Вы не ахвяры, а тыя, хто выжыў, і гэта крута. Як гештальт-тэрапія дапамагае пры ПТСР

Гвалт, турма, вайна выклікаюць страх, шок, пачуццё бездапаможнасці, якія могуць стаць прычынай посттраўматычнага стрэсавага расстройства (ПТСР). Псіхатэрапеўт Яўгіння Тачыцкая распавядае пра адзін з метадаў лячэння. Таксама прапануем памятку пра прычыны, сімптомы, лячэнне ПТСР і тэхнікі самадапамогі.

_belarus_pryroda_vosen_2022_fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__6__logo.jpg


«Моцна траўмаваны чалавек звычайна распавядае гісторыю, які ён быў бездапаможны, нічога не мог кантраляваць і як яму было страшна і сорамна праз гэта. Мы пераказваем гэтую гісторыю інакш: як чалавек трапіў у жахлівую сітуацыю і справіўся з ёй. Гэта канцэпцыя выжылага: я не ахвяра, я выжыў/ла, гэта крута, не кожны можа, — тлумачыць псіхатэрапеўтка сутнасць працы. — Пры ПТСР траўма разбурае вобраз сябе і глыбінную ўстаноўку аб тым, што "свет бяспечны, усё пад кантролем, і са мной нічога не можа здарыцца". Так, мы не можам кантраляваць некаторыя падзеі, якія з намі адбываюцца, але мы можам кантраляваць наша стаўленне да іх. Большая частка тэрапіі зводзіцца да таго, каб чалавек зноў знайшоў рычагі кіравання сваім жыццём. Мы пераносім фокус увагі з самой траўматычнай сітуацыі на тое, як чалавек жыве і спраўляецца зараз».

Разуменне механізмаў хваробы супакойвае

Праца з ПТСР праходзіць у некалькі этапаў. Яўгіння Тачыцкая распавяла пра іх на прыкладзе канкрэтнага выпадку пацыента, з якім яна працавала 6 месяцаў: «Малады чалавек (25 гадоў) падчас пратэстаў пасля выбараў быў жорстка збіты сілавікамі, неаднаразова падвяргаўся пагрозам смерці, адсядзеў больш за год. Калі выйшаў на свабоду, некаторы час не мог кантактаваць з людзьмі, размаўляў толькі з блізкімі сваякамі, баяўся выходзіць на вуліцу, былі праявы дэпрэсіі і трывожнасці, таму ён прымаў прэпараты. Звярнуўся па псіхатэрапеўтычную дапамогу з вялікай цяжкасцю».

Праца пачынаецца з псіхаадукацыі, каб чалавек зразумеў, што з ім адбываецца, тлумачыць доктарка:

— Псіхатэрапеўт даступна распавядае, што адбываецца з чалавекам пры ПТСР на розных узроўнях, у тым ліку пра біяхімічныя і марфалагічныя змены ў мозгу. Разуменне механізмаў хваробы і таго, што гэта не ў аднаго яго такія праявы, як правіла, супакойвае кліента.

Потым псіхатэрапеўт навучае кліента спосабам самарэгуляцыі: што рабіць, калі накрыла паніка, страшныя ўспаміны, дэпрэсія. Важна навучыцца распазнаваць прадвеснікі гэтых станаў і зазямляцца. Калі ж накрыла цалкам, можна паступова развіць у сабе ўменне глядзець на гэта з боку: са мной адбываецца ўспамін, гэта пройдзе, як сутарга.

Таксама важна выпрацоўваць звычкі, напрыклад, 10 хвілін штодня займацца фізкультурай. Гэта руціна вяртае ў жыццё пачуццё кантролю. Важна вярнуць чалавеку ўпэўненасць, што ён можа стаяць на нагах у рэальнасці.

Таксама на першым этапе тэрапіі вядзецца ўзаемная праца па ўсталяванні даверу паміж тэрапэўтам і кліентам.

Далей працуем з самаацэнкай: хто я, на што я магу абапірацца ў сабе, што магу тут і цяпер. Выкарыстоўваецца канцэпцыя выжылага. З гэтым кліентам, да прыкладу, мы абмяркоўвалі, што ў яго хапіла механізмаў кампенсацыі, ён не звар'яцеў, не ўскрыў сабе вены, ён выжыў і цяпер дома.

Паралельна псіхатэрапеўт кансультуе блізкае асяроддзе кліента: як сябе паводзіць, каб дапамагчы.

«На бой з пачварай нельга ісці бяззбройнымі»

Калі чалавек становіцца на ногі, атрымлівае падтрымку, ён нарэшце можа сустрэцца з траўмай, тлумачыць экспертка:

— Гэта як ісці на бой з пачварай. Нельга змагацца бяззбройным, трэба даспехі, памочнікі — толькі тады можна сустрэцца з траўмай і перажыць тое, што перажываць не ўдавалася – боль, лютасць, сорам. Чалавек часта саромеецца траўмы, хоць гэта і гучыць нерацыянальна.

Але з траўмай трэба працаваць асцярожна, бо ёсць рызыка рэтраўматызацыі. Калі чалавек кажа, што гатовы з ей сустрэцца, тэрапеўт за ім уважліва назірае. Калі я бачу, што кліента пачынае трэсці, прапаную спыніцца, зазямліцца. Зазірнулі ў пячору з пачварай, стала страшна, балюча — адышлі, падыхалі, потым, калі ёсць жаданне і сілы, яшчэ раз паспрабавалі зазірнуць. І так крок за крокам.

Важна спецыяльна не прымушаць чалавека гэта распавядаць. Дарэчы, з ПТСР можна працаваць, наогул не абмяркоўваючы саму траўму.

