Месцы, праз якія ўладу лепш не нараджаць. Што ж трэба для дасягнення дэмакратыі?
Апошнім часам даводзіцца часцяком чуць фразу: «Вінтоўка нараджае ўладу». Пры гэтым аматары гэтага займальнага палітычнага акушэрства не пераймаюцца ні кантэкстам фразы, ні вынікамі працэсу.
Больш за тое, яны падыходзяць да гэтай фразы як да аксіёмы, не спрабуючы спраўдзіць сваё перакананне хоць нейкімі канкрэтнымі прыкладамі з гісторыі. Яны старанна тычуць месцам, адкуль, па іх меркаванні, мусіць вылезці ўлада, у твары суайчыннікаў (пакуль — фігуральна) і заклікаюць тых да барацьбы.
Маўляў, уладу можна заваяваць толькі сілай. Таму аніякія мірныя формы барацьбы, аніякія выбары-шмурыбары не могуць прывесці да поспеху. А тым больш, здыманне абутку перад тым, як залезці на лавы. Лавы трэба ламаць — вось шлях да поспеху, годны мужных свабодных людзей! І далей робіцца выснова: толькі людзі ўзброеныя і маюць права на кіраванне дзяржавай і грамадствам. Таму — дарогу тым, у каго ў руках зброя! Не, гэта не будзе вайсковай дыктатурай. А чым жа гэта будзе? Маўчаць. Не даюць адказу.
Пры гэтым гісторыя — нашая старая добрая настаўніца жыцця — мае ў сваіх хрэстаматыях масу прыкладаў, хто, дзе, калі і як спрабаваў ажыццявіць гэты лозунг і перадаць уладу вайскоўцам. І яна, як заўжды, гатовая нас навучыць, як не трапіць у пастку маніпуляцыяў (наўмысных ці не) і, як вынік, не зрабіць трагічны выбар. Але вучыць яна толькі тых, хто жадае і гатовы навучыцца.
Палітыка Рымскай Рэспублікі: ваеначальнікам і легіянерам уваход забаронены
У Старажытным
Рыме эпохі Рэспублікі (509-27 гады да нашай эры) войска было істотнай часткай
палітычнай сістэмы. Пры гэтым зброя арміі была накіраванай на абарону (ці на
прыдбанне тэрыторыяў), але не на вырашэнне ўнутрыпалітычных пытанняў. У гэтым
плане войска было цалкам падпарадкаваным магістратам — тым, каго абіралі
галасаваннем. Уласна, і вышэйшымі ваеначальнікамі былі менавіта тыя, каго абраў
народ на пасаду консулаў. Сенат даваў консулам права камандаваць арміямі ў
інтарэсах рымскага народу па-за межамі Рыму. Але весці войскі ў сам Горад
жорстка забаранялася — і законамі, і традыцыямі.
Падставы для такой забароны былі зразумелымі: войска можа служыць толькі рымскаму народу, а не палітычным амбіцыям нейкага канкрэтнага ваеначальніка. Калі нехта дзеля дасягнення сваіх палітычных мэтаў прывядзе ў Рым узброеных легіянераў, гэта будзе ўжо дыктатура. Ці тыранія. Але ў аніякім разе не дэмакратыя. А Рэспубліка і ейная ўнутраная стабільнасць трымалася менавіта на дэмакратычным ладзе.
Так было, пакуль у пачатку І стагоддзя да нашай эры гэтыя законы і традыцыі не пачалі парушацца. Першым быў Люцый Карнэлій Сула, які ў выніку зрабіўся дыктатарам. Але самым вядомым парушальнікам (хоць і не першым) быў Цэзар. Ён перавёў свае легіёны цэраз Рубікон, які тады быў межамі Рыма, куды забаронена было ісці з войскам. Тым самым Цэзар даў штуршок грамадзянскім войнам, свайму шляху да вярхоўнай улады і падзенню Рэспублікі.
У выніку легіянеры пачалі быць лаяльнымі не рымскаму сенату, а свайму ваеначальніку, што і прывяло да ўсталявання стратакратыі (ад στρατός — “войска” і κράτος — “улада”). Чалавека, які ўзначальваў дзяржаву, клікалі “імператарам” — гэтым ганаровым тытулам раней вызначалі выбітных ваеначальнікаў.
Дык што, скажуць аматары той самай стратакратыі, імперыя — гэта заваёвы, слава, багацце — казка, а не жыццё! Ну, так. Нават калі ігнараваць той факт, што заваёвы і рабаўніцтва захопленых тэрыторыяў зрабілася ў нашыя часы не comme il faut, да цудоўнага панавання ваеначальнікаў дадавалася яшчэ і такая “прыемная” з’ява, як тыранія. З такімі наступствамі, як, напрыклад, праскрыпцыі. Гэта калі ўладары складаюць спісы сваіх ворагаў і “ворагаў дзяржавы”, якіх абвяшчаюць па-за законам.
