Даследаванне: беларусы стаміліся ад рэпрэсій і хочуць спакою

Разам з запытам на спакой, як паказвае даследаванне «Беларускага трэкера перамен», расце і давер да ўладаў.

Беларускае грамадства хоча спакою. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Беларускае грамадства хоча спакою. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Рэжым Лукашэнкі актывізуе міжнародную дзейнасць і імкнецца да «герметызацыі палітычнай сістэмы», а ў грамадстве назіраецца антываенны кансэнсус і «запыт на спакой». Да такіх высноў прыходзяць аўтары чацвёртага выпуску аналітычнага дакладу «Беларускі трэкер перамен», які ахоплівае падзеі са снежня 2022-га па люты 2023-га. Анлайн-прэзентацыя даследавання адбылася ў аўторак, 21 сакавіка.

Ці сталі беларусы больш давяраць уладам?

Як піша «Нямецкая хваля», традыцыйна трэкер дапоўнены сацыялагічным апытаннем. Гэтым разам ён праводзіўся на базе анлайн-панэлі (сэрвіс, які рэкрутуе карыстальнікаў Інтэрнэту з Беларусі для ўдзелу ў апытаннях. — Заўв. рэд.). Гэта, паводле слоў даследчыкаў, азначае, што размеркаванне адказаў у выбарцы можа «значна адрознівацца ад размеркавання адказаў сярод беларускіх гараджан». Таксама аўтары не выключаюць, што ў некаторай ступені на вынікі апытання мог паўплываць так званы «фактар страху».

Так, пры выкарыстанні новай методыкі было зафіксавана, што 66% беларусаў схільныя давяраць уладзе (у лістападзе 2022-га фіксавалі 61%). Аднак, аўтары заяўляюць, што не варта параўноўваць гэтыя паказчыкі: лічбы дэманструюць толькі «ўзрослы трэнд на давер да ўлады», але не сведчаць пра тое, што 66% беларусаў з'яўляюцца яе прыхільнікамі.


Трэнд на рост даверу, верагодна, тлумачыцца «замацаваннем адчування стабільнасці на фоне ваеннай катастрофы, якая адбываецца ва Украіне і Расіі». Таксама гэта можа азначаць з'яўленне трэнду «на аптымізм у дачыненні да бягучага стану краіны з пункту гледжання эканамічнага становішча, а таксама палітычнай сітуацыі». На гэта магло паўплываць, да прыкладу, тое, што ў Беларусі спынілася інфляцыя і назіраецца рост рэальных заробкаў. «Эканамічныя фактары застаюцца важнымі для беларускага грамадства, нават больш важнымі, чым вайна», — адзначае незалежны сацыёлаг Філіп Біканаў.

Антываенны кансэнсус у беларускім грамадстве

Даследчыкі таксама высветлілі, што грамадства моцна расколатае ў пытанні падтрымкі Расіі ці Украіны ў вайне. Пазіцыя людзей, як правіла, карэлюе з тым, ці давяраюць яны ўладзе. У той жа час, паводле слоў Біканава, нават тыя, хто схільны давяраць рэжыму Лукашэнкі, мяркуюць, што «Расія памылілася, напаўшы на Украіну».

«Дамінуючая лінія (у беларускім грамадстве.Заўв. рэд.) — антываенны кансэнсус: войска Беларусі не павінна прымаць удзел у вайне ні на адным баку», — дадае незалежны сацыёлаг. У той жа час рэспандэнты мала інфармаваныя пра палітычную стратэгію ва Украіне, гэтак жа як і пра рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў за падтрымку Украіны.

«На перыферыі інфармацыйнага поля» застаецца і парадак дэмакратычных сіл. Толькі 7% апытаных чулі пра стварэнне Аб'яднанага пераходнага кабінета Святланы Ціханоўскай. «Пры гэтым нельга казаць, што беларускае грамадства страціла цікавасць да перамен. Студзеньска-лютаўскае даследаванне "Chatham House" фіксуе запыт на рэформы (59% гарадскога насельніцтва), незадаволенасць пенсіямі, чыноўнікамі, падаткамі, камунальнымі паслугамі і да т. п.», — гаворыцца ў даследаванні.

Падзенне ВУП, якога не назіралася з 1995 года

Даследчыкі адзначаюць, што ў Беларусі прадоўжылася падзенне эканомікі. У 2022 годзе рэальны ВУП зменшыўся на 4,7%. І гэта самае значнае падзенне з 1995 года. Калі ў мінулым годзе больш за ўсё «праселі» будаўніцтва, гандаль і транспартная дзейнасць, то ў гэтым — IT-сектар.


