Кіраўнік B*POL пра гродненскага «тэрарыста»: Дзіўны парык у чалавека, падобна на пастаноўку
«Знялі фільм, пастралялі, разграмілі кватэру». Так кіраўнік B*POL Аляксандр Азараў пракаментаваў «Е*рарадыё» дзіўнае «забойства тэрарыста» ў Гродне, пра якое заявіў КДБ Беларусі.
Экс-сілавік звярнуў увагу, што «тэрарыст», якога
паказалі па дзяржаўным тэлебачанні, даволі незвычайны. Напрыклад, у яго на
галаве парык, па якім адразу бачна, што гэта парык:
— На першы погляд, дадобна на фэйк. Ніякай
інфармацыі пра тое, што на самой справе КДБ праводзіў нейкія мерапрыемствы і
страляў там па людзях, у нас няма. Калі такое адбываецца, пра гэта ведае ўся
міліцыя і наогул па трывозе падымаюцца людзі. Але нічога такога не было, і ў
МУС ніхто не чуў нічога на гэты конт.
— Здымалі фільм?
— Магчыма. Бо міліцыя заўсёды задзейнічаная
ў такіх выпадках. Напрыклад, калі ўзяць участковых інспектараў міліцыі, яны, калі
нешта здараецца, ходзяць па ўсіх дамах навокал, пад’ездах, кватэрах і апытваюць
людзей — што адбылося? Але такой інфармацыі няма, ніхто нічога не распавядае.
— Вось вы глядзелі на гэтага чалавека, якога
сілавікі называюць тэрарыстам? Наколькі ён рэальны?
— Дзіўны парык у чалавека. Калі гэта шпіён, ён не будзе так апранацца. Падобна на пастаноўку.
— Інфармацыю падаюць так, што гэты нібы тэрарыст, якога «беглыя» экстрэмісты пераправілі з Польшчы, — гэта абвінавачванне ў бок B*POL?
— Я не ведаю ў Польшчы ні экстрэмістаў, ні
тэрарыстаў. Нам кажуць, што гэта замежны грамадзянін з падробленым расійскім
пашпартам. Бо калі, напрыклад, сказаць, што гэта беларус і назваць яго
дадзеныя, то адразу ўсе знойдуць яго сваякоў і знаёмых. Пачнуцца роспыты, што
за чалавек і куды падзеўся. Тады адразу гэты фэйк будзе развеяны. А іншаземец —
дык іншаземец. Ніхто не знойдзе. Дадзеных яго нам не даюць — нібы называюць
прозвішча, але і яно несапраўднае.
Скажу, што ніякія іншаземцы ў беларускіх арганізацыях, якія
займаюцца супрацівам, не працуюць. Толькі беларусы змагаюцца з рэжымам у
беларускіх арганізацыях. Дзіўна чуць пра нейкіх іншаземцаў.
— Як лічыце, навошта рэжыму патрэбны такі фільм?
— Я думаю, што гэта адказ на акцыю з
самалётам у Мачулішчах, дзе яны [прадстаўнікі рэжыму] пацярпелі паразу. Каб выправіць сітуацыю, беларусам па беларускім тэлебачанні і
паказваюць такія сюжэты, маўляў, мы ўсё ж такі не такія слабыя, як вы думаеце,
мы можам затрымліваць тэрарыстаў і яшчэ паказваць такія сілавыя затрыманні з
ужываннем зброі і гранат. Яны хочуць рэабілітавацца перад беларускім
грамадствам.
— Тое, што ў гэты дзень у Гродне стаялі нейкія
блокпасты, а ў людзей правяралі дакументы — працяг гэтага шоў?
— Канешне, проста трэба паказаць, што нібы
нешта адбываецца. Шоў яны любяць і ўмеюць добра рабіць.