Медыяэксперт: Дзяржаве нявыгадна перакрываць інтэрнэт

З'яўленне падкантрольных рэсурсаў, паспяховых у інтэрнэце — пытанне адкрытае: дзяржава не дае такой вольніцы, каб стваральнікі кантэнту адгукаліся на рэальныя патрэбы і боль людзей. Пра гэта пагаварылі з медыяэкспертам Паўлюком Быкоўскім.

_telebasznja___minsk___telebaczanne__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg


Лукашэнка падпісаў указ № 98, які выкладае ў новай рэдакцыі ўказ № 131 ад 31 сакавіка 2022 года «Аб развіцці сродкаў масавай інфармацыі». Калі коратка, гаворка вядзецца пра пашырэнне напрамкаў «выкарыстання сродкаў збору за размяшчэнне (распаўсюджванне) рэкламы на стварэнне і прасоўванне беларускага кантэнту».
Сродкі накіроўваюцца на аказанне падтрымкі ў выглядзе субсідый выключна дзяржаўным СМІ і арганізацыям.Як паведамлялася раней, у 2023 годзе дзяржСМІ атрымаюць з дзяржбюджэту больш за 160 мільёнаў рублёў, дзяржтэлеканалам дастанецца найбольшы кавалак пірага — каля 140 мільёнаў рублёў.
Хто і што атрымае? «Новы Час» пагутарыў з медыяэкспертам Паўлюком Быкоўскім.
— Калі параўнаць стары ўказ з новым, то ўбачым, што прынцыповых змяненняў няма, удакладняецца, якім суб’ектам гаспадарання дастанецца больш ці менш дзяржаўнай падтрымкі. Сістэма дзяржаўнай падтрымкі дзяржСМІ выбудавана на ўзроўні ўказаў, пастановы Савета міністраў і складаецца ўласна з размеркавання бюджэту, у якім таксама многія кірункі паказаны. Я б не лічыў гэта прынцыпова важным.
Больш цікава, каму сёння Лукашэнка лічыць важным накіраваць дзяржаўную падтрымку. Існуе відавочны прыярытэт — тэлебачанне. Лукашэнка заўсёды казаў, што гэтыя так званыя інтэрнэты не такія важныя, важнае тэлебачанне. І зараз мы бачым, што спіс атрымальнікаў узначальвае Белтэлерадыёкампанія, але гаворка, як звычайна, ідзе пра набыццё новага абсталявання. Затым ідзе БелТА, але грошы выдзяляюцца на развіццё мультымедыйнага інтэрнэт-рэсурсу: тут акцэнт робіцца на тым, што інтэрнэт усё-такі мае значэнне, і адзін з важных кірункаў развіцця дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва скіраваны менавіта на інтэрнэт-рэсурс.
Згадванне астатніх атрымальнікаў збору не мае вялікага значэння: Дому прэсы даручана ствараць аўтарызаваную сістэму маніторынгу тэле- і радыёпраграм, раней гэтым займаўся Інфармацыйна-аналітычны цэнтр пры Адміністрацыі прэзідэнта. Відавочна, гэта адна з функцый, якая патрэбна была Беларускаму інстытуту стратэгічных даследаванняў, што ўзнік пасля ліквідацыі Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра. Але маніторынг сам па сабе, асабліва ў краінах, якія займаюцца кіраваннем інфармацыйнай прасторай (як Беларусь), вельмі ўласцівы. Не магу сказаць, што такога не робяць у іншых краінах, але акцэнт там на камерцыйным значэнні, існуюць розныя сістэмы, напрыклад, lexisnexis, якія дазваляюць брэндам адсочваць сваю прысутнасць у медыя — і гэты прадукт можна набываць. У нас жа адзіны прадукт — інтарэс дзяржавы: што ёй цікава і што яна хоча набываць.
У Беларусі насамрэч аналізам таго, што адбываецца ў медыя, займаюцца некалькі арганізацый, нават Нацыянальная бібліятэка. Таму не зусім зразумела, што ўваходзіць у тэхнічныя задачы гэтага маніторынгу. Беларуская дзяржава фактычна з’яўляецца манапалістам на тэле- і радыёвяшчанне ўнутры Беларусі, у яе ёсць зыходныя дакументы, на падставе якіх ажыццяўляецца іх дзейнасць. Навошта праводзіць такі маніторынг? Таму пытанне: чым на самай справе будзе займацца Дом прэсы? Калі маніторынгам «Радыё Свабода», Белсата і іншых незалежных СМІ, то гэта зусім іншая гісторыя.
У Беларусі асноўныя грошы заўсёды дастаюцца тэлебачанню, таму тэлебачанне з БелТА атрымаюць вялікі кавалак грошай, а астатнія атрымальнікі проста згадваюцца для праформы. Я ўпэўнены, што абсталяванне БДУ і Дома прэсы — гэта не вельмі вялікія грошы.
— У любым выпадку ў пераліку прыярытэтаў нарэшце з’явіўся інтэрнэт, ад якога раней Лукашэнка проста адмахваўся.
— Не думаю, што сур’ёзна мяняюцца прыярытэты дзяржаўнай палітыкі ў сферы СМІ. Дзяржава ў значнай ступені разграміла незалежны медыясектар у 2020-2021 гадах, зараз рэпрэсіі працягваюцца і распаўсюджваюцца нават на тых, хто не займаецца асвятленнем грамадска-палітычных актыўнасцей — ім дастаецца за старое.
З другога боку, застаецца пытанне процістаяння рэжыму і незалежнага медыясектара, які захаваўся ў выгнанні і які даступны беларускай аўдыторыі праз інтэрнэт. Тут адбыліся вялікія зрухі, асабліва ў 2021 годзе, калі амаль усе незалежныя СМІ былі аднесены да экстрэмісцкіх рэсурсаў, таму да іх абмежаваны доступ у Беларусі. На гэтым фоне атрымалася дзірка, якую не закрылі ні новыя рэсурсы, ні дзяржаўныя рэсурсы і якую раней займаў партал TUT.BY: для многіх ён быў загрузачнай старонкай у камп’ютары, з прагляду якой пачынаўся працоўны дзень.
Але ўзніклі новыя праекты, якія паступова спрабуюць задаволіць патрэбы аўдыторыі ў грамадска-палітычнай інфармацыі. Праўда, і тут дзяржава зрабіла ўжо ўсё: разграміла медыя-бізнес, забараніла каналы дыстрыбуцыі, хіба што не вырубіла інтэрнэт. Але калі дзяржава вырубіць інтэрнэт, то сутыкнецца з новай праблемай: як дастукацца да аўдыторыі, якая не глядзіць тэлевізар? Даволі шмат людзей не глядзяць тэлевізар стала, а гэта значыць, што да іх трэба нейкім чынам давесці сваю інфармацыю. Дзяржаве адключаць інтэрнэт нявыгадна нават з гэтых меркаванняў, не кажучы пра розныя эканамічныя чыннікі. Таму я не думаю, што дзяржава пойдзе на такія радыкальныя крокі ў агляднай перспектыве.
А вось пытанне стварэння сваіх рэсурсаў, паспяховых у інтэрнэце, адкрытае: дзяржава не дае такой вольніцы для развіцця рэсурсаў, якая патрэбна для таго, каб стваральнікі кантэнту адгукаліся на рэальныя патрэбы і боль людзей. У выніку гэтыя рэсурсы запоўнены ў асноўным паркетнай журналістыкай: куды схадзіў Лукашэнка, з кім сустрэўся старшыня выканкама. А гэта не тое, што сапраўды хвалюе людзей.