У студзені 2023 года ў Беларусі адзначаўся рост рэальных заробкаў у параўнанні з леташнімі паказчыкамі на 1,6%. «Трэнд у заробках пачаў разыходзіцца з агульнаэканамічнымі тэндэнцыямі», — адзначае старшы навуковы супрацоўнік «BEROC» Леў Львоўскі. Паводле слоў эксперта, «дэфіцыт бюджэту нікуды не сыходзіць»: «фактычны дэфолт не дапамог закрыць дзірку ў бюджэце, як і адтэрміноўка плацяжоў на карысць Расіі, з-за чаго ўрад працягвае экспансіўную манетарную палітыку, а таксама павялічвае зборы з грамадзян(падаткаў. Заўв. рэд.)».

Эканамічныя саступкі Расіі і ўзмацненне заходняй ізаляцыі

На саступкі Расіі звяртае ўвагу і акадэмічная дырэктарка «BEROC» Кацярына Барнукова: Беларусь здолела дамагчыся, сярод іншага, рэструктурызацыі крэдытаў і выгадных цэн на газ.

Што тычыцца ўзаемадзеяння з краінамі далёкай дугі, то візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Кітай, паводле яе слоў, можа спрыяць аднаўленню эканамічных адносінаў паміж Пекінам і Мінскам, хаця пакуль нейкай канкрэтыкі няма.

Эканамістка таксама кажа, што, нягледзячы на тое, што на РБ і не быў пашыраны новы пакет санкцый ЕС, эканамічная ізаляцыя краіны з боку Захаду ўзмацняецца. Польшча закрыла адзін з памежных пераходаў з Беларуссю і істотна зрабіла больш жорсткімі правілы правозу тавараў. Літва закрыла чыгуначны пераход. «Гэта дабівае рэшткі рэпутацыі Беларусі як транзітнага транспартнага хаба. У добрыя гады Беларусь атрымлівала да двух мільярдаў долараў чыстай выручкі ад экспарту транспартных паслуг, у мінулым яна ўпала да 1,3 мільярда», — адзначае Барнукова.

«Далікатны баланс» у адносінах з Украінай

На фоне заходняй ізаляцыі Аляксандр Лукашэнка адпраўляецца з візітамі ў Зімбабвэ, ААЭ і Кітай. У Беларусі ж упершыню за тры гады пабываў Уладзімір Пуцін. Значным для рэжыму і беларускай прапаганды стаў візіт у Мінск кіраўніка МЗС Венгрыі Петэра Сіярта, лічыць асацыяваны аналітык Еўрапейскай Рады па міжнародных адносінах Павел Слюнькін.

Што тычыцца неўключэння Беларусі ў санкцыйны пакет ЕС, на думку эксперта, гэта можа сведчыць пра нежаданне большасці еўрапейскіх краін узмацняць ціск на Мінск «без істотнага пашырэння яго ўцягнутасці ў баявыя дзеянні».

У той жа час назіраецца «далікатны баланс у адносінах украінскіх уладаў і беларускага рэжыму», а афіцыйны Кіеў працягвае ігнараваць беларускія дэмакратычныя сілы.

Між тым заснавальнік агенцтва «Sense Analytics» Арцём Шрайбман звяртае ўвагу на афармленне кіеўскага цэнтра беларускай апазіцыі вакол палка Кастуся Каліноўскага — больш радыкальнага, чым дэмакратычныя сілы, якія сабраліся вакол кабінета Святланы Ціханоўскай.

Аналітык: «Пра рэжым партакратыі пакуль гаворкі не ідзе»

Унутры Беларусі, паводле слоў Шрайбмана, працягваецца «герметызацыя палітычнай сістэмы», у гэты трэнд укладваецца ўнясенне змен у Закон «Аб палітычных партыях». «У новай беларускай палітычнай канфігурацыі на заканадаўчым узроўні забаронена існаванне апазіцыйных партый. Для запаўнення нішы рэгіструецца партыя ўлады на базе "Белай Русі"», — кажа Шрайбман. Аднак, на яго думку, «пра рэжым партакратыі пакуль гаворкі не ідзе».

Аналітык таксама звяртае ўвагу на «эксперыменты» уладаў па «квазі-змякчэнні рэпрэсій». Так беларусам прапануюць «адкупіцца» ад пераследаў за данаты ў фонды салідарнасці і перавесці аналагічную або вялікую суму на карысць дзяржавы. «Адбылася камерцыялізацыя рэпрэсій у масавым маштабе», — мяркуе Шрайбман.


Таксама была створана камісія па вяртанні палітэмігрантаў — «квазі-механізм прабачэння грахоў». «Недарэчна гаварыць пра нейкае змякчэнне, у той час як колькасць і жорсткасць арыштаў і фактычнага пераследу беларусаў расце», — адзначае эксперт.

На сістэмнасць і масавасць рэпрэсій звяртае ўвагу і старшы аналітык «Цэнтра новых ідэй» Генадзь Коршунаў. Так, працягваюцца калектыўныя затрыманні, затрыманні сем'яў, «чысткі нелаяльных на прадпрыемствах з выдачай воўчага білета», пастаўленыя на паток завочныя суды над беларусамі, якія з'ехалі.