«Я абяцаю, што буду імкнуцца, каб Аляксандр Лукашэнка і функцыянеры паўсталі перад справядлівым і сумленным судом»

«Тэрарыст і злачынца, якога трэба судзіць на падставе міжнароднага крымінальнага права». Гэта ключавая думка пра кіраўніка Беларусі, агучаная Томашам Вілінскім, польскім адвакатам, праваабаронцам, спецыялістам па міжнародным крымінальным праве. Сёння ён быў адным з выступоўцаў на канферэнцыі ў Нюрнбергу, прысвечанай злачынствам супраць чалавечнасці, учыненым беларускім рэжымам.

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

Фота Дзмітрыя Дзмітрыева

На канферэнцыі, арганізаванай Народным антыкрызісным кіраваннем, выступалі беларускія і замежныя праваабаронцы, палітыкі, юрысты, а таксама актывісты, якія зазналі палітычны пераслед і рэпрэсіі ў Беларусі. Былі агучаныя як асабістыя гісторыі, перажытыя людзьмі, так і шматлікія зафіксаваныя праваабаронцамі злачынствы супраць чалавечнасці, здзейсненыя ў Беларусі пасля выбараў 2020 года: адвольнае зняволенне, катаванні, дэпартацыі, гвалтоўныя прымусы да ўцёкаў з краіны, захоп пасажырскага самалёта, забойствы.
Беларускія і міжнародныя эксперты разважалі пра магчымасці механізма ўніверсальнай юрысдыкцыі для прыцягнення да крымінальнай адказнасці ўсіх датычных да пералічаных злачынстваў.

«Сёння я — беларус, мы ўсе — беларусы»

Адным з найбольш эмацыйных і адметных падчас канферэнцыі было выступленне юрыста Томаша Вілінскага.
Ён прамаўляў па-польску, і гэтаму было дзве прычыны.
— Я б хацеў, каб мая прамова была адначасовым заклікам да польскіх уладаў, пракурораў і спецыяльных службаў. Менавіта таму, што ў Польшчы, у першай дзяржаве ў Еўрапейскім Саюзе, распачата крымінальная справа па факце здзяйснення злачынстваў Аляксандрам Лукашэнкам у сувязі з выбарамі ў 2020 годзе. Прэзідэнтам Міжнароднага суда ў Гаазе з’яўляецца польскі прафесар Хафманьскі, таму я хацеў бы звярнуцца таксама да Міжнароднага трыбунала ў Гаазе.
Але сёння я — беларус, мы ўсе — беларусы, усе еўрапейцы павінны быць беларусамі.
Выступоўца зазначыў, што Парламенцкая асамблея Еўрапарламента вызначыла тэрарыстычны акт як дзеянне, што здзяйсняе асоба ці група асоб, накіраванае на стварэнне атмасферы страху сярод насельніцтва.
У польскай юрыдычнай дактрыне можна знайсці розныя вызначэнні тэрарызму.
— У выпадку Беларусі мы маем дачыненне з дзяржаўным тэрарызмам, матываваным палітычным тэрарызмам, які заключаецца ў стварэнні стану страха для рэалізацыі пэўных палітычных і ідэалагічных мэтаў. Аляксандр Лукашэнка выкарыстоўвае ўвесь дзяржаўны апарат, у тым ліку спецслужбы, міліцыю і судовыя органы, для падпарадкавання апазіцыйна настроеных груп людзей.
Беларускі сатрап з 10 жніўня 2020 года да 10 кастрычніка 2021 года, з’яўляючыся функцыянерам Рэспублікі Беларусь, здзейсніў злачынства, якое заключаецца ў кіраўніцтве арганізаванай злачыннай групай, узброенай тэрарыстычнай злачыннай групоўкай, у склад якой уваходзілі функцыянеры Міністэрства ўнутраных спраў, КДБ, ГРУ, АМАП і інш. Злачынствы заключаюцца ў пазбаўленні волі, парушэнні цялеснай недатыкальнасці і прымяненні катаванняў супраць грамадзян Беларусі, Польшчы, Чэхіі, Літвы, Італіі і іншых дзяржаў.