То-бок, у адзін цудоўны момант ты знаходзіш сваё імя ў такім спісе, а гэта значыць, што закон не проста больш не абараняе цябе, але патрабуе ад любога чалавека як мага хутчэй забіць цябе, каб атрымаць узнагароду і не быць, у сваю чаргу, пакараным. Амаральна, кажаш? А вось што маральна, а што — не, вырашаць будуць тыя, каго такім правам надзеляць вайскоўцы. І калі прыгадаць яшчэ такіх “гарэзлівых” персанажаў, як Калігула ці Нэрон (пра іншых проста менш вядома, але яны маглі б скласці канкурэнцыю прыгаданым), дык жаданне жыць у дзяржаве з стратакратыяй неяк імкліва знікае. Ну, калі ты — не кончаны мазахіст ці мізантроп.
“Японія — впердзе!”
Японія, якая звязана ў нас з вобразам ваяра-самурая, падаецца, можа даць паспяховы прыклад панавання вайскоўцаў. А як жа — высакародныя ваяры, якія арыентуюцца ў жыцці на свой кодэкс гонару і годнасці і вырашаюць лёс дзяржавы ў адпаведнасуі з сваімі высокімі памкненнямі…
Для пачатку, самураі — узброеныя слугі. У палітыцы яны, у адрозненне ад легіянераў Рымскай Імперыі — інструмент, а не гаспадар. Ды й усе гэтыя іхнія кодэксы гонару, прагна смерці ды іншыя прыбамбасы — не больш, як лягенды, казкі, канструкты. Але гэта — асобная тэма.
Тым не менш, была ў гісторыі Японіі эпоха, калі вайскоўцы вызначалі лёс краіны. Не ўсе, канечне. Але “лепшыя” іхнія прадстаўнікі. Было гэта ў першай палове ХХ стагоддзя.
Даўно мінула эпоха Эда — часы панавання “ваеначальнікаў-сёгунаў” (насамрэч — слабых бясколерных несамастойных адміністратараў, але гэта — таксама асобная тэма). На двары стаяла эпоха Тайсё (1912-1926) з ейным палітычным, эканамічным і культурным лібералізмам і не зусім здаровым псіхічна імператарам (што хадзе жыцця, уласна, не замінала). У Японіі — як і па ўсім пасляваенным свеце — стаяў дым каромыслам, з усімі адпаведнымі эпосе дансінгамі, джазам, сінематографам (і парнушкай — куды ж без яе?) і ўсімі гэтымі прынцыпамі вольнага — ну зусім вольнага — рынку.
“Нармалёвыя” японцы, сутыкаючыся ілбамі, блукалі ў гэтым кумары бездухоўнасці ў пошуках хоць нейкіх скрэпаў. Першынство ў гэтым занятку трымалі вайскоўцы. Сярод іх пачала набываць папулярнасць ідэя будучай татальнай вайны за сусветнае панаванне. А перамагчы ў гэтай вайне здолее толькі тая дзяржава, усе інстытуты і ўсё насельніцтва якой будзе працаваць выключна на вайсковую сферу. І на чале якой будуць вайскоўцы. Бо хто яшчэ настолькі маральны, адказны, адукаваны, дысцыплінаваны і адданы Радзіме, як вайсковец?
А вайскоўцы — людзі справы. Не жадае цывільны ўрад навучыць неразумных кітайцаў, хто ва Усходняй Азіі гаспадар? Дык мы самі іх навучым. Не жадаюць гэтыя банкіры-прадпрымальнікі, якія за некалькі йен маці сваю прададуць, спыніць здзекі з працоўнага люду? Дык мы іх да паўзногцю! Не жадаюць гэтыя прадажныя партыйныя палітыканы дзяліцца сваёй легітымнасцю? Дык хай самі сябе вінавацяць! І закруцілася: уварванне ў Маньчжурыю, забойствы палітыкаў і бізнэсоўцаў, спробы дзяржаўных пераваротаў.
Апошняе, праўда, было залішнім. Бо ўжо ў хуткім часе бізнэсоўцы вырашылі, што лепш даваць паболей ільготных крэдытаў сялянам, палітычныя партыі — што лепш самараспусціцца, камуністы — пакаяцца, пацыфісты — пачаць апяваць мілітарызм. Які, уласна, апанаваў Японіяй.
Вынікі гэтага, вось усяго, добра вядомыя: гіганцкія чалавечыя, матэрыяльныя і іміджавыя страты з паразай у вайне і акупацыяй краіны. Пасля чаго японцы не тое, што згубілі жаданне вайскоўцаў да ўлады дапускаць — яны на працяглы час згубілі жаданне ўвогуле мець войска. А як прыгожа і пераканаўча ўсё пачыналася!
