Наталля Радзіна: У Беларусі наспявае наменклатурны пераварот

Журналістка і рэдактарка сайту Сharter97 працягвае дыскусію наконт нашумелага ліста свайго калегі Іосіфа Сярэдзіча. Але, на яе думку, гэты ліст сведчыць не пра перамовы і прымірэнне, а пра нешта іншае. На думку Радзінай, у недалёкай перспектыве нас можа чакаць нешта кшталту XX з'езда КПСС.

Мікіта Хрушчоў выступае на ХХ з'ездзе КПСС з развянчаннем «культу асобы» Сталіна. Фота: letsgophotos.ru

Мікіта Хрушчоў выступае на ХХ з'ездзе КПСС з развянчаннем «культу асобы» Сталіна. Фота: letsgophotos.ru


Ліст Іосіфа Сярэдзіча выклікаў буру эмоцый сярод беларусаў. Які дзень актыўна абмяркоўваецца, ці магчымыя перамовы з дыктатарскім рэжымам і «нацыянальнае прымірэнне», да якога заклікаў галоўны рэдактар найстарэйшай беларускай незалежнай газеты «Народная воля».

Абсалютная большасць лічыць, што гэта ўтопія і ў сённяшніх умовах ніякае прымірэнне немагчыма, у першую чаргу, паколькі на гэта не пойдзе сам Лукашэнка, які ўтрымлівае ўладу толькі з дапамогай гвалту. Аднак прыкметная тэндэнцыя: супраць актыўна выступаюць эмігранты; людзі ж, якія жывуць у Беларусі, выказваюць асцярожную надзею і кажуць пра бесперспектыўнасць эскалацыі. Пачуцці гэтых людзей зразумець можна: калі жывеш у пастаянным страху і пад жахлівым ціскам, ліст Сярэдзіча — саломінка, за якую хочацца трымацца.

Найперш трэба аддаць належнае смеласці Іосіфа Паўлавіча. У лісце апісана рэальная карціна таго, што адбываецца ў Беларусі — тэрору, па сутнасці, генацыду цэлай нацыі, і прама гаворыцца аб фактычнай акупацыі краіны расійскімі войскамі. Такія смелыя галасы з Беларусі сёння больш не гучаць: нават за некалькі падобных слоў можна трапіць у турму на вялікі тэрмін, атрымаўшы таўро «экстрэміста», а то і «тэрарыста».

Але што насамрэч стаіць за гэтым лістом, калі, здавалася б, усім відавочна, што рэжым не пойдзе на рэальныя перамовы з апазіцыяй, і прымірэнне ў сённяшніх умовах немагчымае?


Я ведаю Іосіфа Сярэдзіча з 1998 года, калі прыйшла маладым журналістам працаваць у «Народную волю». Гэта Патрыёт і прафесіянал сваёй справы, які захоўваў вернасць двум ідэалам: сваёй газеце, якую абараняў і адстойваў у самых цяжкіх умовах, і Беларусі, на сітуацыю ў якой спрабаваў уплываць усімі сваімі сіламі і рэсурсамі. Менавіта ў «Народнай Волі» я пазнаёмілася ў 1990-я гады з лідарамі беларускай апазіцыі Віктарам Ганчаром, Генадзем Карпенкам, Юрыем Захаранкам і зразумела, што журналістыка ў дыктатарскай краіне — нешта большае, чым проста нейтральнае апісанне рэчаіснасці.

Але пры ўсёй свой смеласці і нават некаторай эпатажнасці Іосіф Паўлавіч заўсёды быў чалавекам асцярожным і старанна абдумваў кожны свой крок. Таму калі сёння ён рызыкнуў сваёй свабодай і нават жыццём, то таму, што не адзін раз узважыў усе «за» і «супраць».

І гаворка ў гэтым лісце, як мне здаецца, зусім не пра Лукашэнку і магчымасці нейкага прымірэння з звар'яцелым дыктатарам, які ўчапіўся ва ўладу мёртвай хваткай. Гаворка пра тое, што сёння для той жа наменклатуры становіцца відавочным, што рэжым, які кіраваў у Беларусі амаль 30 гадоў, найбліжэйшым часам можа абрынуцца.

Мы можам колькі заўгодна казаць пра слабасць і амаральнасць беларускага чынавенства, якое моўчкі сядзіць пад пятай хама, але мы не можа сцвярджаць, што ўсе яны — спрэс ідыёты, якія не ў стане бачыць бліжэйшую перспектыву.

Наменклатуры і думаючай частцы кіраўніцтва сілавымі структурамі і арміі відавочны тупік, у які іх прывялі Лукашэнка і яго крамлёўскі гаспадар Пуцін. Расія, безумоўна, прайграе гэтую вайну. Выдача Міжнародным крымінальным судом ордара на арышт Пуціна пацвердзіла гатоўнасць краін Захаду ісці да канца ў сваёй падтрымцы Украіне і супрацьстаянні расійскай экспансіі. Крамлёўскаму халую Лукашэнку ўжо не выслізнуць з пасткі — на яго руках кроў беларусаў і тысяч украінцаў, якія загінулі падчас наступу расійскага войска з Беларусі 24 лютага 2022 года.

Таму я разглядаю ліст Сярэдзіча як першы асцярожны крок на шляху ў падрыхтоўцы змены ўлады ў Беларусі. Я не магу сказаць дакладна, калі гэта адбудзецца, шмат што будзе залежаць ад сітуацыі ва Украіне, але наменклатурны пераварот відавочна наспявае.

Думаю, нас можа чакаць у недалёкай перспектыве нешта накшталт XX з'езда КПСС (з'езд партыі «Белая Русь» або Усебеларускі народны сход), на якім будзе асуджаны культ асобы Лукашэнкі, а тысячы палітвязняў будуць вызваленыя з турмаў.

Іншая справа, што гісторыя, калі паўтараецца двойчы, то немінуча фарсам. Пры такім развіцці сітуацыі ў беларусаў у любым выпадку з'явіцца вельмі вялікі шанец на перамены. Але каб ім скарыстацца, нам трэба захоўваць сілу, мужнасць і стойкасць.