Сярэдзіч: Без нацыянальнага прымірэння мы, безумоўна, страцім Беларусь!

Наша незалежнасць знаходзіцца ў страшэннай небяспецы, лічыць Іосіф Сярэдзіч, галоўны рэдактар газеты «Народная Воля». На старонках свайго выдання ён выступіў з артыкулам, у якім заклікаў да нацыянальнага прымірэння.

sjaredzicz.jpg

Галоўны рэдактар «Народнай Волі» адзначыў, што ні адзін, ні другі бок яго не ўпаўнаважвалі выступіць з гэтым адкрытым лістом. «І, вядома ж, не ў маёй кампетэнцыі распісваць усе нюансы магчымых варыянтаў дасягнення ўжо ў бліжэйшай перспектыве нацыянальнага прымірэння. Але ў каторы раз паўтару свой тэзіс, пры гэтым у больш катэгарычнай форме: без нацыянальнага прымірэння мы, безумоўна, страцім Беларусь! Сёння, як, бадай, ніколі на працягу апошніх дваццаці-трыццаці гадоў, наша незалежнасць знаходзіцца ў страшэннай небяспецы. Уратаваць Радзіму зможам толькі ўсе разам! І гэта наш святы абавязак!

Мне балюча пісаць гэтыя радкі, але і маўчаць не магу, — піша Сярэдзіч. — Смяротная небяспека навісла над нашай краінай, над кожным з нас. Пра набліжэнне трагедыі сведчаць дзясяткі, сотні фактаў.

Толькі сляпыя не бачаць, як нашу святую зямлю топчуць чобаты чужых салдат.

Толькі глухія не чуюць, як надрыўна равуць пры ўзлёце з нашых аэрадромаў звышгукавыя ваенныя самалёты з чужымі апазнавальнымі знакамі. Вайна літаральна грукае ў нашы дзверы…

Ніколі, ніколі не адчувалася такой трывожнай напружанасці ў грамадстве, як у апошнія гады. Бяда прыйшла адтуль, адкуль яе ніхто не чакаў. Здавалася, чарговыя прэзідэнцкія выбары адбудуцца пры поўным свабодным волевыяўленні народа, галоўныя спадзяванні якога былі звязаны з дэмакратычнымі пераменамі…»

Сярэдзіч згадвае пратэсты 2020 года і жахлівыя рэпрэсіі, якія адбыліся пасля выбараў: «Сэрца абліваецца крывёю, калі пачынаеш узгадваць жудасныя рэаліі апошняга часу. Хто мог падумаць, што здзекі з людзей, якія ў лёсавызначальны для краіны час праявілі высокую грамадзянскую актыўнасць, набудуць такі нечуваны размах. Як днямі сказаў вядомы пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Віктар Казько, “усіх нас хочуць прагнаць праз Акрэсціна, увесь народ”. Рэпрэсіўны махавік, які раскруціўся ў 2020 годзе, так, на жаль, і не спыняецца. Вось некаторыя лічбы, ад якіх валасы на галаве дыбам становяцца. Толькі за апошнія месяцы таго ж выбарчага, 2020-га года звыш 30 тысяч (!!!) беларусаў прайшлі праз затрыманні, суды, адміністрацыйныя арышты, зняволенні паводле палітычна матываваных крымінальных спраў. Гэта сухая статыстыка, за якой – збіццё, нечалавечыя ўмовы ўтрымання ў пастарунках і ізалятарах, турмах, фактычна катаванне людзей.

Але ж потым былі і 2021-ы, і 2022 гады, калі крывавыя жорны жорсткіх рэпрэсій перамолвалі чалавечыя жыцці. Па выніках кожнага года незалежныя крыніцы паведамлялі яшчэ пра больш чым 6 тысяч палітычна матываваных затрыманняў. Такім чынам — плюс 12–13 тысяч чалавек…

Час ідзе, а сітуацыя, як мне здаецца, не мяняецца да лепшага… “Паляванне на ведзьмаў” набывае самую жудасную афарбоўку».

Сярэдзіч згадвае французскага філосафа Сен-Сімона, які некалі сказаў: «Пазбаўце нацыю 50 лепшых дактароў, 50 лепшых настаўнікаў і 50 лепшых яе вучоных і нацыя будзе адкінута на 100 гадоў назад». І адзначае, што за час рэпрэсій Беларусь страціла значна больш вартых людзей: «Карны апарат працуе безупынна, працуе днём і ноччу, працуе без выхадных. Ствараецца ўражанне, што ён цяпер і ёсць галоўная ўлада ў краіне. А як жа ў такіх тыранічных умовах жыць? Дзясяткі тысяч чалавек вымушаны былі ратавацца за мяжой. А колькі яшчэ могуць з’ехаць… І якіх людзей – найбольш адукаваных, найбольш прафесійна падрыхтаваных, з нацыянальным гонарам, жадаючых бачыць Радзіму свабоднай і квітнеючай!»

