Што з палітвязнем Дзмітрыем Івашковым?
Пра сябра ініцыятыўнай групы Сяргея Ціханоўскага нічога не вядома больш за месяц.
У рэдакцыю звярнуліся сябры Дзмітрыя з просьбай дапамагчы высветліць, чаму доўгі час няма сувязі з палітвязнем.
Сувязь родных з Дзмітрыем Івашковым знікала яшчэ ў пачатку снежня. Ён не патэлефанаваў, калі былі званкі яго атрада, пазней удалося даведацца, што яго адправілі ў ШІЗА на 10 сутак па нікому невядомых прычынах. Калі па сканчэнні 10 сутак Дзмітрый зноў не выйшаў на сувязь з роднымі, то зноў з'явілася інфармацыя аб тым, што яму дабавілі яшчэ 10 сутак за нешта.
Дарэчы, за год у Магілёўскай ПК-15 ён трапляў у ШІЗА ўжо 8 разоў. Родныя чакалі вестак ад яго пасля 24 снежня, але зноў цішыня. Пасля, як паведамляюць сябры палітвязня, начальнік калоніі распавёў бацькам, што Дзмітрыя перавялі ў ПКТ за шматлікія "парушэнні", і што нібыта ён з'яўляецца злосным парушальнікам, якіх у калоніі ўсяго 5 чалавек. Тэрмін, на які Дзмітрыя перавялі ў ПКТ, начальнік не агучыў.
Пазней Дзмітрый напісаў у лісце, што ён прабудзе там месяц і знаходзіцца ў ПКТ з 20 снежня, адразу пасля 20 сутак ШІЗА. У студзені, пасля 20 чысла, па сканчэнні месячнага тэрміну ў ПКТ, Дзмітрый зноў не выйшаў на сувязь. Вестак не было да канца месяца, а пазней удалося даведацца, што быў таемны суд, пра які нічога родным не паведамлялася, у выніку якога рашэннем суда было пастаноўлена адправіць Дзмітрыя ў крытую турму тэрмінам на тры гады.
Што за турма, калі яго адправілі і за што, сваякам паведаміць не палічылі патрэбным. Магчыма, хтосьці з былых вязняў можа нешта ведаць пра лёс Дзмітрыя Івашкова. Паведаміце, калі ласка, у рэдакцыю. Ананімнасць гарантуецца.
Нагадаем, Дзмітрый Мікалаевіч Івашкоў — сябра ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. Жанаты, ёсць сын Мікіта. Дзмітрый скончыў дарожна-будаўнічы тэхнікум, затым Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту. Працаваў інжынерам-канструктарам, прарабам, начальнікам будаўнічага ўчастку. Апошнім часам разам з бацькам займаўся вытворчасцю вырабаў з металу.
Увесну 2020 года Дзмітры далучыўся да каманды Сяргея Ціханоўскага. Удзельнічаў у зборы подпісаў і кампаніі агітацыі за Святлану Ціханоўскую.
Міліцыя затрымала яго 6 жніўня, моцна пабіўшы. Нягледзячы на шматлікія траўмы, актывіста арыштавалі на 15 сутак. Пакаранне адбываў у Брагіне — на той час гомельскі ІЧУ быў перапоўнены. У ізалятары пачала гнаіцца пашкоджаная нага. Трапіў у шпіталь.
Пасля выпіскі быў вымушаны доўгі час не жыць дома, хавацца, бо пад домам дзяжурыла міліцыя. Дзмітрыя шукалі.
27 верасня ён выйшаў на Марш пратэсту ў Гомелі, дзе яго затрымаў АМАП. Спачатку гаворка ішла пра адміністрацыйны арышт. Потым Дзмітрый апынуўся на "Валадарцы" і стаў абвінавачаным у крымінальнай справе аб «масавых беспарадках» і «захопе будынкаў».
4 траўня 2021 суд Чыгуначнага раёну Гомеля агучыў прысуды па крымінальнай справе ў дачыненні давераных асоб Святланы Ціханоўскай — Таццяны Канеўскай, Юрыя Уласава, Дзмітрыя Івашкова і Аляксандра Шабаліна. Іх абвінавацілі ў «масавых беспарадках» і планах па "захопе будынкаў". Суддзя Аляксей Хлышчанкоў прыгаварыў Дзмітрыя Івашкова да 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Дзмітрыя на волі чакае жонка з 13-гадовым сынам, а таксама ўсе ягоныя родныя.