Хронікі рэпрэсій за 10 красавіка

Сёння ў «перадавіках» — Мінскі гарадскі суд.

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


Сёння ў Мінскі гарадскі суд на падставе арт.134 КПК выклікалі траіх паручыцеляў Вольгі Лойкі і Алены Талкачовай: Валерыя Варанецкага, Яўгена Прэйгермана і Аляксандра Швяца. Іх аштрафавалі на 500 базавых велічынь (18 500 рублёў) кожнага. Гэта максімальная сума пакарання, якую прадугледжвае арт.134 КПК. Такім чынам, паручыцелі разам павінны выплаціць дзяржаве 55 500 рублёў — больш за 22,2 тысячы долараў.

Суддзя Таццяна Фалькоўская ў Мінскім гарадскім судзе сёння абвясціла прысуд палітзняволенаму адвакату Аляксандру Данілевічу — 10 гадоў калоніі. Данілевіч не прызнаў сябе вінаватым і настойваў на тым, што выконваў свае прафесійныя абавязкі. Адваката таксама абвінавачвалі ў тым, што ён займаўся падрыхтоўкай і рэдактурай як мінімум трох зваротаў ад прадстаўнікоў стачкамаў, «у якіх выклаў загадзя ілжывыя звесткі аб палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай сітуацыі ў Рэспубліцы Беларусь, парушэннях правоў работнікаў, заклікаў кіраўніцтва замежнай кампаніі спыніць дагаворныя адносіны з беларускім контрагентам». Акрамя таго, заявілі ў пракуратуры, Данілевіч даў інтэрв'ю «экстрэмісцкаму» інтэрнэт-рэсурсу «Трыбуна».

КДБ зацікавіўся супрацоўнікамі ваенізаванай аховы на чыгунцы. Пра гэта піша «Наша н*ва» са спасылкай на свае крыніцы. Паводле звестак выдання, у філіялах арганізацыі па ўсёй краіне «праходзяць затрыманні і звальненні». У Баранавічах — буйным чыгуначным вузле, акружаным палігонамі і ваеннымі часткамі — працы пазбавіліся начальнік атрада і яго намеснік. У атрадах Магілёўскай і Гомельскай абласцей адбыліся затрыманні па адміністрацыйных артыкулах.

У судзе Фрунзенскага раёна сталіцы на 3 гады «хатняй хіміі» асудзілі палітзняволенага Яўгена Фіцава. Палітвязня прызналі вінаватым паводле ч.1 арт.342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх»).

У Мінску пачаўся суд над палітзняволенай Янай Пінчук, якую ў жніўні 2022-га этапавалі з Расіі ў Беларусь, нягледзячы на забарону экстрадыцыі Камітэта па правах чалавека ААН. Цяпер яе абвінавачваюць паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку ў «стварэнні або кіраўніцтве тэрарыстычнай арганізацыяй». Справу Яны разглядае суддзя Таццяна Фалькоўская.

Гродзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў на волі. Тры дні ён правёў у ізалятары, піша «Гродзенская праваабарона». Праваабаронцу прысудзілі 25 базавых велічынь (925 рублёў) штрафу і адпусцілі. Віктара Сазонава прызналі вінаватым паводле ч.2 арт.19.11 КаАП («Распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў»).

Паводле звестак праваабаронцаў «В*сны», на сённяшні дзень у Беларусі налічваецца 1486 палітычных зняволеных. Ініцыятыва «Dissidentby» вызнае палітвязнямі 1753 чалавекі. Сярод іх — 192 жанчыны і 6 непаўнагадовых. 15 палітвязняў адпраўлены на прымусовае лячэнне.