Колькасць пацярпелых у Дняпры імкліва расце. У зруйнаваным пад’ездзе магло быць да 200 чалавек

На 23 гадзіны вечара вядома пра 10 загінулых, сярод іх 15-гадовая дзяўчына. Агулам ужо вядома пра 64 параненых, з іх 59 шпіталізаваныя. Але завалы пакуль не разабраныя. У пад'ездзе дзевяціпавярховіка, які быў цалкам разбураны ў выніку "прылёту" ракеты, маглі знаходзіцца да 200 чалавек.

Фота з тэлеграм-канала Валянціна Рэзнічэнкі.

Фота з тэлеграм-канала Валянціна Рэзнічэнкі.

Колькасць пацярпелых у выніку расійскай атакі па Дняпры ў суботу, 14 студзеня, працягвае расці. Пра гэта паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай вобласці Валянцін Рэзнічэнка.

Паводле яго, ужо амаль 60 параненых, 12 з іх — дзеці. Выратавальная аперацыя працягваецца.

Як адзначылі ў офісе ўкраінскага прэзідэнта, усяго ў доме, у які трапіла расійская ракета, 16 пад'ездаў, у якіх пражывала каля 1700 жыхароў. У пад'ездзе, які быў цалкам разбураны, зарэгістраваныя 100–200 чалавек, у тым ліку 50 дзяцей. На гэтыя лічбы арыентуюцца ратавальнікі, якія працягваюць разграбаць завалы.

Увесь дзевяціпавярховы дом цяпер без электрычнасці і газу, у кватэрах павыбівала вокны. Прыкладна тысяча чалавек мае патрэбу ў забеспячэнні жыллём і цяплом.

Валянцін Рэзнічэнка паведаміў, што цяпер больш за 100 ратавальнікаў разбіраюць завалы пашкоджанага расійскай ракетай дома. Шукаюць пад абломкамі людзей. Працуюць медыкі, кінолагі, камунальныя службы. Прыходзяць на дапамогу і жыхары суседніх дамоў.


Фота з тэлеграм-канала Валянціна Рэзнічэнкі.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што ўсе датычныя да ракетнага ўдару па жылым доме ў Дняпры павінны быць пакараныя. Свет павінен спыніць рускі тэрор.

Паводле слоў украінскага прэзідэнта, на месцы здарэнняў працуюць ратавальнікі, яны будуць усю ноч разбіраць завалы.

"Змагаемся за кожнага чалавека, кожнае жыццё. Знойдзем усіх датычных да гэтага тэрору. Усе панясуць адказнасць. Максімальную", — напісаў Зяленскі.



Зяленскі таксама звярнуўся да сусветнай супольнасці: "Ці можна спыніць рускі тэрор? Так. Ці можна зрабіць гэта неяк інакш, чым на полі бою ва Украіне? На жаль, не. Гэта можна і трэба зрабіць на нашай зямлі, у нашым небе, у нашым моры. Што для гэтага трэба? Тая зброя, якая ёсць на складах у нашых партнёраў і якой так чакаюць нашы ваяры. Увесь свет ведае, што і як здольнае спыніць тых, хто сее смерць. І я дзякую ўсім, хто нам у гэтым дапамагае! Вечная памяць усім, чые жыцці забраў рашызм!".


Як раней пісаў «НЧ», 14 студзеня расійская ракета трапіла ў шматпавярховы дом у Дняпры. Адзін пад'езд "склаўся", папярэдне вядома, што загінулі пяць чалавек.