«У чым быў сэнс гэтых выпрабаванняў?»

Пасля чалавек можа перайсці на наступны этап — да разумення, што ён набыў, прайшоўшы праз жахлівыя выпрабаванні, які ў гэтым быў сэнс.

— У нашым выпадку мой кліент патлумачыў сэнс таго, што адбылося, так: у яго ёсць каштоўнасці — не адступаць перад відавочным злом, не кідаць сяброў, зберагчы сябе для жыцця і блізкіх; ён гэтымі каштоўнасцямі не паступіўся і можа сябе паважаць; у яго ёсць вельмі цяжкі і горкі вопыт, але ён разумее, што можа гэта перажыць, і зыходзячы з гэтага, можа дапамагаць іншым.

Зразумела, што шрамы ў яго будуць гаіцца яшчэ доўга, але ён вярнуў сабе годнасць і адчуванне кантролю над сваім жыццём, — падкрэслівае псіхатэрапеўтка. 

Коратка пра ПТСР

Прычыны

Для ўзнікнення ПТСР падзея павінна быць незвычайнай па інтэнсіўнасці, насіць пагрозлівы або катастрафічны характар.

ПТСР можа быць:

  • у тых, хто перажыў траўму;
  • у сведкаў псіхатраўмуючых падзей;
  • у людзей, чыя блізкія моцна пацярпелі;
  • у прафесіяналаў, якія часта сустракаюцца з катастрафічнымі падзеямі (пажарныя, журналісты і інш).

Сімптомы

  • Флешбэкі — раптоўныя паўторныя перажыванні, ідэнтычныя тым, што былі ў момант траўмы;
  • імкненне пазбегнуць абставінаў, якія нагадваюць альбо асацыююцца са стрэсавым фактарам;
  • страта памяці ў сувязі з псіхатраўмуючым эпізодам;
  • раздражняльнасць;
  • бяссонніца;
  • звышнасцярожанасць;
  • складанасць засяродзіцца на чымсьці;
  • зніжаная здольнасць адчуваць радасць;
  • адчуванне адхіленасці ад людзей;
  • знікненне надзей на будучыню;
  • глабальнае пачуццё сораму за тое, што «трапіў у гэтую сітуацыю», што «мог бы сябе павесці па-іншаму», што «праявіў слабасць і спалохаўся» і інш.

Дыягназ

ПТСР ставіцца, калі такія праявы доўжацца больш за месяц.

Цяжкія наступствы

дэпрэсія;

ўстойлівая змена асобы;

суіцыды ці нарказалежнасць, у тым ліку алкагалізм — як варыянты сыходу ад моцных перажыванняў.

Лекі

антыдэпрэсанты і транквілізатары

Працягласць прыёму антыдэпрэсантаў — 1-2 гады (антыдэпрэсанты не выклікаюць прызвычаення).

Рэкамендацыі блізкім

Не прыспешвайце чалавека распавядаць аб траўме, дайце яму магчымасць самому выбраць час для аповеду.

Не падманвайце, кажучы, што цалкам разумееце тое, што перажыў пацярпелы.

Усяляк уключайце пацярпелага ў звыклы круг спраў (сумесныя вячэры, уборка кватэры і інш.).

Будзьце гатовыя да магчымых выбухаў агрэсіі, якія частыя пры ПТСР.

Будзьце ўважлівыя да яркіх праяваў: працяглае замыканне ў сабе, панічныя атакі, суіцыдальныя думкі. Калі яны ёсць — абавязкова прапануйце звярнуцца да спецыялістаў.

Калі чалавек адчувае страх і сорам, што яго палічаць «псіхам» або «слабаком» пры звароце да спецыяліста, растлумачьце, што сорам — гэта тыповы сімптом ПТСР.

Выклікайце хуткую, калі спробы суіцыду відавочныя, а ўспышкі агрэсіі небяспечныя.

Простыя практыкаванні зазямлення

1. Аднавіце дыханне з дапамогай практыкавання «Свечка-кветка»: задзьміце ўяўную свечку (доўгі выдых), удыхніце водар уяўнай кветкі (не менш за 8 разоў).

2. Выпіце шклянку вады невялікімі глыткамі, ці хаця б намачыце рот.

3. Дакраніцеся да любой паверхні і ў думках апішыце, што гэта за паверхня: гладкая, халодная, шурпатая і г. д.

4. Назавіце шэсць колераў, якія вы зараз бачыце. Знайдзіце пяць самых маленькіх прадметаў і пяць самых вялікіх. Знайдзіце вачыма пяць прадметаў рознай фактуры. Гэта методыка дапамагае пераадолець сіндром тунэльнага зроку, які ўзнікае пры моцным стрэсе.

5. Палічыце ад 20 да нуля ўслых. Перад пачаткам адліку неабходна выдыхнуць.

6. Ацаніце тэмпературу памяшкання і ўласнага цела. Спытайце сябе, холадна вам ці горача. У крызісных сітуацыях у чалавека знікае адчуванне цела, таму неабходна свядома засяродзіцца на адчуванні тэмпературы.

7. Прыцісніцеся рукамі альбо спіной да сцяны. Гэта дапамагае адчуць знешнюю кропку апоры. Таксама можаце адштурхнуцца ад падлогі або патупаць нагамі: «пазабіваць цвікі пяткамі».

8. Выканайце практыкаванне «Матылёк». Каб аднавіць адчуванне ўласнага цела, скрыжуйце рукі перад сабой, пакладзіце далоні на плечы і пастуквайце імі па чарзе ў няспешным рытме.

9. Таксама дапамагаюць супакоіцца:

— спевы;

— масаж вочных яблыкаў падушачкамі далоняў;

— пачарговае напружанне і расслабленне розных частак цела.