Хронікі рэпрэсій. Сілавікі ў поўным узбраенні палявалі на налепку з Цоем

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі 7 красавіка.

_drot_minsk_kraty_njavolja_belarus_fota_dzmitryeu_dzmitryj__novy_czas__1__logo_1.jpg



У Мінску абвясцілі прысуд хірургу-стаматолагу, дырэктару стаматалагічнай клінікі «Дэнтынмед» Валерыю Савіцкаму. Медыка абвінавачвалі ў тым, што ў 2020 годзе ён узяў удзел у акцыі пратэсту ў Мінску, выходзіў на дарогу і «выкарыстаў палатно бел-чырвона-белага колеру». Савіцкага прысудзілі да трох гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

* * *

Затрыманай па «народным артыкуле» Аліне Гаравой не аказваюць медыцынскую дапамогу. Дзяўчыну затрымалі ў Круглым 27 сакавіка ў межах крымінальнай справы, распачатай паводле арт. 342 КК РБ («Актыўны ўдзел у масавых мерапрыемствах, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).

З-за дрэнных умоў утрымання ў мясцовым ІЧУ: нізкая тэмпература паветра ў камеры, забарона накрывацца нават сваім адзеннем, у дзяўчыны абвастрыліся хранічныя захворванні нырак і жаночых органаў. 30 сакавіка Аліне выклікалі хуткую дапамогу, але сілавікі забаранілі шпіталізаваць дзяўчыну з прычыны таго, што ў СІЗА, куды яе павінны былі этапаваць, знаходзіцца дзённы стацыянар.

Аднак у Магілёўскай турме дзяўчыне адмовілі ў медыцынскай дапамозе, нягледзячы на дрэнныя вынікі аналізаў. Турэмны лекар адмовіў Аліне ў лячэнні антыбіётыкамі і шпіталізацыі.

* * *

Валерыя Цапкалу завочна прысудзілі да 17 гадоў пазбаўлення волі. Прысуд агучыў Сяргей Епіхаў. Нагадаем, пракурор патрабаваў прысудзіць Валерыя Цапкалу завочна да 19 гадоў турмы.

* * *

7 красавіка Рэчыцкі раённы суд абвясціў чарговы прысуд палітзняволенай Вікторыі Кульшы паводле ч. 1 арт. 411 КК («Злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі»). Суддзя Станіслаў Іванюцэнка прысудзіў жанчыну да 1 года пазбаўлення волі дадаткова да 3,5 гадоў пазбаўлення волі. Канчатковы тэрмін — чатыры з паловай гады пазбаўлення волі агульнага рэжыму.

Раней Вікторыя была ўжо двойчы асуджаная, у тым ліку за «непадпарадкаванне адміністрацыі Гомельскай калоніі». За паўгода Вікторыя правяла ў ШІЗА не менш 92 дзён, а нядаўна яе змясцілі ў ПКТ на паўгода.

* * *

Мінскі абласны суд працягнуў разгляд справы ў дачыненні да заснавальнікаў тэлеграм-канала N*xta. Пракурор заявіў хадайніцтва, каб напісаць новае абвінавачванне. Па гэтай справе праходзяць трое абвінавачаных: Раман Пратасевіч, які прысутнічае ў судзе, а таксама Сцяпан Пуціла і Ян Рудзік — іх судзяць завочна, бо яны знаходзяцца за мяжой.

Усім абвінавачаным прад'яўлена абвінавачанне па больш чым 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса. Акрамя гэтага, Генпракуратурай Беларусі ў інтарэсах дзяржавы заяўлены пазоў у памеры больш за 30 мільёнаў рублёў.

* * * 

* * *

Бацька дзяўчынкі з антываенным плакатам Аляксей Маскалёў чакае дэпартацыі ў Расію ў СІЗА Жодзіна. Пра гэта паведаміла МЗС Расіі. «Мяркуецца, што Маскалёў будзе перададзены ў Расейскую Федэрацыю для адбыцця пакарання на падставе пастановы, раней вынесенай Яфрэмаўскім міжраённым судом Тульскай вобласці», — распавялі ў прэс-службе МЗС РФ.

Вядома, што напярэдадні ў Расіі адклалі прызначаны на 6 красавіка суд аб абмежаванні ў бацькоўскіх правах Аляксея Маскалёва, чыя дачка Маша намалявала антываенны малюнак. Суд накіраваў запыт у Федэральную службу выканання пакаранняў (ФСВП), каб ведамства знайшло яго і забяспечыла ўдзел у працэсе.

