Што на самай справе хаваецца за заклікам улады «перагарнуць старонку»?
Заклік да апанентаў «пакаяцца» — гэта тое, што павінен быў бы зрабіць сам, але не можаш: бо і балюча, і сорамна, і страшна. Таму хочацца, каб іншы бок узяў віну на сябе. Сацыёлаг Генадзь Коршунаў у сваім тэлеграм-канале «Што думаюць беларусы» разважае пра тое, што насамрэч хаваецца за ідэяй беларускай улады пра «перагорнутыя старонкі». Гэтым разам навуковец звярнуўся да тэорыі калектыўнай траўмы.

Калі аналізаваць бягучыя падзеі скрозь прызму розных тэорый — то кожная з іх можа быць эўрыстычнай, кожная дасць свае вынікі. Але тэорыі калектыўнай траўмы (trauma studies), як мне ўяўляецца, — піша старшы даследчык Цэнтра новых ідэй Генадзь Коршунаў, — найлепшым чынам апісваюць дынаміку таго, што адбываецца ў беларускім грамадстве. Таму што калі мы гаворым пра траўму, то гэта не пра тое, што трэба кагосьці шкадаваць або ганіць, а пра тое, якія сэнсы ў сучаснасці мы бачым, і пра тое, праз што нам давядзецца прайсці ў будучыні.
Тыдзень толькі пачаўся, а знакавых падзей – і па перыметры Беларусі, і ўнутры краіны – ужо больш чым дастаткова. Нягледзячы на гэта я хацеў бы вярнуцца на мінулы разварот планавальніка і звярнуць увагу на адну з фразаў, якую Лукашэнка агучыў падчас канферэнцыі з замежнымі журналістамі.
Я маю на ўвазе фразу пра «перагарнуць старонку» 2020 года, якую Лукашэнка агучыў у чарговы раз. Першы раз гэта прапанову ён зрабіў расійскай прапагандыстцы Сіманьян у адказ на пытанне пра збіццё і катаванні журналістаў Russia Today.
У навагоднім звароце 2021 года перагарнуць станіцу прапаноўвалася ўжо ўсім беларусам. Крыху пазней у штогадовым пасланні да беларускага народу і парламенту такія словы былі накіраваныя калектыўнаму Захаду.
Цяпер гэты заклік быў адрасаваны беларусам замежжа, тым «...якія збеглі, здзейсніўшы тут правапарушэнні: «Давайце перавернем старонку, прыходзьце, будзем разбірацца!». Але, мабыць, беларусы — не Сіманьян і старонка неяк не перагортваецца.

Нават больш – старонка не перагортваецца не толькі для беларусаў. Вобразна кажучы, яе не можа перагарнуць і сам Лукашэнка, роўна як і яго набліжаныя, чыноўнікі і сілавікі. Так, калі ў грамадстве здараецца калектыўная траўма, то яе негатыўныя наступствы пражываюць не толькі тыя, супраць каго быў накіраваны гвалт, але і тыя, хто яго ажыццяўляў. Сутнасць траўмы «таго боку» складаецца як мінімум з двух складнікаў:
- Па-першае, у разбурэнні таго, што класікі называюць анталагічнай бяспекай —прадказальнасць штодзённасці і звязанае з ёй пачуццё бяспекі (ну ці тое, што ў рыторыцы ўлады называецца «стабільнасцю»),
- Па-другое, у дэфармацыі ўласнай ідэнтычнасці — у разбурэнні свайго вобраза як «усенародна абранага прэзідэнта», «гаранта законнасці», «абаронцы правапарадку», «ахоўніка інтарэсаў краіны» і г. д.
Іх дзеянні (асабліва гэта відаць на прыкладзе Лукашэнкі) цудоўным чынам укладваюцца ў мадэлі траўматычных паводзін, характэрныя для групы злачынцаў. Для прыкладу можна ўзяць артыкул Гілада Хіршбергера «Калектыўная траўма і сацыяльнае канструяванне сэнсу», у якой вылучаецца некалькі магчымых паводніцкіх стратэгій такога тыпу.

