Аляксандр Фрыдман: Перамога Украіны не прывядзе да аўтаматычнага краху дыктатуры ў Беларусі

Але без украінскай перамогі ў вайне Беларусь не чакае нічога добрага. Як тады разглядаць той факт, што Украіна папрасіла не ўводзіць санкцыі супраць беларускага рэжыму?

_shoviszcza___horad___havaemsja___ekanomika__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

Еўрасаюз не ўключыў Беларусь у чарговы санкцыйны спіс. Журналіст "Радыё Свабода" Рыкард Ёзвяк паведаміў, што адбылося гэта ў тым ліку і па просьбе Украіны, хоць афіцыйны Кіеў і абвяргае такія закіды. А прадстаўнік Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў дадаў, што ЕС не адмаўляецца ад далейшага санкцыйнага ціску ў дачыненні да саюзнікаў Расіі, у тым ліку і Беларусі.

Як можна патлумачыць тайну апошняга санкцыйнага пакета? Ці не азначае неўключэнне Беларусі ў санкцыйны пакет, што яна больш не разглядаецца як суагрэсар вайны ва Украіне? Ці сапраўды ўкраінская мадэль стасункаў з Беларуссю зводзіцца да формулы: сустракайся з усімі, але дамаўляйся з мацнейшым? І чаму беларусам не варта ўскладваць празмерныя надзеі на ўкраінскую перамогу?

«Новы Час» пагутарыў з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам. 

“Не трэба кідаць Лукашэнку канчаткова ў абдымкі Масквы”

— Безумоўна, для Кіева гэта вельмі непрыемная гісторыя. Як жа так, з аднаго боку, Украіна лічыць Лукашэнку суагрэсарам і нават агрэсарам, украінскія палітыкі выказваюцца пра яго вельмі негатыўна (імідж Лукашэнкі ва Украіне не лепшы, чым у Пуціна), а робіце такое? Адразу было зразумела, што Кіеў будзе абвяргаць гэтую інфармацыю.

Журналіст Ёзвяк напісаў досыць дыпламатычна: просьба Украіны — адна з прычынаў, але не галоўная. Ці магчыма гэта? Я б не выключаў такі сцэнар, бо ў Кіева свая стратэгія: там лічаць, і ў гэтым ёсць пэўная логіка, што не трэба кідаць Лукашэнку канчаткова ў абдымкі Масквы. Калі ён атрымае такія ж санкцыі, як і Пуцін, то гэта можа падштурхнуць яго да новых антыўкраінскіх крокаў. Вельмі праўдападобна, што Кіеў можа кіравацца такой логікай.

Іншае пытанне, што гэтая логіка, на мой погляд, памылковая. Якія б санкцыі ні ўводзілі — ці персанальныя супраць Лукашэнкі, ці эканамічныя супраць Беларусі — гэта не паўплывае на ягоныя паводзіны. Ён баіцца не столькі санкцый, колькі рэакцыі беларускага грамадства, якое не жадае ўступаць у вайну. Ён ведае, што больш актыўная падтрымка вайны і ваенныя дзеянні з удзелам Беларусі ці на тэрыторыіі Беларусі могуць пахіснуць яго ўладу. Больш за тое, вайна развіваецца ў неспрыяльным для Расіі кірунку, ён разумее, якімі наступствамі гэта пагражае расійскаму кіраўніцтву — таму ён бы не хацеў аказацца разам з Пуціным у час ікс.

Што яшчэ важна ў гэтай гісторыі? Не трэба перабольшваць украінскія ўплывы. Украіна сапраўды можа нешта прапанаваць Еўразвязу, можа нешта папрасіць у яго. Але гэта не працуе так, як падаецца: Украіна лічыць патрэбным, Украіна запатрабавала, каб Еўразвяз нічога не рабіў з Лукашэнкам, таму Еўразвяз нічога і не рабіў. Не, Еўразвяз і Злучаныя Штаты кіруюцца сваімі інтарэсамі, і калі б яны палічылі патрэбным увесці дадатковыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, то зрабілі б гэта, нават калі б Кіеў і выступаў супраць. Думаю, у гэтай гісторыі пажаданні Кіева вырашальнымі не былі, магчыма, у Еўразвязе кіруюцца такой жа логікай, што і Кіеў. То-бок, калі мы ўвядзем супраць Лукашэнкі такія ж санкцыі, як і супраць Пуціна і Расіі, то поле для манеўру ў Лукашэнкі, якое і без таго маленькае, звузіцца яшчэ больш, і тым самым можам падштурхнуць беларускі бок да больш актыўнага ўдзелу ў вайне. З гэтага пункту гледзішча, мо і не было сэнсу ўводзіць гэтыя санкцыі. 