Аўтара!
Калі мы зазірнем у тую ж эпоху, але крыху на захад ад Японіі — у Кітай, мы пабачым усё тое ж панаванне мілітарыстаў і ягоныя наступствы. А таксама і самога аўтара выразу пра вінтоўку, якая “нараджае ўладу”. Вось ён: будучы лідар Камуністычнай партыі Кітаю і Кітайскай народнай рэспублікі таварыш Маа Цзэдун.
Кітай, у адрозненне ад Японіі, нея здолеў у канцы ХІХ стагоддзя правесці неабходныя рэформы і мадэрнізавацца. За гэта пачатак ХХ стагоддзя грымнуў яму ў твар рэвалюцыяй і звяржэннем манархіі. Але дэмакратыя не атрымалася, хоць аніякіх проціпаказанняў не мела. А ўсё з-за дамінавання вайскоўцаў у палітыцы. Яны спачатку прыбралі дэмакрата Сунь Ятсэна з пасады прэзідэнта і замянілі яго генералам Юань Шыкаем. Потым, пасля смерці Юань Шыкая, не давалі дзяржаве аб’яднацца. Ды й увогуле, настолькі накаталі краіну духам вайны і гвалту, што яна доўга не магла выдахнуць.
Толькі вялікімі высілкамі, да 1927-га, Гаміньдан — нацыяналістычная партыя прыхільнікаў і спадкаемцаў Сунь Ятсена — здолела неяк аб’яднаць Кітай вакол свайго ўраду ў Нанкіне. Не ў апошнюю чаргу, пры дапамозе зброі. Вось гэта і падгледзеў Маа ў сваіх былых саюзнікаў (быў час, калі Гаміньдан і КПК былі разам). І вырашыў, што пры дапамозе зброі можна ўзяць уладу. Упершыню ён гэтую “праўду” выказаў у тым самым 1927-м. У арыгінале гэта гучала такім чынам: “З рулі стрэльбы нараджаецца ўлада” . І тады ж камуністы пачалі актыўна мерацца нараджальнымі здольнасцямі руляў сваіх стрэльбаў з гаміньданаўцамі.
А ў тых рулі адраслі — буць здароў! — камуністам з іх не аднойчы перападала. Гэтае “меранне” ўвайшло ў гісторыю як грамадзянская вайна і цягнулася з 1927 па 1950-ты год ( з перапынкам на вайну з Японіяй у 1937-1945-м) і каштавала Кітаю каля 13 млн жыццяў. У КПК руля апынулася дліннейшай, і Гаміньдану, падціснуўшы хвост, давялося хавацца на Тайвані.
У далейшым абодва бакі зрабілі выснову, што вайсковыя метады — гэта не тое, што робіць краіну моцнай і багатай. Таму яны перайшлі да лібералізацыі ў эканамічнай сферы. То-бок, перш за ўсё, далі людзям магчымасць працаваць і зарабляць. Але гаміньданаўцы на сваім Тайвані пайшлі далей: яны яшчэ й запусцілі лібералізацыю ў палітычнай сферы. І гэта дало ім перавагу: эканамічная лібералізацыя плюс дэмакратызацыя далі болей для росту эканомікі і ўзроўню жыцця, чым проста эканамічная лібералізацыя.
Дарэчы, у 1938-м Маа дадаў да сваёй фразы працяг: “Але наш прынцып заключаецца ў тым, што стрэльбай камандуе партыя, а стрэльбе аніколі не будзе дадзена камандаваць”. Чым падкрэсліў, што палітычнае кіраўніцтва — вышэй за стрэльбу.
Прыўкраснае далёка нашых мараў…
Нельга казаць, што людзі не спрабавалі пагуляцца ў сваіх фантазіях з тэмай стратакратыі і ейнымі наступствамі для грамадства. Плёнам такіх “гульняў” зрабіўся раман Роберта Хайнлайна “Зорны дэсант”. У ім дэманструецца грамадства будучыні, дзе ў палітыцы дамінуюць вайскоўцы, а палітычныя правы (у тым ліку — галасаваць і займаць дзяржаўныя пасады) могуць мець толькі тыя, хто адслужыў у войску. У рамане праслаўляюцца мужнасць, адвага, “акопнае братэрства” ды ўсё іншае, што звязана ў нашых рамантычных уяўленнях з вайной.