Міжнароднае права парушалася рэгулярна

Томаш Вілінскі працягнуў пералік злачынстваў беларускага рэжыму: злачынствы, якія здзяйсняліся шляхам падрыхтоўкі нарматыўных актаў, а таксама планаў дзеяння дзяржаўных органаў улады, адміністрацыі і публічных медыя. Заклікі да прымянення гвалту і ўхваленне прымянення сілы пры прымусовым затрыманні на тэрыторыі Беларусі. Масавыя атакі супраць групы цывільных асоб, здзейсненых дзеля рэалізацыі палітыкі дзяржавы. Спробы здзяйснення забойстваў і цяжкіх пашкоджанняў здароўя пры стварэнні для пэўнай групы людзей умовы, якія пагражаюць іх біялагічнаму існаванню. Пазбаўленне працы, што мела сваёй задачай знішчэнне пэўнай групы грамадства. Пазбаўленне волі з прымяненнем гвалту, прымяненне катаванняў і асабліва жорсткае стаўленне, прымус людзей мяняць месца жыхарства ў парушэнне міжнароднага права. Пераслед па палітычных і светапоглядных матывах.
 Прымаючы да ўвагі сабраныя да цяперашняга моманту доказы, варта сказаць, што дзеянні, якія прымаліся беларускім рэжымам і кіраваліся Аляксандрам Лукашэнкам у жніўні 2020 года, спачатку прымалі форму пераследу палітычных праціўнікаў і тых, хто ім сімпатызаваў, у тым ліку журналістаў, а таксама пазбаўленнем іх свабоды з прымяненнем катаванняў і іншых формаў гвалту і пагроз.
Мы ў рамках нашага разбіральніцтва з польскім пракурорам указалі прозвішчы і індэнтыфікацыйныя даныя некаторых асоб, якія здзяйснялі злачынствы ад 9 жніўня 2020 года на тэрыторыі Беларусі. З гэтага часу рэгулярна парушалася міжнароднае крымінальнае права, у тым ліку супраць Польшчы і яе інтарэсаў. Здзейсненае можа быць кваліфікаванае як дзеянні тэрарыстычнага характару супраць пэўнай групы насельніцтва, якія прадпрымаюцца з мэтай падтрымкі палітыкі дзяржавы, праз што былі парушаныя асноўныя правы чалавека, а таксама міжнароднае і дыпламатычнае права.

«Дзяржаўныя дзеячы не вызваляюцца ад адказнасці за міжнародныя злачынствы»

