325-ты дзень вайны Расіі супраць Украіны: ракетны абстрэл Кіева і баі за Саледар
Раніцай расійцы абстралялі Кіеў. Паветраная трывога спрацавала ўжо пасля выбухаў.
***
Па Кіеве нанесены ракетны ўдар, паведамілі ў ваеннай адміністрацыі ўкраінскай сталіцы. Паводле слоў намесніка кіраўніка офіса прэзідэнта Украіны Кірыла Цімашэнкі, мэтай нападаў былі аб'екты крытычнай інфраструктуры. Пра выбухі ў Дняпроўскім раёне горада паведаміў кіеўскі мэр Віталь Клічко. Пацярпелых на дадзены момант няма.
Таксама раніцай былі чутныя выбухі ў Кіеўскай вобласці, на адным з аб'ектаў крытычнай інфраструктуры пачаўся пажар. Пацярпелых таксама няма.
***
Расійскія войскі абстралялі некалькі ўкраінскіх гарадоў — Харкаў, Запарожжа, Ачакаў і Куцурубскую тэрытарыяльную абшчыну Мікалаеўскай вобласці. Так у Харкаве, паводле даных мясцовых уладаў, зафіксавана два «прылёты» ракет С-300. Мэр Ігар Церахаўпаведаміў, што мэтай удараў была інфраструктура ў індустрыяльным раёне горада.
***
Аналітыкі брытанскага Мінабароны мяркуюць, што не менш за 10 караблёў Чарнаморскага флоту Расіі, якія 11 студзеня адначасова выйшлі ў мора з Наварасійскай ваенна-марской базы, сведчаць пра разгрупаванне флоту ў адказ на «пагрозу» Наварасійску.
«Малаверагодна, што гэта разгортванне азначае падрыхтоўку да ўдараў крылатымі ракетамі марскога базавання. Малаверагодна, што флот рыхтуецца да дэсантна-штурмавых аперацый», — гаворыцца ў штодзённай зводцы брытанскай выведкі.
***
«Ноч у Саледары была гарачай», — перадае «Бі-бі-сі» словы намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр.
«Амерыканскі інстытут вывучэння вайны» ў сваёй чарговай зводцы адзначае, што «расійскія сілы кантралююць большую частку Саледара». Тое самае гавораць і журналісты CNN, якія паведамілі пра арганізаваны выхад УСУ з горада. Украінскі бок паведамленні пра захоп горада абвяргае і сцвярджае, што ў горадзе працягваюцца інтэнсіўныя баі.
***
«The New York Times» заяўляе, што краіны Захаду, верагодна, прыступілі да падрыхтоўкі Украіны да веснавога прарыву. Менавіта таму яны вырашылі накіраваць туды ўзбраенне, якое раней не пастаўлялася. Так, ЗША, Германія, Францыя, Вялікабрытанія і Польшча ў апошнія некалькі тыдняў перадалі Украіне найноўшыя сістэмы СПА «Patriot» і ўхвалілі адпраўку рознай бранятэхнікі.
***
За мінулыя суткі расійскія войскі нанеслі па Украіне 15 авіяцыйных і 5 ракетных удараў, з іх 2 — па грамадзянскай інфраструктуры Канстанцінаўкі Данецкай вобласці. Таксама здзейснена больш за 95 абстрэлаў з РСЗА, у тым ліку і па Херсоне, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй аператыўнай зводцы. Паводле яго звестак, расійцы працягваюць наступаць на Бахмуцкім кірунку, а наступальныя дзеянні на Аўдзееўскім кірунку беспаспяховыя. «За мінулыя суткі падраздзяленні сіл абароны Украіны адбілі атакі акупантаў у раёнах населеных пунктаў Плашчанка, Белагораўка і Чэрвонапапоўка Луганскай вобласці і Раздолаўка, Соль, Чырвоная гара, Бахмут, Клішчэеўка, Вадзяное, Крэменная, Пабеда, Маёрск, Мар'інка і Вялікая Навасёлка ў Данецкай вобласці», — гаворыцца ў паведамленні.
Украінская авіяцыя нанесла 9 удараў па раёнах засяроджання акупантаў. Знішчаныя 2 пункты кіравання, 8 раёнаў засяроджання жывой сілы, зенітны ракетны комплекс, 3 склады боепрыпасаў, а таксама 2 іншыя важныя аб'екты праціўніка, паведамляе Генштаб.
Паводле інфармацыі камандавання УСУ, расійскія акупацыйныя ўлады «ўзмацняюць контрдыверсійныя і контрвыведніцкія мерапрыемствы» на акупаваных тэрыторыях: «У прыватнасці, у населеным пункце Вялікая Лепяціха Херсонскай вобласці праводзяцца выбарачныя праверкі тэлефонаў у мясцовых жыхароў на прадмет наяўнасці фота і відэа расійскай вайсковай тэхнікі. Па стане на 12 студзеня 2023 года затрыманыя і вывезеныя ў невядомым кірунку тры цывільныя асобы».