
Карыкатура Сяргея Ёлкіна
«Я чакаю, што МУС хутка звернецца ў Інтэрпол, а таксама
да дзяржаў-удзельніц і папросіць іх аб выкананні [ордэра на арышт]. Тады
Нямеччына будзе абавязаная арыштаваць прэзідэнта Пуціна, калі ён заедзе на
тэрыторыю Нямеччыны, і перадаць яго ў МУС», — сказаў кіраўнік Мінюста ФРГ.
Як адзначае Die Zeit, дзейнічаць у адпаведнасці з пастановай
МУС павінны ўсе краіны, якія падпарадкоўваюцца яго юрысдыкцыі.
17 сакавіка Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордэр
на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна. Яго падазраюць у незаконнай
дэпартацыі дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расію. Аналагічны ордэр на
арышт быў выдадзены ў дачыненні да ўпаўнаважанай па правах дзіцяці Марыі
Львовай-Бяловай.
У Крамлі ў адказ на пастанову МУС нагадалі, што Расія не
прызнае юрысдыкцыю суда. МЗС РФ заявіў, што ордэр «не мае ніякага значэння» для
Расіі. Сам Пуцін пастанову суда ніяк не каментаваў.
Публіцыст і гісторык Аляксандр Фрыдман у кантэксце заявы кіраўніка нямецкага Мінюста ўзгадаў, што яшчэ зусям нядаўна Пуцін быў паважаным гостем у ФРГ.
«У 2000 годзе нямецкі палітолаг Аляксандр Рар выпусціў апалогію пра Пуціна «Немец у Крамлі». Праз год гэтага «немца» з авацыямі віталі ў Бундэстагу і захапляліся яго прамовай на нямецкай мове, — напісаў Аляксандр Фрыдман у сваім тэлеграм-канале. — Праз 23 гады знік з нямецкіх тэлеэкранаў «пуцінфершэер» Рар, а Нямеччына гатовая аказаць «немцу з Крамля» асаблівую паслугу: міністр юстыцыі ФРГ Марка Бушман падкрэслівае, што ў выпадку з'яўлення на тэрыторыі Нямеччыны Пуцін будзе арыштаваны і адпраўлены ў Гаагу. Так што hezlich willkommen, Wladimir Wladimirowitsch!».