“Рэжым атрымае сваю порцыю санкцый”

— З іншага боку, калі мы паглядзім на санкцыі супраць Расіі ў другой паловы 2022 года, дык убачым, што санкцыі ўводзіліся кожнага разу, як сітуацыя на фронце радыкалізавалася — за канкрэтныя крокі па раскручванні махавіка вайны, напрыклад, санкцыі ўзмацняліся пасля падзей у Бучы. А калі мы паглядзім на Лукашэнку, то ён асноўную “працу” зрабіў у лютым, калі дазволіў расійскім войскам з тэрыторыі Беларусі нападаць на Украіну. Пасля таго, як Расія сышла з кіеўскага напрамку, то ўдзел Лукашэнкі ў вайне стаў вельмі абмежаваны. Што рабіў Лукашэнка апошнім часам? Перадаваў зброю Расіі, але гэта чакалася. Зноў пачаў запрашаць расійскіх вайскоўцаў? Так, яны вучацца на тэрыторыі Беларусі, праводзяць ваенныя вучэнні. Але гэта Захад, як мне падаецца, доўгі час не лічыў пераходам на якасна новы ўзровень падтрымкі вайны. Якасна новым узроўнем можна было б расцэньваць адпраўку беларускіх войск ва Украіну. Лукашэнка гэтага не зрабіў. Бачыце, і гэтым разам гаворка пра новыя санкцыі супраць Беларусі зайшла пасля таго, як Лукашэнка разам з Расіяй абвесцілі пра новыя ваенныя вучэнні, а Кіеў і Захад разважаюць наконт магчымага ўдзелу беларускай арміі ў вайне.

Я думаю, што новыя санкцыі рэжым атрымае, і атрымае хутчэй за ўсё постфактум за перадачу зброі і навучанне расійскіх вайскоўцаў. Гэта такое запозненнае пакаранне і адначасова сігнал Лукашэнку “Мы ўважліва сочым і ўсё бачым, так што лепш не рухайся”.

Варта падкрэсліць, што размовы пра санкцыі вяліся не толькі ў адносінах да Беларусі, але і да Ірана — за дапаможную ролю ў вайне яны атрымаюць дадатковыя санкцыі. Але, хутчэй за ўсё, асабліва моцных санкцый чакаць не выпадае.

Дарэчы, рэжым Лукашэнкі прэвентыўна працуе супраць санкцый. Спачатку міністр замежных спраў Алейнік сустракаўся з амбасадарам Венгрыі, цяпер той жа Алейнік размаўляў з кіраўніком МЗС Венгрыі. Мне падаецца, што беларускі рэжым, па-першае, будзе спрабаваць высветліць, якія канкрэтна абмежаванні рыхтуюцца, а потым па магчымасці будуць спрабаваць іх заблакаваць праз Венгрыю, якая крытычна ставіцца да санкцыйнай палітыкі ЕС. Я думаю, што ніякіх сур’ёзных абмежаванняў не будзе, таму і магчымае “венгерскае вета” не спатрэбіцца.

Ці камунікуе Мінск з Кіевам і Захадам?

— Атрымліваецца, што апошні санкцыйны сюжэт сведчыць пра супадзенне інтарэсаў афіцыйнага Кіева і Мінска тут і цяпер. Украіна хоча адкласці ці пазбегнуць уступлення ў вайну беларускага войска, а Лукашэнка не зацікаўлены станавіцца ў адзін шэраг з Пуціным у якасці агрэсара?

— Для Украіны з Лукашэнкам усё зразумела, як мне падаецца. Для Украіны Лукашэнка — вораг, чалавек, які здрадзіў Украіне, — там няма прыхільнага стаўлення да Лукашэнкі. Але адначасова ў Кіеве бачаць, што ён уступаць у вайну са сваіх уласных мэтаў не жадае. Не таму, што спачувае Украіне, не, гэтага няма. Але ёсць уласныя інтарэсы. І Украіна разумее, і Захад разумее, што Лукашэнка ваяваць не жадае, таму падштурхоўваць яго, рабіць дадатковыя крокі, каб Расія магла яшчэ больш націснуць на яго, ніхто не збіраецца.

