасу ператрусу ў Маліноўскіх сілавікі забралі БЧБ-сцягі і
БЧБ-майкі, страйкбольную і пнеўматычную стрэльбу, газавы пісталет, цвёрдыя дыскі.
Затрымалі хлопца, якому закідаюць адміністраванне чата «97%
Серабранка». Яго завуць Арцём Караткевіч, яму 26 гадоў. Родам з Рагачова,
вучыўся ў Гомельскім дзяржаўным тэхнічным універсітэце імя Сухога на
спецыяльнасці «аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў і вытворчасцей». Некалькі
гадоў таму хлопец пераехаў у Мінск, жыў на вуліцы Малініна. Апошнім часам
працаваў афіцыянтам.
Затрымалі
супрацоўніцу ІТ-кампаніі «Гейм Стрым» Ксенію Алькенаву. Нібыта яна ахвяравала 425 долараў праз фонды салідарнасці. У Ксеніі канфіскавалі ўсе заробленыя супольна з мужам, таксама
айцішнікам, грошы і тэхніку.
36-гадовая Ксенія Алькенава (у дзявоцтве — Шчурэвіч) доўгі
час жыла ў Маскве, там яна пазнаёмілася са сваім мужам Вадзімам Алькенавым.
Ксенія працуе ў кампаніі «Гейм Стрым», былым беларускім офісе «Варгеймінга».
Жанчыне закідаюць крымінальны артыкул «фінансаванне
экстрэмісцкай дзейнасці», па якім ёй пагражае да пяці гадоў турмы. Сцвярджаецца, што яна ахвяравала праз Facebook 9 разоў на агульную суму 425 долараў.
У Бярэзіно ўчора быў затрыманы Алег Бандарчык. Цяпер ён знаходзіцца ў мясцовым ІЧУ. Учора раніцай у яго дом уварваліся некалькі амапаўцаў пры поўнай экіпіроўцы і
са зброяй. Дома знаходзіўся сам затрыманы і два яго сыны. Сілавікі патлумачылі,
што ёсць інфармацыя пра тое, што Алег перадаваў камусьці звесткі аб
перамяшчэнні расійскай вайсковай тэхнікі.
Сёння яму
прызначылі 15 сутак. У ІЧУ Бярэзінскага РАУС адмаўляюцца даваць родным
інфармацыю, па якім артыкуле Бандарчык быў затрыманы і асуджаны.