Ракета РФ трапіла ў дзевяціпавярховік у Запарожжы. З’явілася відэа ўдару

Расійскія войскі сёння раніцай абстралялі Запарожжа. Ракета РФ трапіла ў шматпавярховы будынак у горадзе. Зяленскі апублікаваў кадры прамога трапляння ракеты ў жылы дом.

У шматпавярховік у Запарожжы трапіла ракета. Фота: t.me/zoda_gov_ru

У шматпавярховік у Запарожжы трапіла ракета. Фота: t.me/zoda_gov_ru

Раніцай 22 сакавіка Запарожжа страсалася ад выбухаў. Армія РФ абстраляла горад і востраў Хорціца.

«Вораг не пакідае мэты запалохаць мірнае насельніцтва шматтысячнага горада. Сёння будзьце асабліва асцярожныя і рэагуйце на сігналы аб небяспецы», — папярэдзілі гараджан у Запарожскай абласной вайсковай адміністрацыі (АВА).

Расійскія войскі пры абстрэле Запарожжа ўдарылі па жылым дзевяціпавярховіку, што месціўся ў спальным раёне. Па будынку былі выпушчаны дзве ракеты.

«Ніякай ваеннай мэты! Дзве расійскія ракеты ў жылы шматпавярховік — стратэгічную мэту для войскаў дзяржавы-тэрарыста. Чарговае ваеннае злачынства здзейснена пасярод дня ў спальным раёне шматтысячнага горада!» — гаворыцца ў паведамленні Telegram-канала Запарожскай АВА.



Паводле АВА, усе адпаведныя службы працуюць на месцы і прымаюцца ўсе неабходныя меры бяспекі для мясцовых жыхароў.



На ракетны тэрор расіян ужо адрэагаваў Уладзімір Зяленскі. Да таго ж відэа, як адна з ракет трапіла ў жылы будынак, апублікавана ў тэлеграм-канале ўкраінскага прэзідэнта.



«Запарожжа. Прама зараз расійская ракета трапіла ў шматпавярховы будынак. Расія са зверскай жорсткасцю абстрэльвае горад. Траплянні па жылых кварталах, дзе жывуць звычайныя людзі, дзеці. Краіна-тэрарыст імкнецца знішчыць нашы гарады, нашу дзяржаву, нашых людзей», — гаворыцца ў паведамленні Зяленскага.

Прэзідэнт Украіны адзначыў, што «трэба больш адзінства і рашучасці свету, каб хутчэй перамагчы рускі тэрор і абараніць жыццё».


Пакуль вядома, што ў выніку ракетнага ўдару загінуў адзін чалавек, 25 параненых. Сярод параненых 3 чалавекі — у цяжкім стане, 19 — у сярэднім, 3 — у лёгкім (з іх двое дзяцей), паведамляюць украінскія тэлеграм-каналы.

Паводле сацсетак, korrespondent.net, Украінскай службы РБК, t.me/V_Zelenskiy_official