Хронікі рэпрэсій за 21 сакавіка: Вярхоўны суд не змяніў прысуды Ягору Лебядку і Дар’і Лосік
Каля 1000 беларусаў афіцыйна знаходзяцца ў вышуку за «экстрэмізм» і «тэрарызм», заявіў намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч. Што яшчэ здарылася ў Беларусі 21 сакавіка?
У Мінску пачалі судзіць журналіста Дзмітрыя Семчанку
Палітвязень Дзмiтрый Семчанка — журналіст і тэлевядоўца, які раней займаў пасаду ў частцы «прэзідэнцкага пула» тэлеканала АНТ.
15 верасня Семчанку затрымалі разам з ягонай жонкай і прысудзілі яму 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Пазней стала вядома, што супраць яго распачалі крымінальную справу.
Дзмітрыя абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 130 КК (распальванне сацыяльнай варожасці ці варажнечы).
Ягоную справу пачалі сёння, 21 сакавіка, разглядаць у Мінскім гарадскім судзе. Працэс вядзе суддзя Яўген Пісарэвіч.
Яшчэ аднаго працаўніка МТЗ асудзілі па «народным» артыкуле за паслявыбарчыя пратэсты
У Мінску працягваюцца суды над удзельнікамі мітынгу і шэсця працаўнікоў МТЗ у жніўні 2020 года. Усіх іх абвінавачваюць па «народным» артыкуле — ч.1 арт. 342 КК. Чарговы прысуд вынесены Антону Сцяпанаву судом Ленінскага раёна Мінска. Справу разглядала суддзя Юлія Інчына.
У судзе Сцяпанаў сваю віну прызнаў і патлумачыў, што 14 жніўня 2020 года ўбачыў ля прахадной МТЗ групу грамадзян, якія сабраліся прыняць удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве па факце нязгоды з дзейнай уладай, якія мелі пры сабе розныя плакаты. Ён далучыўся да іх, і ўсе разам пайшлі па вуліцы Даўгабродскай у бок Кірава, а далей — на плошчу Незалежнасці.
Пазней Сцяпанава апазналі на фотаздымках, размешчаных у інтэрнэце, і затрымалі. Суд прызначыў Антону абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на два гады і шэсць месяцаў.
У Гомелі судзяць барда Аляксея Ільінчыка — арганізатара фестываляў і канцэртаў
Гомельскі абласны суд пачынае разгляд крымінальнай справы 61-гадовага барда і музыканта Аляксея Ільінчыка. Доўгі час было невядома – у чым канкрэтна абвінавачваюць гамяльчука.
Канчаткова яму прад'яўленыя абвінавачанні ў паклёпе на Лукашэнку (ч.2 арт. 367 КК), абразе Лукашэнкі (ч.1 арт. 368 КК) і распальванні іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы (ч. 1 арт 130 КК).
Справу разглядае суддзя Аляксей Хлышчанкоў. Судовы працэс над ім праходзіць у закрытым рэжыме.
Пра затрыманне Ільінчыка стала вядома 18 жніўня 2022 года пасля таго, як праўладныя тэлеграм-каналы паведамілі, што Аляксея затрымалі з-за «творчай дзейнасці ў Інтэрнэце». Яго змясцілі ў СІЗА, аднак з-за перанесенага перад гэтым інсульту Аляксею прыйшлося правесці ў бальніцы некалькі месяцаў, паколькі рэабілітацыя пасля хваробы была праблемнай і правы бок цела быў паралізаваны.
Учора прайшла аблава на адвакатаў, магчыма, шасцёра затрыманых
Не ўсе імёны затрыманых учора вядомыя. Аднак сярод іншых сілавікі затрымалі адвакатаў, якія баранілі палітвязняў Валянціна Стэфановіча і Яўгена Юшкевіча.
Праваабаронцам стала вядома, што пасля ўчорашняй аблавы на адвакатаў як мінімум двое абаронцаў так і не выйшлі на волю. Гаворка ідзе пра адваката Арцёма Сям'янава, які бараніў Валянціна Стэфановіча, Аляксандра Францкевіча, Таццяну Кузіну, Ігара Лосіка, Паўла Белавуса і шмат каго з іншых палітвязняў. Затрыманы таксама Юрый Козікаў, адваката Яўгена Юшкевіча.
Вядома, што дома ў Сям'янава і ў яго бацькоў адбыўся ператрус.
Таксама вядома, што пад «зачыстку» трапілі адвакаты Уладзімір Сташкевіч і Іван Чыжык (абараняў Віктара Бабарыку). Дзе яны цяпер — пакуль не вядома. Акрамя таго, учора былі затрыманыя і яшчэ некалькі адвакатаў, але пазней іх адпусцілі на волю.
Прысуд Дар'і Лосік пакінулі без зменаў. У хуткім часе яе этапуюць у калонію
У Брэсцкім абласным судзе 19 студзеня суддзя Мікалай Грыгаровіч агучыў прысуд Дар'і Лосік: два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Менавіта столькі і запрашвала пракурорка Кацярына Пакала.
