Украінскі эксперт: Кубракоў можа паўтарыць лёс Яжова

У адным са шматлікіх інтэрв’ю да дня міліцыі міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў распавёў пра спецпадраздзяленні, створаныя перадусім для барацьбы з «дыверсійна-разведвальнымі групамі».

_000026__logo_1_2.jpg


Паводле яго слоў, ужо існуюць два такія падраздзяленні: «Рысь», куды ўвайшлі кантрактнікі з ліку супрацоўнікаў унутраных войскаў, і «Смерч», складзены з добраахвотнікаў, якіх нібыта больш за 300 чалавек, ды яшчэ ветэраны АМАП выказалі гатоўнасць цягам сутак, калі спатрэбіцца, «устаць у баявыя парадкі» для супрацьстаяння выклікам і пагрозам.

Што стаіць за цяперашнімі заявамі міністра — рэальны страх улад перад «сілавым сцэнарам» альбо дэманстрацыя эфектыўнасці і гатоўнасці бараніць рэжым? Гэтыя пытанні «Філін» абмеркаваў з аналітыкам Украінскага інстытута будучыні Ігарам Тышкевічам.

— Думаю, тут адразу некалькі складнікаў, — мяркуе эксперт. — З аднаго боку, прысутнічае нервознасць у атачэнні Лукашэнкі. Таму што, у адрозненне ад папярэдніх этапаў палітычнага крызісу, пратэсных акцый, упершыню значная частка беларускіх актывістаў не проста дэкларуе прыхільнасць да больш радыкальных метадаў, але і на практыцы пацвярджае, што можа гэтыя метады выкарыстаць і мае для гэтага адпаведныя рэсурсы і навыкі.

Натуральна, зазначае Ігар Тышкевіч, такі стан спраў не можа не турбаваць улады, і на гэтым грунтуецца некалькі перадумоў цяперашняй рыторыкі міністра.

— Падзел унутры міністэрства ўнутраных справаў, стварэнне новых спецпадраздзяленняў — гэта гульня на забеспячэнне не толькі парадку, але і, умоўна кажучы, аховы і абароны спакою Беларусі, і дэклараваная мэта — барацьба з дыверсійна-разведвальнымі групамі — гульня ў тым ліку на настроях Лукашэнкі і часткі ягонага атачэння.

Другое — гэта магчымасць «павярнуць» да сябе пэўную долю бюджэтнага фінансавання, паказаць важнасць МУС на дадзеным этапе і павялічыць вагу гэтага ведамства ў пастаяннай канкурэнцыі з іншымі сілавымі структурамі.

Гаворачы пра спецыфіку беларускіх спецслужбаў, эксперт нагадвае, што ў шэрагах розных ведамстваў ужо ёсць падраздзяленні, «заточаныя» якраз на барацьбу з тэрарыстычнай пагрозай і тым, што сёння называюць «дыверсійна-разведвальнымі групамі»: падраздзяленне «А», яно ж «Альфа» — у КДБ, спецназ АСАМ у складзе памежных войскаў, нарэшце, Мар’інагорская 5-ая асобная брыгада спецназа, якая выконвае тыя ж самыя задачы.

Тады навошта ствараць новыя «антыдыверсійныя» падраздзяленні (прычым, паводле Кубракова, яны могуць з’явіцца ва ўсіх рэгіёнах краіны)?

— У дадзеным выпадку МУС дэманструе быццам бы гатоўнасць рэагаваць і на дадатковыя пагрозы, — зазначае Ігар Тышкевіч. — Таксама ёсць і медыйны чыннік — гульня на насельніцтва, у першую чаргу, на тых, хто актыўна падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку. Ім паказваюць такім чынам сілу гэтай сістэмы, здольнай рэагаваць на любыя выклікі.

І трэці момант — агульны трэнд не тое што на мілітарызацыю, але на ўзмацненне сілавой кампаненты ў беларускай уладзе.

Акрамя таго, разважае эксперт, міністры ўнутраных спраў у Беларусі мяняюцца рэгулярна (з 1990 года на гэтай пасадзе пабывалі 11 чалавек, але больш як пяць гадоў пратрымаліся толькі Уладзімір Навумаў і Ігар ШуневічФ.).