Першая — адмаўленне падзеі як такой
Гэта крайняя форма псіхалагічнай і інфармацыйнай самаабароны, татальнае адмаўленне таго, што адбылося. У нашым выпадку, калі падзеі 2020 года пражывала фактычна ўся краіна, калі ўсё было даступна ў анлайн-фармаце і лёгка можа быць рэархівавана, такое адмаўленне практычна не магчымае. Але гэта не перашкаджае ні Лукашэнку, ні прапагандыстам талдычыць, што ўсё роўна нічога не было, пратэстоўцаў набіралі з масоўкі, сінякі проста фарбай намалявалі, і наогул там толькі прастытуткі з наркаманамі былі, якія ўвагі ніякай не вартыя. І так — палітвязняў у нас таксама няма, бо няма такога артыкула ў Крымінальным кодэксе.
Другая стратэгія — перапісванне гісторыі
Гэта больш комплексны падыход да пытання. У яго ўкладваецца і радыкальнае памяншэнне колькасці як пратэстоўцаў, так і тых, хтоэміграваў (паводле апошніх звестак, «ніякіх там мільёнаў няма. Хтосьці называе дзве тысячы, хтосьці — да чатырох тысяч»). І перакладанне адказнасці за гвалт на саміх пратэстоўцаў (маўляў, самі справакавалі, «сілавікам хрыбетнікі ламалі»), і адмова ім у суб'ектнасці (нашых «авечак» задурылі-падманулі-прывабілі праклятыя польскія-літоўскія-чэхаславацкія «лялькаводы»). І прадпрынятая летась спроба зрушыць фокус грамадскай увагі на іншыя падзеі, напрыклад, на генацыд беларускага народа ў перыяд Другой сусветнай вайны (па Ваміку Волкану гэта называецца «канструяваць абраную траўму»).

Трэцяя стратэгія — гэта якраз і ёсць «перагортвання старонкі» (Хіршбергер называе гэта «закрыццё дзвярэй у гісторыю»).
Лічыцца, што «закрыццё дзвярэй» (гэта значыць прызнанне таго, што было, але адмова ад абмеркавання гэтага) сапраўды можа прынесці карысць, але гэта працуе толькі ў тым выпадку, калі такая стратэгія з'яўляецца часткай сумленнага і ўзаемнага працэсу грамадскага прымірэння. Калі ж «закрыццё дзвярэй» зыходзіць толькі са «злачыннага» боку — то, працытую, «гэта можа адлюстроўваць стомленасць ад цяжару віны і можа быць звязана з варожасцю ў адносінах да групы ахвяр». Што мы, уласна, цяпер і назіраем: прымірэнчая рыторыка абсалютна голая і маніпулятыўная, пры гэтым яна вядзецца на фоне бесперапынных рэпрэсій, што ні на хвіліну не ставяцца на паўзу, супраць усіх нязгодных з «лініяй партыі».

Ёсць і чацвёртая стратэгія — прызнанне віны і прыняцце адказнасці за тое, што адбылося.
Вось тут — чаго няма, таго няма: ні віны, ні адказнасці, ні распачатых спраў па расследаванні злачынстваў сілавікоў у 2020 годзе. Затое ёсць праекцыя і перанос – заклікі пакаяцца-раскаяцца на адрас пратэстоўцаў. Гэта калі тое, што павінен быў бы зрабіць сам, але не можаш (і балюча, і сорамна, і страшна). Таму хочацца, каб іншы бок на гэта пайшоў, узяў віну на сябе. Ах, як бы некаторым хацелася, каб «змагары» прыпаўзлі на каленях і малілі аб магчымасці стаць яшчэ большымі ябатьками, чым самі ябатьки... на колькі б стала прасцей некаторым жыць у свеце «перагорнутай старонкі»…
Але ж не. У гэтай кнізе старонкі напісаны занадта дарагой цаной. І яны пішуцца дагэтуль.