Дар'ю абвінавацілі ў «садзейнічанні экстрэмісцкай дзейнасці» за інтэрв'ю пра мужа тэлеканалу «Белсат» вясной 2022 году. Муж Дар'і Ігар Лосік адбывае тэрмін у наваполацкай калоніі, а чатырохгадовая дачка Паўліна цяпер знаходзіцца з бабулямі і дзядулямі.
Апеляцыйную скаргу Дар'і разглядалі сёння ў Вярхоўным судзе — цуду не здарылася, скаргу пакінулі без задавальнення.
Сам жа Ігар Лосік паспрабаваў здзейсніць за кратамі суіцыд. Пра гэта стала вядома ўчора.
Верагодна, Ігар Лосік можа па-ранейшаму знаходзіцца ў штрафным ізалятары, а не ў медсанчастцы. Ігар нібыта адмовіўся «займацца прыборкай памяшкання», і яму прыгразілі, што змесцяць у ШІЗА. Палітвязень у адказ дэманстратыўна ў прысутнасці іншых асуджаных лязом парэзаў сабе руку і шыю. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, інцыдэнт адбыўся 15 сакавіка ў наваполацкай калоніі.
На заводзе ЗЛіН у Гомелі адбыліся масавыя затрыманні
Як паведамляюць СМІ, «прыехаў АМАП на "бусіках", проста на тэрыторыю заводу». Вядома пра затрыманне 14 чалавек.
Вайсковаму аналітыку, палітвязню Ягору Лебядку пакінулі прысуд без зменаў
Суддзя Алена Міснік прызначыла палітвязню 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму паводле ч. 1 і ч. 2 арт. 361-4 КК (Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці).
Згодна з матэрыяламі справы, Лебядок «у мэтах забеспячэння дзейнасці публічнага дэструктыўнага канала, інфармацыйную прадукцыя якога суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі, даў інтэрв'ю прадстаўніку названага канала на тэму правядзення ўзброенымі сіламі РФ спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыі Украіны і ролі ў ёй Беларусі».
Апеляцыйную скаргу Ягора разглядалі сёння ў Вярхоўным судзе — традыцыйна, скарга пакінутая без задавальнення.
Вясковец з інваліднасцю не можа абскардзіць рашэнне суда
Жыхар вёскі Дзявяткі Кобрынскага раёна Аляксандр Краўчук, які мае інваліднасць 2 групы, не можа абскардзіць рашэнне Кобрынскага суда ад 25 красавіка 2022 года па грамадзянскай справе аб кампенсацыі маральнай і маёмаснай шкоды, якое пазней было пакінутае без зменаў апеляцыйнай інстанцыяй.
Пракурор Віктар Клімаў не пагадзіўся разглядаць скаргу без аплаты дзяржаўнай пошліны ў прыкладна 400 рублёў — у той час, як мужчына прасіў пракурора вызваліць яго ад яе па прычыне адсутнасці грошай. Аляксандр атрымлівае пенсіі крыху больш за 500 рублёў на дваіх з непаўнагадовай дачкой, таму не ў стане аплаціць дзяржпошліну.
Адзначым, што перад гэтым на прыёме ў пракурора вобласці Краўчук сказаў, што дзяржава закупляе людзям з інваліднасцю няякасныя рэчы — як прыклад, ягоны пратэз, які выклікае боль пры пастаянным нашэнні.
Аляксандр вырашыў звярнуцца з заявамі ў Генеральную пракуратуру Рэспублікі Беларусь і Адміністрацыю Лукашэнкі.
70-гадовага пенсіянера-«тэрарыста» Васіля Дземідовіча будуць судзіць у трэці раз
У судзе Драгічынскага раёну 23 сакавіка пачнуць разглядаць справу палітзняволенага пенсіянера Васіля Дземідовіча. Яму інкрымінуюць арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады). Працэс будзе весці суддзя Лявонцій Станкевіч.
Раней Дземідовіча асудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі, абвінаваціўшы яго ў абразах прадстаўніка ўлады, суддзі, Аляксандра Лукашэнкі і арганізацыі масавых беспарадках. Пазней Васілю дадалі яшчэ паўгода зняволення па новай справе — гэтым разам яго абвінавацілі паводле арт. 369 Крымінальнага кодэкса (абраза прадстаўніка ўлады).
У канцы чэрвеня КДБ унёс Васіля ў «тэрарыстычны спіс» — цяпер ён самы пажылы беларус-«тэрарыст». Праз гэта яму нельга рабіць грашовыя пераводы, а падтрымліваць Васіля няма каму.
Затрыманы ўладальнік гродзенскай кватэры, у якой «ліквідавалі тэрарыста». Таксама затрымалі і яго бацькоў
Уладальнік кватэры па вул. Курчатава, 5 Аляксандр Касцевіч затрыманы КДБ, піша гродзенскае выданне hr*dna.life. На канале СТВ адзначылі, што ён прыцягваўся за ўдзел у акцыях пратэсту яшчэ ў 2010 годзе. Таксама затрыманыя ягоныя бацькі.
Да арэндадаўцы «больш за ўсё пытанняў», паведаміў вядоўца навін. Таксама на відэа паказалі ягоную маці Алену Касцевіч, якая паведаміла, што не ведала, каму сын здаў кватэру.
Па справе дапыталі 14 чалавек, якія нібыта размаўлялі з «тэрарыстам».