— Фактычна, падчас кожнай актыўнай фазы палітычнага крызісу, за выключэннем хіба Шуневіча, міністры мяняліся праз 2-3 гады: у 2010-ты мы прыйшлі з міністрам Куляшовым, у 2012-ым яго ўжо не было, пасля быў Шуневіч, потым Караеў, і з 2020-га ўжо трэці год на пасадзе Кубракоў — а наперадзе 2024-ты і новы электаральны этап…

Таму цалкам можа быць, што паўстане пытанне: хто на замену? І тут якраз я хачу звярнуць увагу на ўказ аб з’яўленні новага генерал-маёра ў сістэме МУС, гэта адзін з намеснікаў міністра Дзмітрый Карзюк (цікавая дэталь: ён гуляў з Віктарам Лукашэнкам у адной хакейнай камандзе — Ф.).

Не выключаю, што міністр адчувае: пад ім можа пачаць трэсціся крэсла. А калі ёсць такія хмаркі на даляглядзе, ты мусіш дэманстраваць, што ты — важны, патрэбны і эфектыўны.

Паколькі паказаць сваю эфектыўнасць у старых алгарытмах немагчыма, то можна стварыць спецпадраздзяленне для барацьбы з дыверсійна-разведвальнымі групамі.

Хоць нават з пункту гледжання логікі, ДРГ — гэта пераважна армейскія падраздзяленні, і для барацьбы з імі лагічна выкарыстоўваць армейскія сілы. Але тут, відаць, яшчэ адбываецца і спроба зрабіць прыгожую карцінку для сябе.

Сюды ж падпадае і стварэнне «рэзерву ў больш як 300 асоб» з былых службоўцаў — вельмі сумняюся, што беларускі АМАП рыхтавалі і рыхтуюць для супрацьстаяння рэгулярным армейскім падраздзяленням.

Хутчэй, гэта імкненне абыграць той трэнд, які ёсць ва ўладных колах Беларусі. Для Аляксандра Лукашэнкі зараз ідэя-фікс — стварыць «народнае апалчэнне», раздаць яму зброю. Да гэтага была тэрытарыяльная абарона, якую так і не стварылі толкам.

У многім беларускія ўлады, зазначае аналітык, спрабуюць паўтарыць узор Украіны, дзе існуе так званы «мабілізацыйны рэзерв першай чаргі» — тыя, хто ўжо адваяваў на фронце, меў баявы вопыт і праходзіў рэгулярныя вучэнні, а таму падчас расійскага ўварвання досыць хутка гэты баяздольны рэзерв прыйшоў у вайсковыя часткі.

— Але схема, якую хоча абыграць рэжым, прадугледжвае, прынамсі, адпаведную падрыхтоўку — ці будзе яна і ў якім фармаце, вялікае пытанне. Таму я не бачу ў тым, што адбываецца, нейкай карэннай змены сістэмы, гэта хутчэй спроба МУС умацаваць свае пазіцыі пры агульнай няўпэўненасці і нервознасці ва ўладных кабінетах.

— На вашу думку, наколькі моцны тут рэпрэсіўны складнік — на ўсякі выпадак запалохаць усіх, хто яшчэ варушыццца, маўляў, «нас шмат і знойдзем усіх»?

— Гэта іншы трэк і якраз стары алгарытм, які ўжывалі пасля падзей 2020-га — усіх знойдзем, усіх пасадзім. Аднак цяпер, заўважце, пэўная частка атачэння Лукашэнкі пачынае гэты трэк акуратна крытыкаваць.

Таму ў кіраўніка МУС адбываецца крызіс жанру: ён атрымаў загад схапіць, пасадзіць, і як добры служака вырашыў, што чым больш пасадзіць, тым больш задаволенае будзе начальства. А выяўляецца, што начальству ўкладваюць у вушы і іншыя думкі.

Ёсць добры гістарычны прыклад савецкага міністра, які папярэднічаў Берыя — таварыша Яжова. Ён працаваў таксама па схеме «зараз раскрыем усе змовы, усіх пасадзім, а калі начальства будзе незадаволенае, то пасадзім яшчэ болей». Але ён аказаўся нягнуткім — і лішнім.

Так і ў Беларусі неўзабаве можа прыйсці час змены міністра — альбо ў гэтым, альбо ў наступным годзе.