«Да 2020 года ніхто з нас не ведаў, што такое экстрэмізм»

Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» ў чарговы раз разважае пра асаблівасці беларускай стабільнасці і пра тое, што чыноўнікі ішлі ў вертыкаль улады не дзеля вогненнага ўзнясення ў Вальхалу.

_belarus_zbroja_vojska_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__4__logo.jpg

Усё ж такі нявызнаныя шляхі экстрэмізму самарадыкалізаваных грамадзян. Вось у Мачулішчах наогул нічога не здарылася, але самалёт паляцеў і не абяцаў вярнуцца. А ў Гродне здарылася адразу ўсё: і зброевы арсенал, і заканспіраваныя ячэйкі, і тэрарысты, якія хацелі падарваць літаральна палову горада. Але так нічога і не ўзарвалі.

Пры гэтым тое, што не здарылася ў Мачулішчах, у тэлевізары заўважылі толькі на чацвёрты дзень, калі самалёт, які наогул не пацярпеў, ужо рыхтаваўся ляцець. А тое, што здарылася ў Гродне, тэлевізар убачыў адразу і ў дзіўных падрабязнасцях. Хаця калі палічыць аб'ектыўна, дык тое, чаго не здарылася ў Мачулішчах, значна больш маштабнае, чым усё, што здарылася ў Гродне.

Але што там насамрэч здарылася, я тут з табой абмяркоўваць не буду. Я занадта слаба разбіраюся ў сучасных канспірацыях і сакрэтных аперацыях, каб мець з гэтай нагоды асабістае меркаванне. Але ў адным я ўпэўнены. Вось калі ўлады хацелі паказаць, што стабільнасць у іх пад надзейнай абаронай, то атрымалася трошкі наадварот. Яны, можа, і самі б гэта ўцямілі, калі б не выкід эндарфінаў органамі ўнутранай бяспекі з нагоды бліскуча праведзенай аперацыі.

Па-першае, пасля таго, як у Мачулішчах ні адзін самалёт не пацярпеў, выпадак у Гродне ўжо цягне на некаторую заканамернасць. А заканамернасць — гэта такая штука, якая можа ўвайсці ў звычку. Малпачка бачыць — малпачка робіць.

Па-другое, у доўгі спіс аб'ектаў, якія падлягалі знішчэнню пяццю кілаграмамі выбухоўкі, былі афіцыйна ўнесены кіраўнікі мясцовай вертыкалі ўлады. Выбухоўку, вядома, знайшлі і абясшкодзілі. Гэта значыць, пільнасць аказалася на вышыні. Але неяк гэтая выбухоўка ў Гродна трапіла.

І кожны не пазбаўлены ўяўлення кіраўнік мясцовай вертыкалі ўлады, напэўна, задумаўся пра тое, што іншая, неабясшкоджаная дагэтуль выбухоўка магла трапіць куды-небудзь яшчэ. А людзі ж ішлі ў вертыкаль улады не дзеля вогненнага ўзнясення ў Вальхалу, а за больш прагматычнымі жыццёвымі каштоўнасцямі.

Вядома, пасля выпадку ў Гродне цяпер яшчэ больш экстрэмістаў арыштаваць можна будзе. Галоўнае — праявіць фантазію і не спыняцца на гаспадарах, якія здалі нядобраму чалавеку кватэру. Яму ж і кефір з батонам хто-небудзь, напэўна, прадаваў, тым самым аказаўшы матэрыяльна-тэхнічную падтрымку ў супрацьпраўнай дзейнасці.

Толькі не вартыя таго беларускія экстрэмісты, каб дзеля іх уласнаручна хістаць уласную ж стабільнасць. Барацьба з унутраным экстрэмізмам дасягнула такіх маштабаў, калі да яе цяжка ўжо дадаць што-небудзь прынцыпова новае.

Вунь учора намеснік міністра ўнутраных спраў паскардзіўся, што да 2020 года яны наогул не ведалі, што такое экстрэмізм, а адзінымі экстрэмістамі ў іх былі спартыўныя фанаты. А ў 2020 годзе здарыўся прыступ глабальнага экстрэмізму ў маштабах усёй краіны.

Дык я хачу табе сказаць, што да 2020 года ніхто з нас не ведаў, што такое экстрэмізм. Таму што масавы беларускі экстрэмізм — гэта цалкам унікальная прыродна-гістарычная з'ява.

P.S. А першымі экстрэмістамі былі, вядома, сокалы, якія скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.