Аляксандр Класкоўскі: Выратаванне для сябе ўлады бачаць толькі ў эскалацыі гвалту
«Ліквідацыя тэрарыста» ў Гродна стала самай рэзананснай тэмай для Лукашэнкі і для грамадства. Палітычны аглядальнік у тэлеграм-канале «Позірк» разважае, навошта ўлады псуюць сваю ж стабільнасць. А вінаватая ва ўсім траўма 2020 года, ад якой улады, падаецца, церпяць больш, чым грамадства.
Лукашэнка — вялікі майстар гіпербалы. Нахвальваючы спецслужбы за ўдалую аперацыю, ён паведаміў, што «канфіскаваны цэлы арсенал зброі і выбухоўкі», «з боку тэрарыстаў ужываліся гранаты і стралковая зброя (аўтаматычная)». Проста галівудскі баявік.
Што ж здарылася на вуліцы Курчатава?
Заўважце: як бы няўзнак пры абмалёўцы ворага ў вуснах правадыра рэжыму паўстаў множны лік, хоць па версіі КДБ у доме па вуліцы Курчатава ў Гродна бралі аднаго — «замежнага грамадзяніна Л.». Пры гэтым, як паведамілі дзяржСМІ, «у здымнай кватэры тэрарыста знойдзены аўтамат Калашнікава, патроны да яго і яшчэ адна граната Ф-1». «Калаш» і «лімонка» — рэчы сур'ёзныя, але на цэлы арсенал усё ж не цягнуць.
Аднак кіраўніку выгадна нагнятаць атмасферу, адлюстроўваць краіну аб'ектам жахлівых інтрыг шматлікіх ворагаў. Тым самым падводзіцца дадатковая база пад «жорсткую зачыстку», пра якую Лукашэнка абвясціў яшчэ ў сувязі з лютаўскай атакай на звышкаштоўны расійскі самалёт А-50 на аэрадроме Мачулішчы.
Што насамрэч здарылася ў Гродна, судзіць цяжка. Крытычна настроеная публіка ў сацыяльных сетках падазрае інсцэніроўку або, ва ўсякім выпадку, вельмі скажоную трактоўку таго, што адбылося. Пра магчымую правакацыю кажа былы супрацоўнік Генпракуратуры Беларусі Алег Талерчык. Свае сумневы выказаў і лідар апазіцыйнай арганізацыі былых сілавікоў ByPol Аляксандр Азараў. У прыватнасці, звярнуў увагу на ненатуральнасць аператыўнай здымкі, дзіўны парык «тэрарыста».
У беларускага рэжыму, яго сілавікоў у плане праўдзівасці вельмі падмочаная рэпутацыя. Далёка хадзіць за прыкладам не трэба: пасля інцыдэнту ў Мачулішчах улады і прапаганда спачатку хлусілі, што там нічога не было. Дзе гарантыя, што няма той ці іншай дозы хлусні і ў заявах на тэму гарадзенскай перастрэлкі?
Навошта праціўнікам Лукашэнкі падрываць вакзал?
Паводле версіі дзяржТБ, на «гарадзенскага тэрарыста» выйшлі пасля таго, як у лютым КДБ атрымаў «звесткі аб намерах збеглых экстрэмістаў пераправіць з Польшчы ў Беларусь аднаго са сваіх прыхільнікаў».
Пра план «Перамога», стварэнне ў яго рамках сеткі сваіх людзей у Беларусі і гатоўнасць дзейнічаць пры неабходнасці зусім не аксамітнымі метадамі апазіцыянер Азараў, які знаходзіцца ў Польшчы, кажа адкрыта. Таму можна дапусціць, што спецслужбы Лукашэнкі і сапраўды выйшлі на аднаго з такіх людзей.
Але нават пры такім дапушчэнні ў гэтай гісторыі шмат пытанняў.
Вось нядаўна Лукашэнка, раздаючы ўзнагароды генералам, хваліў памежніка, які не прапусціў, нібыта, у Беларусь таго «ўкраінскага агента», які потым нібыта атакаваў дронамі самалёт у Мачулішчах (зламысніку, маўляў, давялося ў выніку прабірацца праз латвійска-расійскую мяжу). А тут атрымліваецца, што пры ўсіх загаворах пра мяжу на замку празявалі пранікненне з Польшчы ў Гродна «тэрарыста» з фальшывым расійскім пашпартам на імя Аляксея Ламакіна (гэта і ёсць той «грамадзянін Л.»).
Далей, Лукашэнка кажа пра «ліквідаванага», што ўсе «жаданні яго і планы», маўляў, «задакументаваныя». Дапытаць памерлага ад ран па дарозе да лекараў відавочна не маглі. Таксама цяжка сабе ўявіць, што вышкалены дыверсант запісваў свае намеры на паперы або ў любой іншай форме, адкрытым тэкстам распавядаў пра іх па тэлефоне, у мэсэнджарах і да таго падобнае. Як жа тады гэта задакументавалі?
