326-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны: Колькасць ахвяр ракетнай атакі ў Дняпры ўзрастае з кожнай гадзінай
Учора расійская ракета трапіла ў дзевяціпавярховы дом у Дняпры, знішчаны цэлы пад'езд. Колькасць ахвяр вырасла да 20 чалавек, параненыя 73 чалавекі, больш за 40 з іх у бальніцах, чацвёра знаходзяцца ў рэанімацыі ў цяжкім стане.
Выратавальная аперацыя працягваецца. Застаецца невядомым лёс яшчэ больш за 40 чалавек, паведамляе кіраўнік Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі Валянцін Рэзнічэнка.
Паводле папярэдняй інфармацыі, суботні ўдар па жылым доме разбурыў 72 кватэры і пашкодзіў больш за 230. Пажарныя да гэтага часу тушаць некалькі ачагоў пажараў, якія ўзніклі з-за атакі. Ідзе дэмантаж разбураных канструкцый дома. Ужо вывезена каля 3500 тон абломкаў.
Дарадца офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч у жывым эфіры ютуб-канала Марка Фейгіна заявіў, што на дом у Дняпры ўпала збітая ўкраінскай СПА расійская ракета і выбухнула. Аднак камандуючы паветранымі сіламі УСУ генерал-лейтэнант Мікалай Аляшчук абверг Арастовіча. Па яго словах, праціўнік ударыў па жылым доме крылатай ракетай Х-22. Усяго 14 студзеня далёкія ракетаносцы-бамбавікі Ту-22М3 ВКС Расіі выпусцілі пяць крылатых ракет Х-22 з Курскай вобласці і акваторыі Азоўскага мора. Адна з ракет і трапіла ў шматпавярхоўку ў Дняпры.
«Радыёлакацыйнымі сродкамі выяўлена прыкладнае месца запуску, вышыня, хуткасць палёту. Няма ніякіх сумневаў, што гэта была менавіта ракета Х-22», — заявіў Мікалай Аляшчук.
Увогуле, як паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы ў нядзелю, 15 студзеня, за мінулыя суткі ўкраінскія вайскоўцы адбілі нападаў рускіх на пазіцыі каля 14 населеных пунктаў у Луганскай і Данецкай абласцях. Сярод тых месцаў, дзе расійсцы спрабавалі атакаваць, названыя Бахмут і Саледар. Гэта азначае, што моцны наступ ПВК «Вагнер» на Саледар пакуль не прывёў да поспеху, горад не захоплены, баі працягваюцца.
Таксама Генштаб УСУ паведамляе, што за мінулыя суткі праціўнік нанёс тры авіяцыйных і 57 ракетных удараў, здзейсніў 69 абстрэлаў з рэактыўных сістэм залпавага агню, у прыватнасці, па грамадзянскай інфраструктуры. Для нанясення ракетных удараў па Кіеве і іншых населеных пунктах Украіны вораг ужыў зенітныя кіраваныя ракеты С-300/С-400, і 41 пуск крылатых ракет паветранага і марскога базавання і кіраваных авіяцыйных ракет, якія з'яўляюцца высокадакладнай зброяй. 26 ракет знішчылі УСУ.
Напярэдадні, у вячэрняй зводцы за 14.01, украінскае камандаванне надало ўвагу Беларусі. «Рэспубліка Беларусь працягвае ўдзельнічаць у расійскай агрэсіі супраць нашай дзяржавы, падаючы сваю тэрыторыю і паветраную прастору для нанясення ўдараў, а таксама боепрыпасы і матэрыяльна-тэхнічнае абсталяванне», — гаворыцца ў паведамленні.
Ва ўкраінскім Генштабе адзначаюць, што на Валынскім, Палескім, Северскім і Слабажанскім кірунках істотных змен не адбылося. Наступальныя групы праціўніка не выяўлены.
У ISW растлумачылі, што абапіраюцца на штодня назіраныя паказчыкі з агульнадаступных крыніц. У першую чаргу яны звярнулі ўвагу на дзве падзеі і заявы. Па-першае, камандуючы Аб'яднанымі сіламі абароны Украіны Сяргей Наеў 14 студзеня паведаміў, што цяперашнія суадносіны ўкраінскіх сіл, якія дзейнічаюць на паўночнай мяжы, да расійскіх войскаў у Беларусі дастаткова для стабілізацыі мяжы. Таксама генерал дадаў, што ўкраінскія рэзервы могуць перадыслакавацца, калі пагроза вырасце.
Па-другое, войскі РФ працягваюць разгортванне ў Беларусі. Да прыкладу, у мінулую пятніцу, 13 студзеня, у Гомельскую вобласць прыбыў дадатковы эшалон з расійскай вайсковай тэхнікай.
Паводле Карэспандэнт, Галоўрэд, РБК-Украіна