Гэта вельмі складаная ігра. Наіўных няма ні ва Украіне, ні на Захадзе: у Кіеве, Бруселі, Лондане, Вашынгтоне цудоўна разумеюць, што Лукашэнка ваяваць не жадае, але калі Масква палічыць гэта патрэбным, то націсне на яго і прымусіць уступіць у вайну.

Дарэчы, узнікае цікавае пытанне пасля допісу Ёзвяка: калі Кіеў сапраўды рабіў такія захады, то з чым мы маем справу? Гэта проста прагматычны аналіз з украінскага боку, ці, можа быць, існуюць нейкія тайныя дамоўленасці?

І яшчэ адно вельмі цікавае пытанне — камунікацыя рэжыму Лукашэнкі з Захадам, і камунікацыя лукашэнкаўцаў з Кіевам. Пра прамую камунікацыю з Кіевам мы нічога не ведаем, калі нейкія перамовы і ідуць, то пра іх не паведамляе ні ўкраінскі бок, ні беларускі. Мяркую, у цяперашніх умовах Лукашэнка і не стаў бы наладжваць прамую камунікацыю з Зяленскім: з ім можна дамовіцца, каб трымаць перамовы ў сакрэце, але не факт, што ў вечаровым звароце ўкраінскі кіраўнік не раскажа пра іх.

А сур’ёзных камунікацый з заходнімі краінамі няма, як мне падаецца, таму яны і абменьваюцца заявамі ў адкрытым рэжыме: Лукашэнка кажа, што ён не хоча ваяваць, а Захад адказвае (заявы Пентагона, заявы Міністэрства бароны Вялікабрытаніі, НАТА) — мы не бачым зараз пагрозы з боку Беларусі, не бачым жадання ваяваць. Гэтыя заявы робяцца дзеля таго, каб паказаць: Лукашэнка, мы цябе зразумелі.

Венгерскі канал камунікацый з Захадам я б усё ж не адкідваў. Думаю, Алейнік скарыстаўся магчымасцю перадаць праз венгерскага міністра Сіярто нейкае пасланне для Еўразвяза. Невядома, хто ў гэтых размовах больш зацікаўлены: Будапешт ці Мінск? Лукашэнку патрэбны канал, каб закідваць Еўразвязу свае сігналы, а з другога боку, Будапешт можа паказаць: вы ж не будзеце размаўляць з Алейнікам у той момант, калі ў краіне судзяць Нобелеўскага лаўрэата, а мы можам сабе такое дазволіць, нас дэмакратычныя прынцыпы асабліва не цікавяць і праз нас можна нават з Лукашэнкам размаўляць. 

“Любыя імпульсы да пераменаў могуць прыйсці на дадзены момант толькі звонку”

— Пасля гісторыі з неўвядзеннем санкцый супраць афіцыйнага Мінска дэмакратычныя сілы Беларусі ўзагаварылі пра здраду з боку Украіны. Як вы пракаментуеце гэтыя закіды?

— Санкцыйная гісторыя актыўна абмяркоўваецца ў Беларусі, і менш актыўна — ва Украіне: там не да санкцыяў супраць беларускіх уладаў. Ва Украіне тэма санкцыяў адышла на другі бок, на першае месца выйшла праблема зброі: яны бачаць, што санкцыі — гэта інструмент, але сёння куды больш патрэбная зброя, а не санкцыі.

Беларускія дэмакратычныя сілы, калі пачулі абвяржэнне ўкраінскага боку, уздыхнулі: хаця б так. І можна ісці далей. Але асадачак, як кажуць, застаўся.

Дэмакратычныя сілы, і найперш Ціханоўская, робіць усё магчымае, каб сустрэцца з Зяленскім. Але, як мы бачым, нічога не атрымліваецца — з ёй не сустракаюцца. Глядзіце, апошнімі днямі ў Зяленскага знаходзіцца час, каб паразмаўляць з прэм’ер-міністрам Люксембурга і прэзідэнтам Кеніі, каб сустрэцца з кіраўніком Сейма Латвіі, — ён размаўляе і сустракаецца з палітыкамі самага рознага ўзроўню; у яго знаходзіцца час на размову з прэм’ерам Люксембурга і няма часу, каб паразмаўляць з Ціханоўскай нават па тэлефоне.

