У Запарожжы Расія рыхтуе рэферэндум наконт далучэння
Кіраўнік акупацыйнай адміністрацыі Запарожжа падпісаў распараджэнне пра рэферэндум наконт далучэння рэгіёну да Расіі
У панядзелак кіраўнік прарасійскай адміністрацыі Запарожскай вобласці Яўген Баліцкі падпісаў распараджэнне пра падрыхтоўку да рэферэндуму аб «уз'яднанні з Расіяй».
Зрэшты, яшчэ раней Уладзімір Рогаў — галоўны чалец савета гэтай адміністрацыі Запарожжа, пастаўленай на захопленай расійскай арміяй тэрыторыі, — заявіў, што пытанне далучэння да РФ вырашанае яшчэ да прызначэння рэферэндуму: «Запарожская зямля назаўжды сыходзіць са складу Украіны. Запарожская вобласць узяла курс на ўз'яднанне з Расіяй і зваротнага шляху не будзе».
Сам рэферэндум павінен прайсці восенню, але канкрэтная дата пакуль не называлася. 23 ліпеня пачалі фармаваць выбарчую камісію для правядзення так званага «рэферэндуму» наконт далучэння да РФ. Для гэтага акупацыйныя ўлады збіраюцца папрасіць дапамогі ў Цэнтрвыбаркама РФ.
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі на гэта заявіў, што падобныя рэферэндумы будуць азначаць канец любых перамоваў з Расіяй. «Калі акупанты пойдуць [шляхам] гэтых псеўдарэферэндумаў, то для сябе ж закрыюць любую магчымасць перамоваў з Украінай і вольным светам, якія расійскаму боку адназначна спатрэбяцца ў пэўны момант», — цытуе Зяленскага УНІАН.
Варта згадаць, што сёння раніцай Амерыканскі інстытут вывучэння вайны паведамляў, што акупанты могуць паскорыць падрыхтоўку да «рэферэндумаў» на захопленых тэрыторыях.