28 сакавіка Маскалёву вынеслі прысуд — два гады калоніі. Але на абвяшчэнне ён не з'явіўся, таму што напярэдадні збег з-пад хатняга арышту. Праз два дні яго затрымалі ў Мінску.

* * *

7 красавіка ў Мінскім гарадскім судзе пачынаецца завочны суд над Станіславам Лупаносавым. Судовы працэс будзе весці суддзя Алена Ананіч. Гэта восьмы завочны судовы працэс у Беларусі за апошнія пяць месяцаў.

Лупаносава судзяць за «дзяржаўную здраду», «незаконнае захоўванне кампутарнай інфармацыі», «перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў». Згодна з раскладам на сайце Вярхоўнага суда, слуханне справы адбудзецца ў закрытым рэжыме. Нагадаем, КДБ унесла Станіслава ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці. Следчаму камітэту спатрэбілася ўсяго два тыдні, каб расследаваць гэтую справу ў парадку «адмысловай вытворчасці».

Станіслаў Лупаносаў — падпалкоўнік ГУБАЗіК, падчас службы супрацоўнічаў з B*POL, пакінуў Беларусь у канцы 2020 года.

* * *

7 красавіка МУС зрабіла традыцыйны пятнічны апдэйт «Пераліку грамадзян Беларусі, замежных грамадзян або асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці». Акрамя іншых, у спіс дадалі былых следчых Яўгена Юшкевіча і Мікіту Старажэнку, журналіста і ўласніка «Кальяннай №1» Івана Мураўёва, лекарку Вольгу Барушка, пенсіянерку Людмілу Бажок.

* * *

У Гомелі аўтамабіліста затрымалі за налепку з Цоем і цытату «Пераменаў патрабуюць нашыя сэрцы». На відэа затрымання відаць, як з фургона выскоквае група ўзброеных сілавікоў, але далей яны проста стаяць, а адзін з іх апранае кайданкі на затрыманага.

 

photo_2023_04_07_21_24_23.jpg

* * *

Затрыманаму ўчора лідару гомельскага гурта Krumkač Арцёму Раманаву прысудзілі 10 сутак арышту паводле ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Рашэнне вынес суд Чыгуначнага раёна Гомеля.

Гурт Krumkač з Гомеля быў заснаваны на пачатку 2018 года. 14 верасня 2018 года выйшаў яго дэбютны альбом Honar i Kroŭ.

2 снежня 2018 года гурт упершыню выступіў у межах «Крывійскага гіга». Там жа быў прадстаўлены сінгл Kryŭja, які запісалі пазней. У лістападзе 2019 года ў гурта выйшаў другі альбом — Kryvijskaja Dyvizija, у які ўвайшлі два папярэднія сінглы таго года (Kryŭja, Naš Šliach).

* * *

У Вярхоўным судзе 31 сакавіка разглядалі апеляцыйныя скаргі на прысуд светлагорскім «партызанам». Нагадаем, Дзмітрыя Равіча асудзілі да 22 гадоў калоніі, Дзяніса Дзікуна — да 23 гадоў, Алега Малчанава — да 21 года. У выніку тэрміны пакінулы без зменаў, а скаргі — без задавальнення.

Іх абвінавацілі ў падпале рэлейнай шафы сігналізацыі, цэнтралізацыі і блакавання (СЦБ) на чыгуначнай станцыі «Жэрдзь-Астанкавічы» 28 лютага — на чацвёрты дзень поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Таксама іх асудзілі за «здраду дзяржаве» і рэгістрацыю ў плане «П*рамога» і сувязь з B*POL. Працэс тры месяцы праходзіў у закрытым рэжыме.

У хуткім часе Дзяніса этапуюць у горацкую калонію № 9, Алега — у наваполацкую калонію № 1, а Дзмітрыя — у магілёўскую калонію № 15.

* * *

У судзе Кастрычніцкага раёна Магілёва 31 сакавіка асудзілі Аляксандра Тучкова паводле ч. 1 арт. 368 (Абраза Лукашэнкі), арт. 369 (Абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Наталля Крашкіна прызначыла Аляксандру два гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён у красавіку 2021 года пакінуў абразлівыя каментары ў бок Лукашэнкі і старшыні КДБ Івана Церцеля.