Разгромлена кватэра валанцёра Іллі Міронава, забралі маці, але яна паспела пакінуць запіску (фота, абноўлена)

Гомельскі валанцёр толькі ўчора выйшаў на волю пасля чарговага адміністрацыйнага арышту. Фота яго разгромленай кватэры публікуе выданне «Штодзень».

1_680.jpg

Паведамляецца, што Ілля Міронаў па вяртанні дамоў убачыў, што ягоная кватэра знаходзіцца ў разгромленым выглядзе: мэбля разабраная, кнігі і рэчы раскіданыя ў хаатычным парадку.

«Быццам сланы патапталіся па хаце, такога не было нават падчас ранейшых ператрусаў», — заўважае Ілля.

На дадзены момант таксама невядома, дзе знаходзіцца ягоная маці, спадарыня Валянціна Міронава. Паводле Іллі, гэта ўжо шосты «ператрус» у ягонай кватэры з 2020 года.

2_630.jpg

UPD. Пазней выявілася, што маці Іллі паспела пакінуць сыну запіску. Яна паведаміла, што яе забралі ў РУУС.

5_490.jpg

Некалькі дзён таму ў падобнай сітуацыі апынуўся ветэран незалежнай журналістыкі Гомельшчыны Анатоль Гатоўчыц, у кватэры якога таксама ўчынілі разгром «неўстаноўленыя» асобы.

Нагадаем, што 15 сакавіка Ілля Міронаў выйшаў на волю пасля чарговага адміністрацыйнага арышту. Ён правёў за кратамі 13 сутак за «распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў».

У лютым актывіст спрабаваў атрымаць афіцыйны пісьмовы адказ, ці можна захоўваць дома герб «Пагоня», ці ён усё ж забаронены. Ён пісаў адпаведныя лісты ў Міністэрства інфармацыі, але яснага адказу не атрымаў.

3_562.jpg

«У СМІ часам публікуюцца навіны, што людзей прыцягваюць да адміністрацыйнай адказнасці за выкарыстанне дзяржаўнага ў 1991—1995 гадах герба «Пагоня», — пісаў Ілля. Паколькі вядзенне спісу «экстрэмісцкіх матэрыялаў» ажыццяўляецца Міністэрствам інфармацыі, то аўтар звароту намагаецца атрымаць адказ менавіта ад гэтай інстанцыі.

Пакуль вядома толькі, што гербу «Пагоня» ў 2007 годзе рашэннем Савета міністраў Беларусі нададзены статус «нематэрыяльнай гісторыка-культурнай каштоўнасці». На дадзены момант бел-чырвона-белы сцяг, за які сілавікі пераследуюць грамадзян, таксама не з’яўляецца афіцыйна забароненай сімволікай.

Неўзабаве пасля гэтых зваротаў валанцёра затрымалі.

4_526.jpg

Ілля Міронаў вядомы тым, што напісаў некалькі тысяч лістоў палітвязням. Яго затрымалі 30 верасня 2021 года па крымінальнай справе, узбуджанай за каментары ў інтэрнэце пасля гібелі ў мінскай кватэры супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка і айцішніка Андрэя Зельцэра.

Суд адбыўся 24 кастрычніка. Іллю Міронава асудзілі на 1,5 года папраўчай калоніі і 200 базавых велічынь штрафу. Але, паколькі Ілля Міронаў больш за год знаходзіўся ў СІЗА, яго пастанавілі вызваліць у зале суда.

Пасля актывіста яшчэ некалькі разоў арыштоўвалі і асуджалі да «сутак». Аднак Ілля застаецца ў Беларусі і працягвае актыўна займацца грамадскай дзейнасцю.