У ААН зрабілі даклад аб злачынствах Мінска. Што чакае Лукашэнку?
Упраўленне Вярхоўнага камісара па правах чалавека ААН канстатуе ў Беларусі «непрымальную карціну беспакаранасці» і знішчэння грамадзянскай супольнасці і асноўных свабод. Сярод выяўленых выпадкаў — катаванні, адвольнае пазбаўленне волі і незаконнае пазбаўленне жыцця.
У Беларусі назіраецца «непрымальная карціна беспакаранасці і практычна поўнага знішчэння прасторы дзейнасці грамадзянскай супольнасці і асноўных свабод». У краіне шырока распаўсюджаны сістэматычныя парушэнні міжнароднага права ў галіне правоў чалавека, у тым ліку незаконнае пазбаўленне жыцця і выпадкі адвольнага пазбаўлення волі, катаванняў і жорсткага абыходжання, сексуальнага і гендарна абумоўленага гвалту, парушэння правоў на свабоду выказвання меркаванняў, мірных сходаў і асацыяцый. Да такіх высноў прыйшоў Вярхоўны камісар ААН па правах чалавека, які апублікаваў даклад аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і пасля іх.
Даклад Упраўлення Вярхоўнага камісара па правах чалавека (УВКПЧ) заснаваны на апытаннях 207 пацярпелых ад дзеянняў сілавікоў і сведак, аналізе больш за 2500 доказаў. У дакуменце ўтрымліваецца заклік да дзяржаў-членаў ААН разгледзець пытанне аб прыцягненні вінаватых да адказнасці праз нацыянальныя механізмы. І забяспечыць дадатковыя меры абароны для ахвяр, сведак і іншых асоб, якія пакінулі краіну.
Юрысты патлумачылі «Нямецкай хвалі», якія наступствы для рэжыму нясуць высновы дакладу.
Даклад дапаможа завесці справу на вінаватых за мяжой
Юрыст-міжнароднік Вікторыя Фёдарава адзначае, што ўпершыню на міжнародным узроўні тое, што адбылося ў Беларусі, кваліфікавана не проста як парушэнні правоў чалавека, а як міжнародныя злачынствы супраць чалавечнасці.
Фёдарава звяртае ўвагу на тое, што фармулёўкі ў дакладзе досыць мяккія: «Некаторыя парушэнні могуць прыраўноўвацца да злачынстваў супраць чалавечнасці». Канчатковае рашэнне можа вынесці толькі суд — нацыянальны або міжнародны, тлумачыць юрыст. Яна лічыць важным адзначыць, што рэжым фактычна праігнараваў папярэднія заўвагі УВКПЧ: улады адмовіліся прыняць у Беларусі прадстаўнікоў ААН.
«Сам па сабе гэты даклад не пацягне стварэння міжнароднага трыбунала па Беларусі. Такія трыбуналы раней ствараліся Саветам Бяспекі ААН, пастаяннымі членамі якога з'яўляюцца сябры афіцыйнага Мінска — Расія і Кітай. Валодаючы правам вета, яны проста заблакіруюць такое рашэнне, — кажа экспертка. — Аднак даклад можа быць выкарыстаны як аўтарытэтны дакумент пры адкрыцці крымінальных спраў у іншых краінах па прынцыпе ўніверсальнай юрысдыкцыі».
Аднак гэта працэс няхуткі. Колькі будзе ісці папярэдняе следства, ніхто з дакладнасцю сказаць не можа. Пакуль беларускіх суддзяў і сілавікоў у міжнародны вышук не аб'яўлялі.
Ці будзе створаны Міжнародны трыбунал?
Юрыст-міжнароднік Кацярына Дэйкала ўказвае на тое, што даклад ААН мае стратэгічнае значэнне. «Цяпер гэта не проста заява пацярпелых або беларускіх праваабаронцаў, гэта выснова вышэйшага кампетэнтнага органа па правах чалавека ў ААН, — адзначае яна. — Даклад дае імпульс прапрацоўваць канкрэтныя складнікі злачынства. Гэта будзе важна для будучага трыбунала».
Дэйкала згодна з Вікторыяй Фёдаравай у тым, што ў выпадку з Беларуссю наўрад ці можна чакаць стварэння міжнароднага трыбунала, але яна называе іншую прычыну. «Пры ўсім болі беларускага народа маштаб таго, што здарылася, не цягне на асобны трыбунал. Для параўнання трэба паглядзець, што адбывалася ў Югаславіі і Руандзе, па якіх такі трыбунал быў створаны, — кажа экспертка. — У нашым выпадку можна разлічваць на стварэнне гібрыднага трыбунала, дзе будуць працаваць міжнародныя суддзі разам з беларускімі. І гэта дасць добры штуршок для развіцця нацыянальнай судовай сістэмы».
Але такія дзеянні магчымы толькі пасля змены ўлады, якая будзе гатова да падобнага судовага разбору.
Асобна варта разглядаць дзеянні беларускага рэжыму па падтрымцы вайны ва Украіне. Па гэтым пытанні магчыма стварэнне міжнароднага трыбунала, дзе Беларусь будзе ісці разам з Расіяй, паколькі яе тэрыторыя і інфраструктура выкарыстоўваюцца для нападу.
Як даклад ААН адаб'ецца на санкцыях?
Беларускія ўлады, апелюючы да ААН, дамагаюцца адмены забароны на пастаўкі калію на сусветны рынак: уведзеныя Захадам абмежаванні, заяўляе беларускі МЗС, падрываюць харчовую бяспеку ў свеце. У траўні 2022 года генеральны сакратар ААН прапанаваў змякчыць санкцыі па каліі, уведзеныя супраць Расіі і Беларусі ў абмен на бяспечную транспарціроўку збожжа з Украіны. Ці зменіцца яго пазіцыя пасля дакладу Вярхоўнага камісара па правах чалавека?
«Не думаю, што даклад тут паўплывае на санкцыі», — лічыць Вікторыя Фёдарава. Яна нагадала, што Камітэт ААН па эканамічных, сацыяльных і культурных правах рэкамендаваў Літве, якая забараніла транзіт беларускіх калійных угнаенняў праз сваю тэрыторыю, аднавіць іх транспарціроўку.
«Дзяржавы не заўсёды выконваюць гэтыя рэкамендацыі, — адзначае юрыстка. — Беларусь, паводле нашых ацэнак, з 67 рэкамендацый Камітэта ААН супраць катаванняў выканала толькі 3. У пытаннях санкцый большае значэнне маюць палітычныя абгрунтаванні, чым прававыя».