Генадзь Коршунаў: Будзе чарговае павелічэнне колькасці ператрусаў і затрыманняў

Якія маштабы тых затрыманняў, што адбываюцца ў Беларусі? Больш цяпер затрымліваюць ці менш? Генадзь Коршунаў прапануе арыентавацца на сярэднія значэнні гэтых паказчыкаў за папярэднія месяцы.

Затрыманне падчас пратэстаў 2020 года

Затрыманне падчас пратэстаў 2020 года

Як ацэньваць маштабы «хапуноў»? Пра гэта сацыёлаг Генадзь Коршунаў разважае на старонках newbelarus.vision.

Пасля 2020 года я некалькі разоў спрабаваў паменшыць колькасць падпісак на тэлеграм-каналы. Бо ў нейкі момант іх стала занадта шмат. Таму што істотная частка кантэнту — гэта перапосты з канала на канал. Таму што цяжка пастаянна быць пад прэсам негатыву ад навін... У выніку за ўвесь гэты час я адпісаўся сумарна, можа, ад 5-6 каналаў.

Ад «В*сны» не адпісаўся, хоць у кожнай ратацыі гэты канал быў у ліку кандыдатаў «на вылет». Цяжка чытаць пра затрыманні і штрафы, арышты і суткі, прысуды і гады, катаванні і перазатрыманні. Кожны дзень, без перапынкаў — ужо каторы год. Кожны пост — як чарговы штуршок у незагойную рану. Штодзённы паток…

Але я цяпер не пра тэлеграм-каналы наогул і не пра саму «В*сну» ў прыватнасці. Я больш пра затрыманні. За апошнія некалькі тыдняў было некалькі хваляў вялікіх хапуноў. Спачатку пасля падрыву расійскага самалёта ў Мачулішчах, потым — падчас істэрыі сілавікоў з нагоды аматараў анімэ-серыяла «Родан» (у апошнім выпадку, праўда, не палітыка, але кейс паказальны сам па сабе). І цяпер, думаю, будзе чарговае павелічэнне колькасці ператрусаў і затрыманняў як адказ на нядзельныя падзеі ў Гродне, калі, па заяве ўладаў, быў забіты замежны грамадзянін-«тэрарыст» і, верагодна, быў замініраваны дом, дзе пражываюць прадстаўнікі мясцовай улады.


Каб арыентавацца ў патоку інфармацыі пра затрыманні і арышты, давайце зарыентуемся ў агульных маштабах таго, што было ў папярэднія месяцы. Для гэтага я сабраў са штомесячных справаздач «В*сны» колькасць затрыманняў па палітычных матывах за апошнія некалькі месяцаў. Даныя атрымаліся цікавыя, але на іх трэба глядзець, што называецца, «па ніжняй планцы», бо цяпер у справаздачы праваабаронцаў трапляюць далёка не ўсе выпадкі што судоў, што затрыманняў. Таму што адкрыта дзейнічаць і фіксаваць тое, што адбываецца, самі валанцёры не могуць — іх дзейнасць у Беларусі крыміналізаваная. А сваякі затрыманых-асуджаных часцяком бываюць настолькі напалоханыя, што не гатовыя паведамляць куды-небудзь інфармацыю пра затрыманні самастойна.

Такім чынам, што паказваюць даныя за апошнія 10 месяцаў (папярэднія перыяды не ўлічваў з-за статыстычных абурэнняў, выкліканых выбухным ростам затрыманняў у сувязі з пратэстамі беларусаў з нагоды пачатку вайны і канстытуцыйнага рэферэндуму ў лютым 2022 года).

Графік затрыманняў newbelarus.vision

Графік затрыманняў newbelarus.vision

Сярэдняя колькасць «палітычных» затрыманняў за мінулыя месяцы склала каля 310 чалавек у месяц, больш за 70 чалавек у тыдзень, ці амаль 10 чалавек у дзень. Гэта ў цэлым, а ў прыватнасці вылучаюцца два пікі. Першы і больш высокі — жнівеньска-восеньскі з двума галовамі ў верасні і лістападзе (413 і 487 чалавек адпаведна), другі менш выяўлены — зімовы (студзень — мінімум 350 затрыманых).

Выявіць прычыны менавіта такога размеркавання частотнасці затрыманняў досыць складана, якая-небудзь логіка тут не прасочваецца (калі ў кагосьці ёсць меркаванні з гэтай нагоды — калі ласка, падзяліцеся).

Зрэшты, ёсць адно дыскусійнае меркаванне адносна двух дзіўных супадзенняў.

Жнівеньска-восеньскі ўсплёск затрыманняў прымушае ўспомніць размовы ўладаў аб амністыі, якая чакалася менавіта восенню. Тады былі нейкія надзеі на вызваленне хаця б часткі палітычных зняволеных. Але не. Па так званай «амністыі ў сувязі з Днём народнага адзінства» ніхто з «палітычных» не выйшаў. Як мы бачым па колькасці затрыманняў, здарылася хутчэй наадварот — замест выхаду з месцаў пазбаўлення волі паток людзей туды павялічыўся.

А зімой у інфармацыйнае поле ўварваўся нясвежы наратыў пра «давайце перавернем старонку» і «прыпаўзайце, збеглыя, каяцца». Варта адзначыць, што гэты наратыў не быў галаслоўным – для яго ўвасаблення ў практыку была створаная цэлая камісія для працы з жадаючымі вярнуцца на радзіму. Аднак замест спадарожных умоў у выглядзе хоць бы зніжэння колькасці затрыманняў — зноў жа здарылася адваротнае, рост хапуноў.


Цяпер, безумоўна, мы атрымліваем некалькі іншую сітуацыю, калі новы рост затрыманняў будзе мець выразную прычыну – распараджэнне Лукашэнкі аб «вельмі жорсткай зачыстцы», якое ён аддаў 7 сакавіка. І ўзмацненне матывацыі на гэта ў сувязі з падзеямі ў Гродне. Зрэшты, ёсць і тое, што аб'ядноўвае ўсе тры кейсы: і «амністыю», і «шведскую камісію», і «вельмі жорсткую зачыстку». Гэта ўсё элементы таго, што можна назваць дзяржаўным тэрорам – шматузроўневай сістэмы рэпрэсіўных захадаў супраць нязгодных з рэжымам Лукашэнкі.

Зрэшты, давайце на гэтым пакуль спынімся і пакуль проста зафіксуем лічбу — 310 затрыманых у сярэднім за апошнія 10 месяцаў.

Пераклад НЧ