Леў Львоўскі: Беларускія дзяржпрадпрыемствы вярнуліся ў часы кавіду
На 1 сакавіка запасы гатовай прадукцыі на беларускіх складах дасягнулі 9,053 мільярда рублёў, і гэта абсалютны рэкорд за апошнія 7 гадоў. Старшы навуковы супрацоўнік BEROC, доктар эканамічных навук Леў Львоўскі расказвае, што азначае рэкордная колькасць складскіх запасаў у Беларусі.
— Самая базавая лічба, па якой мы ацэньваем эканоміку, — гэта ВУП — рынкавы кошт тавараў і паслуг, якія мы ў эканоміцы вырабілі за год, — тлумачыць «Філіну»Леў Львоўскі. — Але там ёсць дэталі, часткамі ВУП можна трохі маніпуляваць. Для ВУП усё роўна, прадалі вы вырабленую прадукцыю ці яна захоўваецца на складзе.
У звычайных краінах няма праблем са складскімі запасамі, таму што фірма вырабляе і прадае прадукцыю, на склад ніхто не працуе. Але ў Беларусі, дзе значная частка эканомікі дзяржаўная, бываюць такія эксцэсы з вытворчасцю на склад.
Чым гэта небяспечна? Калі вы вырабілі шмат трактароў і паставілі іх на склад, і іх хтосьці купіць — выдатна. Проста вы зрабілі цяпер, а плацяць вам пазней. У гэтым няма ніякай праблемы. Праблема ў тым: а што, калі іх не купяць? Вы ўжо цяпер марнуеце грошы на вытворчасць, на энергію, на заробкі, а грошы вам заплацяць, можа быць, у будучыні, і незразумела калі, калі гэта не выраблена пад нейкі заказ. Такім чынам, ствараецца фінансавы навес.
І калі такая сітуацыя працягваецца доўга, то прадпрыемства можа збанкрутаваць. З аднаго боку, у яго будзе шмат прадукцыі, якая ляжыць на складах, з другога — няма грошай на тое, каб падтрымліваць дзейнасць. У нашым выпадку крыху лягчэй прадпрыемствам — у тым сэнсе, што большая частка тых, хто цяпер працуе на склад, гэта дзяржпрадпрыемствы.
Мы ўжо некалькі разоў бачылі, як дзяржава ў выпадку вялікіх праблем з дэбіторскай запазычанасцю або вялікімі складскімі запасамі ратуе іх так ці інакш: альбо дырэктыўным крэдытаваннем, альбо прымушае банкі спісваць запазычанасці.
Тады пачалося тое, што называецца жангліраванне трактарамі, калі трактары перапісваліся ад аднаго ўласніка іншаму. Калгасы, якім трактары былі не патрэбныя, прымушалі браць іх на баланс.
Гэта адно з наступстваў, калі незразумела, што рабіць з вырабленым таварам.
Цяпер складскія запасы вышэйшыя, чым былі ў 2020 годзе. Гэта азначае, што насамрэч справы ў нас ідуць не так добра, як можна меркаваць з ВУП.
У 2020 годзе нам пашанцавала: мы ўсе выраблялі на склад, быў вялікі фінансавы навес, які пагражаў сур'ёзным крызісам, але потым кавід скончыўся, мы ўвайшлі ў 2021 год, дзе яшчэ санкцыі дэ-факта не дзейнічалі, і ў свеце была аднаўленчая фаза пасля рэцэсіі, выкліканай кавідам, попыт на ўсё пайшоў уверх, і мы паспяхова распрадалі большую частку складскіх запасаў.
З пачатку 2022 года складскія запасы зноў папаўзлі ўверх, і цяпер, калі зноў нам пашанцуе і здарыцца цуд, і ўсё распрадасца, то добра. Калі цуду не здарыцца, то пачнуцца сур'ёзныя фінансавыя праблемы.
— Якія перадумовы, што цуд здарыцца?
— Цуд на тое і цуд, што ў яго няма перадумоў. Гэта рэдкая падзея.
— Якія рэальныя выхады існуюць з сітуацыі, якая склалася?
— Трэба павялічваць продажы. Першае — павялічваючы геаграфію продажаў. З гэтым у краіны праблемы, Беларусь страціла двух з трох галоўных гандлёвых партнёраў. Экспарт у Еўропу ўпаў на 60 адсоткаў у сувязі з санкцыямі, ва Украіну — амаль на сто адсоткаў.
Цяпер Лукашэнка ездзіць па краінах кшталту Зімбабвэ і спрабуе ім прадаць нешта, нейкія трактары. Нядаўна былі паведамленні што з Кеніяй нейкі кантракт падпісалі.
Замясціць гандлёвых партнёраў будзе складана. Частковае замяшчэнне адбылося: моцна нарасцілі экспарт у Расію. Па ўсёй бачнасці, дадатковыя аб'ёмы туды прадаць не можам.
Другі варыянт — зніжаць цэны, каб адваёўваць вялікія нішы ў цяперашніх пакупнікоў. Тут ёсць патэнцыял, на мой погляд. Беларускі рубель за 2022 год аслабеў да расійскага, гэта значыць нашы тавары сталі таннейшымі для расейцаў.
У нас павялічваецца ступень адміністрацыйнага рэгулявання эканомікі. Вы зробіце зніжку на што-небудзь, прадаеце ў Расію, а потым прыходзіць Лукашэнка і кажа, што вы гэта зрабілі няправільна, і вас саджаюць у турму, як гэта нядаўна здарылася з парай дырэктараў дзяржпрадпрыемстваў.
Я б дырэктарам дзяржпрадпрыемства не стаў, а то яшчэ пасадзяць. А за складскія запасы не садзяць.
— Як вы лічыце, ці будзе павялічвацца аб'ём складскіх запасаў?
— Складана прагназаваць. За 2022 год яны выраслі на 80 працэнтаў. У нейкі момант прадпрыемствы сутыкнуцца з праблемамі фінансавага характару, трэба будзе з чагосьці плаціць заробак. Тады яны пойдуць да ўрада і скажуць, што ў іх праблемы.
Далей усё будзе залежаць ад дзеянняў урада, які можа падоўжыць гэты рост. Такая верагоднасць існуе, таму што ў 2023 годзе ў нас заяўлены рост 3,8%. Браць яго няма адкуль, таму любыя сродкі напампоўвання ВУП могуць вітацца. Гэта кароткатэрміновае рашэнне.
Доўгатэрміновае — гэта ліквідаваць складскія запасы па больш нізкім кошце — і зноў новыя ўліванні грошай у эканоміку, каб латаць дзіркі ў бюджэце дзяржпрадпрыемстваў. А там новая інфляцыя і ўсё астатняе…