Пачытаеш раман — хочацца бегчы ў бліжэйшы ваенкамат, хоць ты сам ужо даўно і адслужыў сваё. Бо раман пабудаваны на чыстай маніпуляцыі, якая ўзмацняецца праз вялікі талент аўтару. І ты не заўважаеш, як трапляеш у пастку таго, што завецца “фашызм”. З ягонай іерархіяй каштоўнасцяў, наверсе якой стаіць ідэя, а не чалавек. З падпарадкаваннем усіх мараў, памкненняў, пачуццяў “вялікай мэце”. З жыццём, зацыкленым на зброі, баявых аперацыях, вынішчэннем “іншых”, дысцыпліне і кульце сілы. І канечне, з суправаджальным голасам, які інтэрпрэтуе тое, што ты бачыш — так, як ты павінен гэта бачыць, а не так, як гэта ёсць на твой погляд.
Найлепшай крытыкай гэтага раману з’яўляецца аднаймённы фільм Пола Верховена. Для тых, хто не здолеў прачытаць, насуперак Хайнлайну, пра што раман. Там, дзе “звышлюдзі”, узброеныя фантастычнымі тэхналогіямі, змагаюцца з такім “чужым”, што больш “чужога” не бывае. Вось толькі апрануты яны ва ўніформу, якая нагадвае ўніформу вермахту і войскаў СС часоў апошняй (крайняй?) Сусветнай. І подзвігі яны здзяйсняюць на чужой тэрыторыі. І пачалося ўсё з таго, што неадэкваты на гэтую чужую тэрыторыю, парушаючы права, палезлі. А вынік — крах жыццяў, планаў, мараў, каханняў… І голас, які кажа: “Жадаеце даведацца болей?”
…І не менш прыўкраснае цяперашняе
Эфектыўнасць стратакратыі можна прверыць у наш час. Такую магчымасць дае Мьянма, дзе рэжым вайскоўцаў пануе ўжо больш за 70 год (з невялічкім перапынкам на парасткі дэмакратыі ў мінулым дзесяцігоддзі). Гэта, канечне, таксама — тэма асобная. Але дастаткова казаць, што ні эканоміка, ні ўзровень жыцця, ні бяспека для людзей у гэтай краіне не могуць і блізка задаволіць нашыя запыты. І ўсё гэта — вынік тэзісу, што “вінтоўка нараджае ўладу”. Грамадзянская вайна ідзе там увесь час існавання краіны. Яна — гэтая вайна — і абумоўлівае камфортнае існаванне вайскоўцам. Яна апраўдвае неабходнасць іхняга кантролю па-над грамадствам і рэсурсамі краіны. А тое, што нехта там узяўся за зброю ў спробе звергнуць іхні рэжым, дык гэта толькі дадае ім трываласці. Бо вайна — гэта натуральная серада іхняга існавання.
Тут, дарэчы, можна прыгадаць яшчэ адзін маніпулятыўны аспект той ідэі, што “вінтоўка нараджае ўладу”. Бо сама фраза не ўдакладняе, чыю ўладу яна нараджае. Чамусьці існуе перакананне, што як толькі народ возьмецца за зброю ў барацьбе з тыраніяй, дык тыранія тут жа капітулюе, размазваючы слёзы і соплі па сваім паганым твары. Але колькі прыкладаў у гісторыі, калі збройны чын прыносіў выключна смерці і разбурэнні і завяршаўся паразай? Паўстанне 1831-га, рэвалюцыі 1848-га, рух бабідаў, паўстанне тайпінаў, паўстанне 1863-га, Парыжская камуна — спіс можна доўга працягваць. Адно што, можна прыгадаць поспех расійскіх бальшавікоў, але якому грамадству патрэбны такі поспех?
Дык як вось у гэты канкрэтны наш час дасягнуць сваіх мэтаў — свабоды, дэмакратыі, вызвалення зняволеных, вяртання тых, хто мусіў з’ехаць? Няўжо бяз зброі гэта будзе магчыма? Дык гісторыя і дэманструе, што зброя — самы ненадзейны сродак дасягнення падобных мэтаў. Дыктатуры — так. Тыраніі — так. Дэмакратыі — не. Для дасягнення дэмакратыі мірныя метады — найлепшыя.
У нашым канкрэтным выпадку гэта можа заключацца ў тым, што пасля паразы зла ва Украіне і пачатку перамоваў па пасляваенным уладкаванні, мы даможамся, каб тэма свабоднай і незалежнай Украіны не разглядалася без адрыву ад тэмы свабоднай і незалежнай Беларусі. Бо бяз гэтага немагчыма ўявіць сабе надзейную сістэму бяспекі ва Усходняй Еўропе. Ціск з боку міжнароднай супольнасці, накіраваны на дасягненне гэтага, будзе куды больш эфектыўным, чым любыя ўварванні і партызанскія дзеянні. Без зброі тут, канечне, не абыйсціся. Але гэтай зброяй будзе слова. Тое самае, якое было на пачатку.