«Важна, каб працэс быў запушчаны». Франак Вячорка — пра Гаагу для Лукашэнкі
Зьмест новай справаздачы Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека сьведчыць пра прызнаньне на ўзроўні Арганізацыі прыкмет злачынстваў супраць чалавечнасьці ў Беларусі.
Такое меркаваньне выказаў старшы дарадца дэмакратычнай лідэркі Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка, паведамляе «Св*бода» са спасылкай на BPN.
«Гэта значыць, ад расьсьледаваньня і збору дадзеных можна
пераходзіць да стварэньня мэханізму прыцягненьня да адказнасьці, — сказаў ён. —
Структуры ААН могуць на гэта паўплываць, гэта можа быць зроблена праз існуючыя
міжнародныя суды, а можа б створаны новы мэханізм».
«У мінулым і пазамінулым годзе такіх доказаў і сьведчаньняў
на афіцыйным узроўні ААН не было», — падкрэсьліў палітык.
На яго думку, матэрыялы справаздачы таксама важныя ў кантэксьце
прынятага напярэдадні рашэньня Міжнароднага крымінальнага суда аб выдачы ордэру
на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна.
Вячорка дапусьціў, што падобныя дзеяньні сымбалічныя,
паколькі Расея не прызнае юрысдыкцыю гэтага суда, а Пуціна «наўрад ці могуць
арыштаваць»: «Але таго самага мы павінны дабівацца да ўсіх злачынцаў, зьвязаных
з катаваньнямі на Акрэсьціна, з масавым зьбіцьцём дэманстрантаў у 2020 годзе, і
ў дачыненьні да Лукашэнкі».
«Мы не гаворым, што гэта будзе сёньня ці заўтра. Гэта ўсё
зойме час, улічваючы ўсе асаблівасьці міжнародных інстытутаў і іх бюракратыю.
Але тут жа важна, каб быў запушчаны працэс», — дадаў ён.
Дэмсілы, паводле слоў старшага саветніка Ціханоўскай,
працуюць над стратэгіяй прыцягненьня рэжыму Лукашэнкі да адказнасьці — «каб
паглядзець, якія мэханізмы рэлевантныя і могуць быць скарыстаныя, а якія не».
Сытуцыя ўскладняецца тым, што Менск не ўступіў у шэраг
міжнародных пагадненьняў, якія прадугледжваюць магчымасьць такой адказнасьці,
рэзюмаваў Вячорка.
У Беларусі назіраецца «непрымальная карціна беспакаранасьці
і амаль поўнага зьнішчэньня грамадзянскай супольнасьці і асноўных свабод»,
гаворыцца ў апублікаванай 17 сакавіка справаздачы Вярхоўнага камісара ААН па правах
чалавека Фолькера Цюрка.
Даклад заснаваны на інтэрвію з 207 пацярпелымі ад дзеяньняў
сілавікоў і сьведкамі, аналізе больш за 2,5 тыс. доказаў, у тым ліку
фатаграфіі, відэа, мэдыцынскія і судовыя пратаколы, і ахоплівае пэрыяд з 1 мая
2020 па 31 сьнежня 2022 года. Дакумэнт зьяўляецца працягам раней апублікаванага
даклада ААН, які ахоплівае падзеі выключна жніўня 2020 года ў Беларусі.
У дакладзе зьмяшчаецца заклік да дзяржаў-членаў ААН
разгледзець пытаньне аб прыцягненьні да адказнасьці праз нацыянальныя разборы
на падставе агульнапрынятых прынцыпаў экстэрытарыяльнай і ўнівэрсальнай
юрысдыкцыі.