Расійскім вайскоўцам перастаюць плаціць грошы за вайну?

У Расіі мабілізаваным і кантрактнікам затрымліваюць і не плацяць абяцаныя заробкі, надбаўкі і сацвыплаты. Масавыя скаргі прыходзяць з паўсотні рэгіёнаў

fota_dzmitryja_dzmitryeva_novychas_805_logo_1.jpg

У 52 рэгіёнах Расіі і ў акупаваным Крыме з пачатку сакавіка 2023 года затрымалі або зусім не выплацілі зарплаты вайскоўцам. Кантрактнікі, мабілізаваныя, добраахвотнікі і іх сваякі кажуць, што замест абяцаных 195 тысяч рублёў у месяц на рахункі паступаюць сумы ў разы меншыя. Пра гэта піша расійскае выданне «Вёрстка».

Мяркуючы па расказах саміх вайскоўцаў РФ і іх блізкіх, частыя праблемы з выплатамі пачаліся са студзеня, але пра асобныя выпадкі ўтрымання і нявыплат заробкаў, надбавак і сацвыплат паведамлялі як мінімум з лістапада 2022 года. Прычым сутыкаюцца з гэтым і мабілізаваныя, і добраахвотнікі, і кантрактнікі.

З пачатку сакавіка дзясяткі паведамленняў аб нявыплатах з'яўляюцца ў групах у расійскай сацсетцы «ВКонтакте», прысвечаных выплатам мабілізаваным.

У каментарах аўтарам скаргаў нярэдка адказваюць, што Мінабароны РФ афіцыйна пераводзіць зарплаты з 10 па 20 дня кожнага месяца і што затрымкі могуць быць звязаны з пераводам самога вайскоўца ў іншую частку. У гэтых выпадках некаторыя прызнаюцца, што пазней усё ж атрымалі выплаты — проста са спазненнем. Іншыя публікуюць разліковыя лісты з асабістых кабінетаў вайскоўцаў на сайце Мінабароны РФ, дзе на месцы выплат стаяць нулі.


«Ёсць некалькі чалавек, якія з лістапада так «чакаюць»

«Ёсць людзі, якім не прыйшоў заробак за студзень і люты?», «Брату не плацяць два месяцы», «Тры месяцы няма заробку», «У Мінабароны сказалі, мужа ў спісе на заробак няма»… З пачатку сакавіка 2023 года дзясяткі падобных паведамленняў з'яўляюцца ў групах ва «ВКонтакте», прысвечаных выплатам мабілізаваным. Расійскія вайскоўцы і іх сваякі кажуць, што ім затрымліваюць або месяцамі не выплачваюць заробкі, надбаўкі і сацвыплаты.

Толькі ў першую палову сакавіка падобныя скаргі апублікавалі жыхары як мінімум 52 рэгіёнаў і анексаванага Крыма. Яны таксама паказвалі, у якіх банках адкрыты іх «ваенныя» рахункі: ВТБ, «Сбер», «Промсвязьбанк», «Тинькофф Банк», «Газпрамбанк», «Банк Расіі», «Палявы банк» і РНКБ (працуе на тэрыторыі Крыма).

Масавыя праблемы з выплатамі пачаліся ў 2023 годзе. У 2022 годзе з затрымкамі па зарплаце сутыкаліся адзінкі. Выданне «Вёрстка» звярнулася да некаторых з тых, хто пісаў пра затрымкі выплат з лістапада і снежня, але ад размовы з журналістамі яны адмовіліся.

Скрыны з сацсетак, дзе абмяркоўваюцца заробкі расійскіх вайскоўцаў. Фота: «Вёрстка»

«Бясплатна, ці што, ваяваць пачнём?» — цікавіцца адзін з падпісчыкаў суполкі

Сярод тых, хто не атрымлівае выплаты, і мабілізаваныя, і кантрактнікі, і добраахвотнікі. Напрыклад, Вікторыя з Масквы распавяла, што яе мужа мабілізавалі восенню мінулага года, а абяцаныя дзяржавай выплаты перасталі паступаць на карту са студзеня.

«Яны неяк звальняюць хлопцаў і пераводзяць у іншыя часткі. І ў гэты момант могуць зрабіць абы-што з дакументамі. У нас так і адбылося, — распавядае Вікторыя. — Калі шчыра, мне вельмі цяжка. Я ў дэкрэце, не працую. У нас двое дзетак: адной тры гады, другому восем месяцаў. Атрымліваю я толькі дзіцячую дапамогу каля 30 тысяч — і з гэтых грошай яшчэ дапамагаю мужу ўжо другі месяц, пераводжу яму грошы на яго выдаткі. Без дапамогі маці я б не выжыла».

Дар'я з Іванаўскай вобласці кажа, што яе мабілізаваны муж не атрымлівае заробаку з лютага. Пры гэтым некаторыя з яе знаёмых мабілізаваных, па яе словах, атрымліваюць выплаты, але ў разы ніжэйшыя за абяцаныя — па 7-15 тысяч рублёў у месяц.

3blue_tg_1_min_1024x640.webp


Па словах кіраўніка Цэнтра «Рэгіянальныя даследаванні» Дзмітрыя Лабойкі, для людзей грошы за ўдзел у вайне, абяцаныя 195 тысяч штомесяц — гэта аграмадныя грошы: «Для людзей з малых гарадоў і сельскай мясцовасці — проста велізарныя грошы. Калі глядзець на медыянныя (не блытаць з сярэднімі) зарплаты па рэгіёнах, то для многіх сума ў 200 тысяч рублёў супастаўная з заробкам за год. Да прыкладу, медыянны месячны даход у Татарстане складае каля 27 700 рублёў, у Самарскай вобласці — 23 600, ва Удмуртыі — 21000, у Мардовіі каля 17000, у Інгушэціі — 14000. Гэта даныя за 2020 год, пазнейшыя Расстат публікаваць перастаў. Калі затрымка за некалькі месяцаў, то для многіх удзельнікаў вайны гэта неймаверныя лічбы».

З аплатай за ўдзел у баявых дзеяннях людзі з расійскай глыбінкі звязвалі «надзеі якасна змяніць сваё жыццё, але ім давялося сутыкнуцца з рэальнасцю», робіць выснову Дзмітрый Лабойка.