Расія зноў б'е ракетамі па Украіне. У Дняпры разнесены шматпавярховік, ёсць ахвяры (АБНОЎЛЕНА, фота, відэа)
У выходны дзень, 14 студзеня, расійскія вайскоўцы пачалі чарговы масіраваны абстрэл гарадоў Украіны. Бамбардзіроўкі ўкраінскай грамадзянскай інфраструктуры — звычайная з'ява цяперашняй фазы вайны.

Украінскія СМІ і мясцовыя ўлады паведамляюць аб выбухах у Кіеўскай, Львоўскай, Вінніцкай, Мікалаеўскай, Адэскай, Днепрапятроўскай, Івана-Франкоўскай і Хмяльніцкай абласцях Украіны. Паветраная трывога гучыць на ўсёй тэрыторыі краіны.
Інфармацыі аб пацярпелых пакуль няма.

У Адэсе спынілі электратранспарт. «У сувязі з памяншэннем
лімітаў на электраэнергію грамадскі электрычны транспарт завяршае сваю працу.
Рухомы склад вяртаецца ў дэпо», — гаворыцца ў паведамленні ўладаў.
У Кіеве над вакзалам падымаецца слуп дыму, пішуць у сацсетках.
Таксама ў сталіцы абвясцілі аб экстраных адключэннях святла.
У Харкаве спынілася метро, у частцы горада знік святло,
паведамляе телеграм-канал «Палітыка Краіны».
Слупы дыму таксама з'явіліся ў Дняпры, паведамляюць
карыстальнікі сацсетак.

Намеснік кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Кірыл Цімашэнка
піша, што ракета трапіла ў шматкватэрны дом.
«Няма як мінімум аднаго пад'езда, пад заваламі
знаходзяцца людзі, якія былі дома ў святочны дзень», — напісаў ён.

Кіраўнік Львоўскай вобласці паведаміў аб працы СПА ў
рэгіёне.

У Херсоне ад электрасілкавання часова адключылі некаторыя
мікрараёны горада і 35 населеных пунктаў вобласці, заявіў кіраўнік
адміністрацыі рэгіёна Яраслаў Янушэвіч.
«Гэта вымушаныя меры, звязаныя з чарговай ракетнай
атакай расійцаў — каб зберагчы энергетычныя аб'екты ад магчымага сур'ёзнага
пашкоджання, іх працу варта прыпыніць. Электразабеспячэнне спынена 98 462
абанентам», — напісаў ён.
У Жытомірскай, Чаркаскай і Вінніцкай абласцях Украіны
таксама ўведзеныя аварыйныя адключэнні святла.

Нагадаем, раніцай 14 студзеня РФ абстраляла Кіеў. Паводле слоў мясцовых уладаў, мэтай нападаў былі аб'екты крытычнай інфраструктуры. Загінулых няма. Таксама раніцай былі чутныя выбухі ў Кіеўскай вобласці, на адным з аб'ектаў крытычнай інфраструктуры пачаўся пажар. Пацярпелых таксама няма.
UPD. Выглядае, што ад чарговай варварскай атакі Расіі па мірных украінскіх гарадах найбольш пацярпеў Днепр. Пад заваламі, якія ўзніклі ў выніку ўдара ракеты ў шматпавярховік, апынуліся дзясяткі людзей. мясцовыя медыя і тэлеграм-каналы паведамляюць, што з-пад завалаў чутныя крыкі людзей.
Паводле афіцыйных звестак уладаў Украіны, у Дняпры ад ракетнага ўдару загінулі пяць чалавек. 27 параненыя, сярод іх шэсць дзяцей. У частцы дома, якая ўцалела, застаюцца людзі. Іх з дапамогай доўгіх лесвіц ратуюць супрацоўнікі надзвычайных службаў.