Па словах юрыста, цяпер на тэрыторыі Еўрапейскага саюза беларускія спецслужбы і завербаваныя імі асобы праводзяць аператыўныя і разведвальныя дзеянні з мэтай скрадання ці ліквідацыі прадстаўнікоў апазіцыі і звязаных з імі людзей.  
 Усім вядомыя выказванні беларускіх уладаў, у якіх заклікаюць да здзяйснення злачынстваў сцупраць беларускіх апазіцыянераў альбо наўпрост кажуць, што беларускія апазіцыянеры пачнуць гінуць у ДТЗ на тэрыторыі ЕС, — падкрэсліў праваабаронца. — Беларускай судовай сістэмы не існуе. Але прынцыпы міжнароднага права, якія называюць нюрнбергскімі прынцыпамі, гавораць, што тыя, хто іх парушае, нясе адказнасць і будзе пакараны. Факт, што ўнутранае права дзяржавы не прадугледжвае адказнасці за гэтыя дзеянні, не вызваляе ад адказнасці на падставе міжнароднага права. Дзяржаўныя дзеячы не вызваляюцца ад адказнасці за міжнародныя злачынствы. Дзеянне па загадзе ўрада ці ўнутраных органаў не вызваляе ад адказнасці. Але гэта можа стаць падставай для зніжэння адказнасці, калі гэта справядліва.
Томаш Вілінскі распавёў, што абвінавачаны ў міжнародных злачынствах мае права на нейтральны і неперадузяты працэс.
Юрыст закрануў і выкліканы беларускім рэжымам міграцыйны крызіс на ўсходняй мяжы ЕС. Па словах Вілінскага, беларускія функцыянеры адчуваюць сябе абсалютна беспакаранымі і на вачах ва ўсяго свету здзяйсняюць злачынствы, якія пераследуюцца па міжнародным праве. Даходзіць да правакацый, звязаных з прымяненнем зброі ці пагрозай яе прымянення.
Як падкрэсліў Вілінскі, крымінальныя законы прымяняюцца таксама да замежнікаў у выпадках здзяйснення імі за мяжой злачынстваў, якія пераследуюцца міжнародным правам ці Міжнародным крымінальным судом (Рымскі статут). Такая прававая норма ўтрымліваецца і ў польскім заканадаўстве. Гэта дае Польшчы права праводзіць такое разбіральніцтва.
 Я хачу падкрэсліць і звярнуцца да міністраў польскага ўраду, якія палічылі, што гэта немагчыма. Ніякія палажэнні заканадаўства не забараняюць гэтага рабіць. Можна накіраваць справу ў Міжнародны трыбунал супраць дзяржавы Беларусь. А супраць асоб, якія ўзурпавалі ўладу, варта стварыць спецыяльны крымінальны трыбунал міжнароднага характару.
Я вяду некалькі крымінальных спраў, звязаных са злачынствамі, якія здзяйсняе беларускі рэжым. Адна справа тычыцца траіх польскіх студэнтаў, затрыманых у жніўні 2020-га ў Мінску. Другая справа тычыцца пагроз, а таксама заклікаў да дзеянняў тэрарыстычнага характару. У гэтым разбіральніцтве я прадстаўляю Паўла Латушку. Тыдзень таму мы скончылі складаць паведамленне аб тым, што беларускі рэжым і Аляксандр Лукашэнка выкарыстоўвае арганізаваныя злачынныя групіроўкі для здзяйснення тэрарыстычных дзеянняў, замахаў і агульнай злачыннасці на тэрыторыі Польшчы.
Я абяцаю ўсім беларусам і грамадзянам Еўропы, што я буду імкнуцца, каб Аляксандр Лукашэнка, афіцэры КДБ, АМАПа, ГРУ, міліцыі і іншых падначаленых Лукашэнку службаў, а таксама ўсе функцыянеры, якія здзяйснялі іх загады, паўсталі перад справядлівым і сумленным судом, які вызначыць іх віну і пакарае. Мы павінны скончыць з гэтым шаленствам. Беларусь не мае сямі гадоў, як Украіна, каб чакаць заканчэння расследавання перад Міжнародным крымінальным трыбуналам. Мы не дазволім Лукашэнку ці іншым звязаным з ім асобам дайсці да таго, каб пракурор прад’явіў ім абвінавачанні ў генацыдзе. Да гэтага можа прывесці наша супакаенне і дазвол Лукашэнку развіваць свой злачынны механізм. Лукашэнка — тэрарыст і злачынца, якога трэба судзіць на падставе міжнароднага крымінальнага права. А беларусы і еўрапейцы заслугоўваюць, каб Беларусь былап вольнай. Жыве Беларусь!  

Рэзалюцыя канферэнцыі

Па выніках працы канферэнцыі ў Нюрнбергу было заслухана каля 20 дакладаў. Удзельнікі прынялі дэкларацыю, у якую ўключылі наступныя пункты:
 1. Эксперты сабралі ўсе прававыя падставы, каб распачауь крымінальную справу ў рамках універсальнай юрысдыкцыі.
2. Удзельнікі канферэнцыі мяркуюць, што дзеянні Лукашэнкі звязаныя з міжнародным тэрарызмам, і яны павінны разглядацца менавіта так краінамі, якія пацярпелі ад пасадкі рэйса Ryanair.
3. Удзельнікі спасылаюцца на даклад АБСЕ ў рамках Маскоўскага механізма і стварэння міжнароднай працэдуры па разглядзе злачынстваў супраць чалавецтва. Яны заклікаюць міжнародную грамадскасць стварыць міжнародны трыбунал для разгляду злачынстваў.
4. Пасля падзей 2020 года большасць краін абвясцілі, што не разглядаюць рэжым у Беларусі легітымным, але трэба пайсці далей: настойваць на непрызнанні рэжыму Лукашэнкі і яго ўраду, паколькі ў іх адсутнічае юрыдычнае і маральнае права прадстаўляць інтарэсы беларусаў.
5. Рэзалюцыя Еўрапарламента ад 7 кастрычніка пацвярджае падыход удзельнікаў канферэнцыі і заклікае дэмакартычныя дзяржавы прыняць дадатковыя крокі для ўключэння міжнароднага механізму вырашэння крызісу ў Беларусі.