«Парэзы неглыбокія, жыцьцю нічога не пагражае». Ігара Лосіка пасьля спробы суіцыду змясьцілі ў ШІЗА?
20 сакавіка праваабаронцы паведамілі, што Ігар Лосік зрабіў спробу самагубства, знаходзячыся ў штрафным ізалятары, пасьля чаго яго накіравалі ў мэдсанчастку. Што з ім зараз, высьветліла «Св*бода».
Палітзьняволены журналіст Ігар Лосік можа зараз
знаходзіцца ў ШІЗА, а не ў мэдсанчастцы, як 20 сакавіка паведамілі
праваабаронцы. Як стала вядома, нейкі час таму Ігар нібыта
адмовіўся «займацца прыбіраньнем памяшканьня», і яму прыгразілі, што зьмесьцяць
у ШІЗА. Лосік у адказ дэманстратыўна ў прысутнасьці іншых асуджаных лязом
парэзаў сабе руку і шыю.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, інцыдэнт адбыўся 15 сакавіка
ў Наваполацкай калёніі № 1 узмоцненага рэжыму, дзе Ігар Лосік адбывае
15-гадовае пакараньне.
«Гэта цалкам рэальная сытуацыя, — пракамэнтаваў былы
палітвязень і журналіст Алег Грузьдзіловіч. — Калі вязьня ставяць на
прыбіраньне памяшканьняў, то гэта выклікае менавіта такую рэакцыю. Вязьні
пастаянна прыбіраюць свае памяшканьні. Але калі іх змушаюць прыбіраць нешта
іншае, найчасьцей прыбіральні, то гэта аўтаматычна азначае так званы "нізкі
статус". Таму яны адмаўляюцца гэта рабіць, трапляюць у ШІЗА, могуць сябе
пашкодзіць наўмысна. Гэта рэгулярна здараецца ня толькі з "палітычнымі", але і
з крымінальнікамі».
Праваабаронцы паведамлялі,
што Ігар пашкодзіў сябе, ужо быўшы ў ШІЗА, дзе доўгі час трымаў галадоўку.
Іншай крыніцы такой інфармацыі няма. Як стала вядома, адвакат апошні раз
бачыў Ігара ў сярэдзіне лютага. Сустрэча, прызначаная на сакавік, не адбылася.
Абаронцу, які прыехаў да Ігара ў калёнію, паведамілі, што той не напісаў
своечасова заяву на сустрэчу са сваім адвакатам.
Паводле вэрсіі адміністрацыі калёніі, якая стала вядомая,
на шыі Ігара Лосіка цяпер невялікая драпіна, рука таксама пашкоджана нязначна,
яе перавязалі. У адміністрацыі таксама настойваюць, што «жыцьцю і здароўю
зьняволенага нічога не пагражае», а Ігар Лосік цяпер знаходзіцца не ў
мэдсанчастцы, а ў ШІЗА.
На які тэрмін Ігара Лосіка зьмясьцілі ў штрафны ізалятар,
невядома. У ШІЗА зьняволеным забаронена пісаць лісты, таму да вяртаньня Ігара
ён ня зможа напісаць бацькам.
У канцы сакавіка ў Ігара Лосіка павінна адбыцца
доўгатэрміновае спатканьне зь імі працягласьцю ў суткі (звычайным зьняволеным
спатканьне даюць на двое сутак, палітычным — удвая карацей). Да таго ж бацькі
зьбіралі вялікую перадачу з харчам і асабістымі рэчамі вагой да 50 кг. Цяпер
доўгатэрміновае спатканьне Ігара Лосіка з бацькамі могуць адмяніць.
21 сакавіка споўнілася роўна 1000 дзён, як Ігар за кратамі.
У гэты ж дзень Вярхоўны суд Беларусі адмовіўся задаволіць апэляцыйную скаргу
жонкі Ігара Дар’і Лосік, яе двухгадовы прысуд пакінулі бязь зьменаў.