У ролі «тэрарыста», які загінуў, быў супрацоўнік КДБ?

B*POL заявіў, што ніякага тэрарыста не існавала.

Кадр з відэа дзяржаўнага тэлеканала з сюжэта пра "ліквідацыю" тэрарыста

Кадр з відэа дзяржаўнага тэлеканала з сюжэта пра "ліквідацыю" тэрарыста

КДБ сцвярджае, што тэракт у Гродна хацеў учыніць тэрарыст з падробленым расійскім пашпартам. Дзяржаўныя СМІ апублікавалі нават відэа нібыта захопу кватэры, дзе ён быў і, паводле КДБ, бараніўся пры дапамозе зброі. Лукашэнка назваў аперацыю бліскучай.

У інтэрв’ю «Св*бодзе» экс-супрацоўнік спецпадраздзялення МУС «Алмаз» Ігар Макар паставіў пад сумнеў сапраўднасць гэтага відэа. Ён перакананы, што КДБ апублікаваў пастаноўку.

«Нават калі паглядзець відэа непрафесійным вокам, то бачна, што там працуе баявая група. Там выбухае «чэшка», гэта не баявая граната, ані абарончая, ані наступальная. Далей мы бачым, што ў кватэры парадак, падлога паркетная, а далей выбух на кухні — і там звычайная падлога, якая выкарыстоўвалася ў старых дамах. Група затрымання стаіць каля дзвярэй, яны глядзяць у тэлескоп, і выбухае граната. Але граната падрываецца каля ўваходных дзвярэй. А пасля паказваюць, што граната выбухнула ў кухні. Атрымліваецца, што чалавек кінуў сам пад сябе гранату. З уласнага досведу скажу, што калі мы ехалі на затрыманне небяспечнага злачынцы, група была ўся, а не 2–3 асобы, з вялікімі шчытамі. На відэа мы бачым кароткі шчыт, гэта парушэнне інструкцый. І група затрымання была няпоўная», — кажа Ігар Макар.


Зрэшты, Аляксандр Азараў наконт відэа дзяржаўнай тэлевізіі пра «тэрарыста» адзначыў, што відэа падобнае на пастаноўка, а ў вочы адразу кідаецца, што ў чалавека дзіўны парык. «Калі гэта шпіён, ён не будзе так апранацца. Падобна на пастаноўку», — адзначыў кіраўнік B*POL. «Ніякай інфармацыі пра тое, што на самой справе КДБ праводзіў нейкія мерапрыемствы і страляў там па людзях, у нас няма. Калі такое адбываецца, пра гэта ведае ўся міліцыя і наогул па трывозе падымаюцца людзі. Але нічога такога не было, і ў МУС ніхто не чуў нічога на гэты конт», — адзначыў Азараў.

Пазней B*POL адзначыў: ніякага тэрарыста не існавала. А гранату, пра якую так крычалі прапагандысты, кінуў і «загінуў» падчас «штурму» фактычна акцёр — супрацоўнік КДБ. У ролі «чалавека з гранатай» супрацоўнік камітэта Аляксей Захараў, які праходзіць службу ў аператыўна-пошукавым аддзеле УКДБ па Віцебскай вобласці (вонкавага назірання). Сама ж пастаноўка, паводле інфармацыі B*POL, была праведзеная напярэдадні Дня Волі 25 сакавіка для застрашвання беларусаў.

Нагадаем, на дзяржаўным тэлебачанні 21 сакавіка паказалі відэа, дзе адбывалася, нібыта, спецаперацыя, падчас якой затрымлівалі чалавека, які «планаваў тэракт». Гэты чалавека меў фальшывы расійскі пашпарт, дзе быў пазначаны 1981 год нараджэння. Быццам бы пры затрыманні мужчына пачаў страляць з аўтамата Калашнікава і кінуў гранату, сілавікі таксама пачалі страляць, мужчыну паранілі, па дарозе ў шпіталь ён памёр.