Увага! Палітзняволенай тэрмінова патрэбная медыцынская дапамога, ёсць пагроза жыццю

Праваабаронцы паведамляюць пра тое, што ў турме ў 21-гадовай Аліны Горавай, якую затрымалі амаль два тыдні таму, рэзка пагоршыўся стан здароўя.

1_693.jpg

21-гадовай Аліне Горавай у турме тэрмінова патрэбная медыцынская дапамога


Аліну Гораву затрымалі ў Барысаве напрыканцы сакавіка. 21-гадовая дзяўчына ў гэты вечар мусіла атрымаць дыплом аб заканчэнні каледжа, але дыплом яна не атрымала, бо была тэрмінова выкліканая следчым Круглянскага РАУСа на допыт у якасці сведкі па справе мясцовага прадпрымальніка аб удзеле ў мітынгах у жніўні 2020 года.

Як паведамляе ініцыятыва «Dissidentby», Гораву арыштавалі проста на аўтобусным прыпынку 27 сакавіка ў 20.35. Праз пяць хвілін ёй паведамілі, што яна затрыманая на трое сутак. Напрыканцы гэтага тэрміна дзяўчыне стала блага: ад пераахаладжэння паднялася тэмпература, абвострыліся хранічныя захворванні нырак і жаночых органаў — у РАУСе Аліне давялося спаць у халоднай камеры на голых дошках, супрацоўнікі ўстановы не давалі ён нічым накрыцца. 

Нягледзячы на тое, што была выкліканая «хуткая», шпіталізаваць дзяўчыну не далі. На той момант ёй прад'явілі абвінавачанне па ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і спасылаліся на тое, што ў магілёўскай турме, куды павінны былі этапаваць зняволеную, ёсць стацыянар.

Ні ў РАУСе, ні ў турме, паводле звестак праваабаронцаў, аніякай дапамогі Горавай не аказалі — нягледзячы на тое, што вынікі аналізаў былі дрэннымі. На 10 суткі стан дзяўчыны пагоршыўся, болі ўзмацніліся, цяпер запаленне прагрэсуе, і на лячэнне надзеі няма. Ёсць пагроза таго, што можа лопнуць кіста, лекаванне якой вядзецца ўжо два гады. У такім выпадку дзяўчыну могуць не паспець уратаваць.

Падтрымаць зняволеную можна лістом на гэты адрас: 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99а, турма №4. Горавай Аліне Артураўне.