Аднак нягледзячы на той жах і рэпрэсіі, якія напаткалі Беларусь, Сярэдзіч шукае адказ на пытанне, што рабіць у цяперашняй няпростай сітуацыі. «Каб мы, беларусы, не страцілі сваю незалежнасць, свой суверэнітэт, каб мы ў чарговы раз не сталі “северо-западным краем”? Адказ на гэтыя хвалюючыя пытанні адзін: без нацыянальнага прымірэння не захаваць нам незалежнасць Беларусі! А значыць, без згуртаванасці ўсіх-усіх – і правых, і левых, і кансерватараў і лібералаў, і празаходнікаў і праўсходнікаў – не мець нам шчаслівай будучыні на роднай зямлі.

Сітуацыя поўнамаштабнага крызісу ў дзяржаве моцна небяспечная для суверэнітэту Беларусі. Перад намі агромністыя геапалітычныя выклікі – краіна зайшла ў тупік. Як казалі нашыя продкі: “Той самы нерат, з якога ні ўзад, ні ўперад”. Адзіным магчымым выйсцем з усебаковага крызісу, у якім апынулася Беларусь, бачыцца пастаянны доўгатэрміновы пошук кансэнсусу, раўнавагі ў грамадстве з улікам інтарэсаў розных слаёў грамадства.

Трэба пачаць шырокі грамадскі дыялог, накіраваны на нацыянальнае прымірэнне, як бы гэта цяжка ні здавалася камусьці пайсці на гэта. Перадумовай такога дыялогу мусіць быць правядзенне шырокамаштабнай амністыі.

Дыялог… Кансэнсус… Прымірэнне… Заўважаю, гэтыя словы ў апошні перыяд усё часцей і часцей прарываюцца як з вуснаў тых, хто на ўласнай скуры зведаў усе жахі рэпрэсій, так і ад прадстаўнікоў умеранага праўладнага крыла, некаторых афіцыйных прапагандыстаў. І ў той жа час працягваецца “жэстачайшая” зачыстка. Праз якую, маўляў, павінны прайсці тыя “мясцовыя мярзотнікі”, якія “схаваліся, сядзяць і чагосьці чакаюць”. Адным словам, ніякага прымірэння.

Я вось думаю: з чым звязана такая зацятая пазіцыя, агучаная на ўвесь белы свет? Вышэйшае кіраўніцтва краіны стала закладнікам сілавікоў?

 “Яшчэ раз паўтараю: без нацыянальнага прымірэння не захаваць нам незалежнай Беларусі! А значыць, без згуртаванасці ўсяго народа не мець шчаслівай будучыні на роднай зямлі. Дык чаму, акрамя пафасных слоў, ні з аднаго, ні з другога боку няма канкрэтных крокаў?»

Сярэдзіч прапануе «перагарнуць старонку», ён згадвае, што беларусы — талерантны народ, і «не ў нашым характары зводзіць рахункі адзін з адным».

Але якім чынам дабіцца, каб на шляху да агульнанацыянальнага дыялогу не засталося перашкодаў? «Каб улады нарэшце паверылі апазіцыі, а апазіцыя паверыла ўладам, не абысціся без аўтарытэтных міжнародных пасярэднікаў». У такія «пасярэднікі» Сярэдзіч хоча залучыць іншыя краіны, напрыклад нейтральныя Швейцарыю або Фінляндыю.

«Мне бачыцца, што архіважныя перамовы паміж беларускімі ўладамі і яе апанентамі павінны адбыцца да чарговых парламенцкіх і мясцовых выбараў, у якіх пры жаданні змогуць прыняць удзел і ўсе, хто выйдзе на волю па палітычнай амністыі. Такое права для экс-вязняў неабходна будзе замацаваць асобным пунктам у канчатковым дакуменце перамоў. У абноўленай Канстытуцыі, як і ў ранейшым варыянце, ясна сказана, што асноўнай крыніцай улады з'яўляецца народ. А каб не паўтарылася тое, што здарылася ў 2020 годзе, усе наступныя электаральныя кампаніі павінны прайсці дэмакратычна, у адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства».

 Паводле nv-online.info