Лукашэнка пахваліўся «бліскучай» ліквідацыяй замежніка ў Гродне. Забіты быў грамадзянінам ЕС?
21 сакавіка Лукашэнка сабраў чарговую нараду з сілавым блокам, падчас якой пракаментаваў нядзельны інцыдэнт у Гродне.
«Спецслужбы спрацавалі бліскуча. Канфіскаваны цэлы
арсенал зброі і выбухоўкі, які прызначаўся для гучных тэрактаў у дачыненні да
грамадзян і службовых асоб дзяржаўных органаў. Таму малайцы нашы хлопцы. Пры
такой вострай сітуацыі, калі з боку тэрарыстаў ужываліся гранаты і зброя, не
загінуў ні адзін супрацоўнік групы «Альфа». Добрая аперацыя, добрая
праца», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.
Дарэчы, галоўны лукашэнкаўскі тэлеграм-канал паведаміў пра «затрыманне тэрарыста ў Гродне», хаця раней КДБ адсправаздачыўся пра «ліквідацыю замежнага грамадзяніна». Што таксама звяртае на сябе ўвагу, нацыянальную прыналежнасць ці тое забітага, ці тое затрыманага ні Лукашэнка, ні яго прапагандысты дагэтуль не назвалі.
Між тым «Н*ша Ніва» не выключае, што забітым/затрыманым у Гродне мог быць грамадзянін адной з краін ЕС.
Выданне акцэнтуе ўвагу на панядзелкавай сустрэчы Лукашэнкі са старэйшым сынам Віктарам.
«Калі ён на наступны дзень выклікаў да сябе сына, які з'яўляецца кіраўніком міжведамаснай Рады спецыяльных падраздзяленняў, то гэта, як па мне, сведчыць пра яго жаданне атрымаць аб'ектыўную інфармацыю і ацэнку дзеянняў альфаўцаў не толькі са слоў Церцеля», — сказаў «НН» адзін з суразмоўцаў з вялікім досведам работы ў сілавым блоку.
Віктар Лукашэнка доўгі час быў памочнікам бацькі па
нацыянальнай бяспецы. З гэтай пасады ён сышоў у лютым 2021-га.
«Стала кантактую з альфаўцамі, вырашаю з імі актуальныя
задачы на сустрэчах міжведамаснай Рады спецыяльных падраздзяленняў», — казаў
Віктар Лукашэнка ў адным з рэдкіх інтэрв'ю да 30-годдзя «Альфы».
У прапагандысцкіх медыя ўчорашняя сустрэча была пададзена як размова Лукашэнкі-старэйшага са старшынёй Нацыянальнага алімпійскага камітэта.
Паднятыя пытанні выглядаюць шараговымі: «узаемадзенне
грамадскіх арганізацый з НАК» і падобнае.
Гэта сапраўды дазваляе лічыць, што тэмай сустрэчы былі
нейкія іншыя пытанні.
Што, напрыклад?
Па неправеранай інфармацыі, якую выданне атрымала з
адной крыніцы, у Гродне «Альфа» забіла грамадзяніна адной з дзяржаў Еўрасаюза.
Дыпламат гэтай краіны атрымаў запыт журналістаў аб
імаверным факце гібелі іх грамадзяніна, але, прачытаўшы, пакінуў яго без
адказу.
Інфармацыя, што гэты грамадзянін нібыта адбіваўся ад КДБ
гранатамі, суразмоўцамі ставіцца пад сумнеў.
Таксама вядома, што яшчэ ў нядзелю спецыялістаў па
выбуховай справе, а таксама аператыўнікаў шэрагу спецыяльных ведамстваў
выклікалі ў Гродна з выходных і нават бальнічных.
Таксама нічога невядома пра страты з боку КДБ.
Нагадаем, 19 сакавіка тэлеграм-каналы паведамілі пра гукі выбухаў і стральбы ў адным са шматкватэрных дамоў у Гродне.
«У Гродне на вуліцы Курчатава і Урублеўскага нейкі час таму былі выбухі ці стрэлы. Цяпер ля падʼезда дома міліцыянеры, якія загрузілі ў машыну чалавека», — так апісаў сітуацыю падпісчык «Маёй кр*іны Беларусі», які даслаў відэа некалькі гадзін таму.
Тэлеграм-канал @Grodno_grab пазней удакладніў, што па адрасе Курчатава, 5 з «выбухамі і стрэламі» адбываюцца затрыманні. Заўважаны каля 10 супрацоўнікаў міліцыі і бусік.
Пазней БелТА паведаміла пра забойства замежнага грамадзяніна супрацоўнікамі КДБ. Паводле агенцтва, той аказаў супраціў.
Затым стала вядома, што да службовага дома Уладзіміра Караніка ў Гродне на вуліцы Свярдлова прыехала міліцыя, служба размініравання з сабакамі. Па гэтым можна меркаваць аб «мініраванні» дома чыноўніка.