А самі планы, паводле версіі, якая прагучала па дзяржТБ, складаліся ў тым, каб здзейсніць тэракты ў такіх месцах, як «будынак КДБ па Гродзенскай вобласці і УУС Гродзенскага аблвыканкама, месца жыхарства сілавікоў, чыгуначны вакзал, прамысловыя аб'екты». Пры гэтым у зламысніка «быў доступ да пяці кілаграмаў выбухоўкі».
Бянтэжыць, па-першае, размах намераў. Адзін чалавек рэальна хацеў падарваць палову Гродна? Няўжо не разумеў, што пасля першай жа дыверсіі сілавікі будуць на вушах і абкладуць яго як ваўка на паляванні?
Па-другое, выклікае пытанні сам пералік аб'ектаў. Вось у Мачулішчах быў выведзены са строю расійскі вайсковы самалёт, які наводзіў ракетныя ўдары па Украіне. Там логіка акцыі цалкам зразумелая — нанесці шкоду агрэсару.
Але навошта ўдзельнікам плана «Перамога», меркаваным беларускім партызанам або падпольшчыкам, пра якіх кажа Азараў, падрываць вакзалы, заводы і фабрыкі? Лепшага спосабу дыскрэдытаваць ідэю сілавой змены рэжыму ў вачах масы беларусаў не прыдумаеш.
Пад ударам — нязгодныя з рэжымам
Пакуль відавочна адно: улады выкарыстоўваюць падобныя гісторыі, тлумачачы іх у зручным для сябе ключы, каб дэманізаваць сваіх палітычных ворагаў і ўзмацніць тэрор супраць усіх, каго падазраюць у нелаяльнасці.
Намеснік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч 21 сакавіка пацвердзіў па тэлебачанні, што «па ўсёй краіне праходзіць сістэмнае мерапрыемства, якое, я не буду саромецца ў выразах, можна назваць зачысткай». Мэта — «глыбока заканспіраваныя ячэйкі і экстрэмісты, тэрарысты і радыкалы». Пры гэтым «мы ніколі не памыляемся, мы прыходзім да тых людзей, якія гуляюць у падпольшчыкаў...»
Цяпер, мяркуючы па паведамленнях праваабаронцаў, незалежных СМІ, па краіне ідзе страшны хапун. Касой рэпрэсій размахваюць з усёй маладзецкай удаллю. Прыходзяць да ўладальнікаў дронаў, страйкбалістаў, рэканструктараў, аматараў ролевых гульняў, пашукавікоў, чамусьці трапілі пад раздачу псіхолагі і псіхатэрапеўты... А што, лес сякуць — трэскі ляцяць, як гаварыў Сталін. Хай баяцца ўсе.
Асаблівая ж «увага» — тым, хто пратэставаў у 2020-м, адседзеў за палітыку, нейкім іншым чынам выклікаў падазрэнне ў нелаяльнасці, гэта значыць занесеным у чорныя спісы за палітычную актыўнасць, іншадумства. Той жа намеснік міністра Казакевіч выстаўляе ўдзельнікаў пратэстаў 2020 года носьбітамі фашысцкай ідэалогіі, хоць людзі проста хацелі сумленных выбараў.
Аб маштабах «зачысткі» можна ў нейкай меры судзіць па паведамленні МУС, што толькі за адзін дзень 9 сакавіка супрацоўнікі ГУБАЗіК «адпрацавалі больш за 60 асоб», «21 чалавек прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці і пяць — да крымінальнай».
Рэпрэсіі сталі спосабам існавання сістэмы
Пасля разгрому пратэстаў 2020 года некаторыя каментатары меркавалі, што з часам выканаўцы рэпрэсій стомяцца і гэта вар'яцтва ўляжацца. Але дзе там. Сілавікі, падобна, толькі ўвайшлі ў смак. За новых «выкрытых ворагаў» даюцца ўзнагароды, зорачкі на пагоны, кватэры і іншыя выгоды. І наогул сітуацыя беспакаранасці разбэшчвае, расчалавечвае.
Да таго ж і правадыр пастаянна нагадвае, што расслабляцца нельга, ворагі не дрэмлюць.
Цяпер ён напэўна ўжо трымае ў галаве выбарчыя кампаніі 2024 і 2025 гадоў. Так, электаральны механізм даўно зламаны, знявечаны, але ўсё ж страх перад магчымай палітызацыяй мас застаецца. Дадайце да гэтага страх, што Крэмль прайграе вайну ва Украіне і не зможа надалей так моцна падтрымліваць мінскага хаўрусніка.
Выратаванне для сябе (вось толькі на які тэрмін?) улады бачаць толькі ў эскалацыі гвалту — каб тая частка грамадства, якая марыць пра іншую Беларусь, не вырашалася падняць галаву.