Асуджанага за «тэрарызм» пенсіянера зноў будуць судзіць. Па факту можа стаць пажыццёвае
Раней, суд Ленінскага раёна Гродна 1 верасня 2022 года асудзіў 70-гадовага пенсіянера з Нясвіжа Васіля Дземідовіча да 6 гадоў калоніі са штрафам у памеры 50 базавых велічыняў (1600 рублёў).
Таксама з пенсіянера пастанавілі спагнаць маральную кампенсацыю пацярпелым ў суме 32 000 беларускіх рублёў. Яго абвінавацілі ў абразах прадстаўніка ўлады, суддзі, Лукашэнкі і арганізацыі масавых беспарадкаў.
Па версіі абвінавачання, Дземідовіч, «будучы актыўным удзельнікам канала “Карнікі Беларусі” і групы “Чат групы Карнікі” ў перыяд з верасня 2021 года па студзень 2022 года, размяшчаў у Інтэрнэт-мэсэнджары “Telegram” каментары, якія змяшчаюць падбухторванні, жаданне, зацікаўленасць і гатоўнасць да стварэння ўзброеных аб’яднанняў, скіраваных на прычыненне шкоды».
Заўтра, 31 студзеня, у Дзяржынску адбудзецца чарговы суд над пенсіянерам. Гэтым разам яго абвінавачваюць паводле арт. 369 КК (Абраза прадстаўніка ўлады). Справу будзе разглядаць суддзя Раман Крыловіч.
Пра Дземідовіча стала вядома выпадкова, са спісаў КДБ. Ён з’яўляецца самым пажылым беларусам, уключаным у спіс «тэрарыстаў».