Палітвязня-інваліда збіраюцца зноў судзіць

Руслан Садоўнічы выкладаў геаграфію ў школе. У 2020 годзе быў ва ўчастковай камісіі на прэзідэнцкіх выбарах, адмовіўся ставіць свой подпіс у пратаколе. У Руслана 3 група інваліднасці па зроку.

sadouniczy.png

Яго абвінавацілі ў тым, што ён напісаў мноства абразлівых паведамленняў у адрас міліцыянтаў і іх блізкіх. 21 лютага 2022 года Руслана асудзілі да 3,5 гадоў калоніі. 28 чэрвеня КДБ унёс палітвязня ў «спіс тэрарыстаў».
Тэрмін палітвязень адбываў у бабруйскай калоніі. Нядаўна супраць Руслана распачалі новую крымінальную справу паводле арт. 364 КК («Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў») і арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»).
Судзіць яго пачнуць 31 студзеня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска. Суддзя — Дзмітрый Карсюк.

Падтрымайце палітвязня пасылкамі і тэлеграмамі: СІЗА-1. 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2, Руслан Аляксандравіч Садоўнічы.


Нагадаем, Руслана затрымалі 29 верасня 2022 года. Праз некалькі дзён — 1 кастрычніка — у дачыненні да яго ўжылі меру стрымання ў выглядзе знаходжання пад вартай.
Калі мужчыну вялі да залы суда, усіх прысутных выгналі з вестыбюля. Да гэтага ўсіх ахвотных трапіць на разгляд справы Руслана Садоўнічага абшукалі. У судзе дзяжурылі супрацоўнікі МУС у поўнай экіпіроўцы. Самога ж Руслана вялі ў залу суда, як злоснага злачынцу, — рукі ў кайданках заламаныя ўверх, галава ў падлогу. Маці Руслана, якая пабачыла гэта, зрабілася дрэнна проста ў судзе. Сам абвінавачаны выглядаў вельмі прыгнечаным.
Руслана абвінавачвалі ў тым, што, адчуваючы нянавісць да «дзейснай улады», ён напісаў мноства абразлівых паведамленняў у адрас супрацоўнікаў міліцыі і іх блізкіх.
Паводле версіі абвінавачання, 11 жніўня 2021 года Садоўнічы абразіў Марыю Пятровіч — жонку супрацоўніка МУС, напісаўшы ў яе адрас каментар: «с*ка поганая, чтобы ты сдохла».
15 верасня — у адрас супрацоўніка міліцыі Міхаіла Качалава: «урод, быстрей бы сдохла эта тв*рь, а то добрых новостей маловато».
17 верасня мужчына напісаў каментар пра намесніка начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама Валянціна Асіповіча: «м*азь, паскуда, шакал, сдохни».
20 верасня — пра начальніка УУС Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрыя Рэзнікава: «в Гродно тебе не рады, надеюсь, скоро ублюдок сдохнет».
Пацярпелыя на судовае пасяджэнне не з'явіліся, аднак даслалі ў суд заявы з просьбай разгледзець справу ў іх адсутнасці. За выключэннем Яўгена Юрэвіча, які паказаў, што з 7 па 11 лютага ён будзе знаходзіцца ў камандзіроўцы, а пасля вяртання гатовы ўдзельнічаць у судовым пасяджэнні. У выніку суд вырашыў разгледзець справу без пацярпелых, а Юрэвіча выклікаць паўторна пасля завяршэння ягонай камандзіроўкі.
Падчас судовага пасяджэння Руслан Садоўнічы прызнаў сваю віну па ўсіх эпізодах. Высокаму суду абвінавачаны растлумачыў, што нянавісці да палітычнага ладу не адчувае, а ўсіх пацярпелых абвінаваціў не як супрацоўнікаў міліцыі, а як звычайных людзей.
21 лютага суд вынес прысуд паводле ягонай справы. У гэты дзень малодшаму сыну Руслана споўнілася 5 гадоў, сам жа абвінавачаны да гэтага часу знаходзіўся за кратамі ўжо 147 дзён.
Мужчыну прызналі вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле арт. 369 КК РБ і прысудзілі да 1 году і 6 месяцаў пазбаўлення волі, пастанавіўшы выплаціць 50 базавых велічынь штрафу (1600 беларускіх рублёў); вінаватым паводле ч. 1 арт. 130 КК РБ, пакараўшы 2 гадамі пазбаўлення волі, а таксама вінаватым у здзяйсненні злачынства паводле ч.1 арт. 366 КК РБ, прысудзіўшы да 2 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі.
Шляхам частковага складання пакаранняў агулам Руслана Садоўнічага асудзілі да 3 гадоў і 6 месяцаў калоніі ўзмоцненага рэжыму, пастанавіўшы выплаціць штраф у памеры 50 базавых велічынь (1600 беларускіх рублёў). У якасці маральнай кампенсацыі суд пастанавіў выплаціць Качалаву 2000 рублёў, Юрэвічу — 1000 рублёў.