Беларускія дэмакратычныя сілы зацікаўленыя ў любой камунікацыі з Украінай, таму і ўсплыла гісторыя з фатаграфіяй Сахашчыка і Залужнага. Трэба было паказаць: яны нас прызнаюць, яны з намі размаўляюць. Але тыя кантакты, якія дэмакратычныя сілы маюць сёння ва Украіне, не таго ўзроўню, якога яны дабіваюцца, не на ўзроўні топавых украінскіх чыноўнікаў, якія прымаюць рашэнні. Сустрэча з дэпутатам Ганчарэнкам — так, гэта дэпутат Вярхоўнай Рады, але ў сённяшнім палітычным жыцці ён досыць маргінальная фігура.

Усе гэтыя пазлы складваюцца ў вельмі непрыемную мазаіку для беларускіх дэмакратычных сіл. Ціханоўскую ў Кіеве ігнаруюць (прынамсі публічна), Зяленскі з ёй не сустракаецца.

Што да Лукашэнкі, то апошнім часам і яго ігнаруюць у Кіеве, для ўкраінцаў ён больш не існуе як самастойная фігура. Але такой радыкальнай крытыкі на адрас Лукашэнкі, як да Пуціна, ва Украіне таксама няма. Цяпер на гэтую карціну наклаліся чуткі, што Украіна спрычынілася да таго, каб супраць Лукашэнкі не ўводзіліся новыя санкцыі. А беларускія дэмакратычныя сілы робяць стаўку якраз на санкцыі, але ж у другой палове 2022 года санкцыі супраць рэжыму практычна не ўводзіліся, значыць, поспеху няма. А магчымыя санкцыі — не за падзеі ўнутры Беларусі, не за суд над Алесем Бяляцкім, не за справу TUT.BY, не за тое, што Калеснікава патрапіла ў рэанімацыю, гэтыя санкцыі магчымыя за дзеянні рэжыму ва Украіне.

Усё гэта дэманструе вельмі абмежаваны ўплыў беларускіх дэмакратычных сілаў на прыняцце рашэнняў у Бруселі, нават на прыняцце рашэнняў па Беларусі.

Як мне падаецца, уся крытыка ў бок Украіны ідзе хутчэй не ад кіраўніцтва дэмакратычных сілаў, але ад шэраговых прыхільнікаў пераменаў. І гэтыя папрокі абсалютна зразумелыя: сёння любыя імпульсы да пераменаў могуць прыйсці не знутры Беларусі, а толькі звонку. І гэта дабаўляе расчаравання Украінай, якая глядзіць не на тое, што робіцца ў Беларусі, а ў нейкім сэнсе нават падыгрывае Лукашэнку.

Для беларусаў гэта балюча, але такая рэчаіснасць. Украіна сёння паводзіць сябе выключна эгаістычна, яе цікавяць выключна свае інтарэсы. Галоўнае — выйграць у гэтай вайне, і дзеля дасягнення гэтай мэты Украіна будзе выкарыстоўваць любыя рэсурсы. А тое, што адбываецца ў Беларусі, яе не цікавіць; цікавяць толькі тыя беларускія рэсурсы, якія дапамогуць дасягнуць сваіх мэтаў.

Калі ж вайна скончыцца перамогай Украіны, і яна будзе разглядаць рэжым Лукашэнкі як пагрозу для сябе, тады яны могуць прыняць адпаведныя крокі; калі ж у Кіеве вырашаць, шо змогуць суіснаваць з рэжымам Лукашэнкі, то тады ніякіх сур’ёзных крокаў ад іх чакаць не трэба.

Аўтаматычнага вызвалення Беларусі ад лукашызму праз перамогу Украіны не будзе. Але ўкраінская перамога ў вайне можа стаць перадумовай для канца эпохі Лукашэнкі. Але калі не адбудзецца перамогі Украіны, то тады, зразумела, не будзе ніякіх зменаў у Беларусі. 

Але як бы сябе ні паводзілі ўкраінскія ўлады, з якой бы логікі не зыходзілі яе дзеянні, важна разумець, што перамога Украіны абсалютна адпавядае інтарэсам дэмакратычнай Беларусі. Але калі Украіна не пераможа, тады Беларусь увогуле нічога добрага не чакае.