У Латвіі дазволілі перадаваць канфіскаваныя ў п'яных кіроўцаў аўто на патрэбы ўкраінскага войска
Сейм Латвіі ў чацвер у канчатковым чытанні прыняў папраўкі да закону аб падтрымцы цывільнага насельніцтва Украіны, якія прадугледжваюць магчымасць бязвыплатнай перадачы транспартных сродкаў, якія належаць дзяржаве, ва ўласнасць урада Украіны.
«Цяпер мы можам рэалізаваць канфіскаваныя ў п'яных кіроўцаў транспартныя сродкі, прадаўшы іх, здаўшы на перапрацоўку або разабраўшы на запчасткі, аднак мы бачым, што ў цяперашніх умовах яны былі б карыснай падтрымкай для народа Украіны», — заявіў агенцтву LETA старшыня камісіі па абароне, унутраных спраў і прадухіленню карупцыі Раймандс Бергманіс, які адказвае за прасоўванне законапраекта ў Сейме.
Рашэнне аб перадачы транспартных сродкаў, якія належаць дзяржаве, у кожным канкрэтным выпадку будзе прымаць урад згодна з Палажэннем аб парадку бязвыплатнай перадачы дзяржаўнай рухомай маёмасці ва ўласнасць замежных урадаў і міжнародных арганізацый.
Працэс перадачы транспартных сродкаў плануецца наладзіць праз арганізацыю, якая супрацоўнічае з урадам Украіны і атрымала канкрэтныя запыты аб дапамозе, гаворыцца ў анатацыі да закона.
Кааліцыя ў Сейме Латвіі раней дасягнула дамоўленасці аб тым, што аўтамабілі, канфіскаваныя ў п'яных кіроўцаў, могуць быць перададзеныя для патрэб украінскай арміі.
У кастрычніку Сейм Латвіі ўхваліў закон аб крыміналізацыі кіравання аўто ў нецвярозым стане.
Зрэшты яшчэ ўвесну такая практыка ўзнікла ў самой Украіне. Так, да пачатку красавіка ў нецвярозых украінскіх кіроўцаў забралі больш за 200 машын — і перадалі іх украінскай арміі.
У Беларусі таксама могуць канфіскаваць аўто за кіраванне ім у стане ап'янення. Да таго ж штраф за кіраванне ў нецвярозым стане з 1студзеня паднялі да сум ад 1600 да 3200 рублёў (раней — ад 1450 да 2900 рублёў). Гэта звязана з тым, што з 1 студзеня базавую велічыню павысілі з 29 да 32 рублёў. Услед за ростам базавай велічыні змяніліся сумы штрафаў а таксама іншых выплат.
Паводле «Еўрапейскай праўды», Delfi