Хронікі рэпрэсій. 25 гадоў за сцягі, 12 гадоў дальнабойшчыку, тэрмін для палітыка Дзмітрыева

З дапамогай інфармацыі праваабаронцаў і незалежных медыя сабралі звесткі пра палітычны пераслед у Беларусі 6 красавіка.

cihi_supraciu._fota_dzmitryja_dzmitryeva__novy_czas3_logo_2.jpg

Экс-кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Дзмітрыева асудзілі да 1,5 гадоў калоніі. Палітыка абвінавачвалі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК). Прысуд вынесла суддзя Кацярына Мурашка.

У Гродзенскім абласным судзе вынесены прысуд па крымінальнай справе палітзняволенага жыхара Ліды Валерыя Троцкага, якога абвінавачвалі ў здрадзе дзяржаве (ч.1 арт. 356 КК). Справу вёў суддзя Мікалай Рачынскі.

Спачатку Троцкага абвінавацілі паводле арт. 361 КК («Заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі»). Але пазней стала вядома, што судзіць яго будуць паводле ч. 1 арт. 356 КК («Здрада дзяржаве»).

Раней Валерый працаваў у лідскай ахове, але потым звольніўся. Апошнім часам Троцкі працаваў дальнабойнікам. Яго затрымалі 18 траўня і змясцілі ў гродзенскую турму № 1.

У Мінскім гарадскім судзе вынеслі прысуд па «справе сцягоў». У сярэдзіне верасня 2022 года сілавікі затрымалі пяць мінчукоў за тое, што яны вывесілі вялікія нацынальныя сцягі Беларусі і Украіны на фасадзе дома па вуліцы Лесі Украінкі ў Мінску.

Суддзя Дзіна Кучук прызначыла на ўсіх амаль 25 гадоў зняволення. Дзянісу Варозаву і Вячаславу Панцюшэнку — па 5 гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, Вользе Церах і Кацярыне Зарэцкай — па 5 гадоў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму, Уладзіміру Лавору — 4 гады і 9 месяцаў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

Сукамернікі Дзяніса Воразава распавялі праваабаронцам пра яго жосткае затрыманне: «Яго вывозілі ў лес і пагражалі забіць».

Журналіст Аляксандр Манцэвіч прызнаны палітычным зняволеным. Аляксандр — галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты», вядучага незалежнага СМІ Маладзечна і рэгіёна. Ён неаднаразовы пераможца журналісцкіх конкурсаў і прэмій за высокія стандарты працы.

Следчы камітэт заявіў, што Манцэвічу інкрымінаваны арт. 369-1 КК («Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь»). Згодна з матэрыяламі крымінальнай справы, Аляксандр, з'яўляючыся дырэктарам рэдакцыі газеты, сумесна з іншымі асобамі з 1 студзеня 2020 года па 15 сакавіка 2023 года распаўсюджваў у друкаваным выданні і яго інтэрнэт-рэсурсах заведама ілжывыя звесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады.

У судзе Горацкага раёна 15 сакавіка адбыўся суд над мясцовым жыхаром, якога абвінавацілі адразу паводле двух артыкулаў: арт. 24.4 КаАП («Абраза службовай асобы пры выкананні ім службовых паўнамоцтваў») і арт. 24.23 КаАП («Несанкцыянаванае пікетаванне»). Паводле матэрыялаў справы, мужчына ў стане алкагольнага ап'янення патэлефанаваў у мясцовы РАУС і здзейсніў пікетаванне, «выказаўшы свой асабісты пратэст супраць Лукашэнкі», а таксама абразіў горацкага ўчастковага. Суд прызнаў мужчыну вінаватым і прызначыў яму трое сутак арышту, а таксама штраф у памеры 740 рублёў (20 базавых велічыняў).

Затрыманы фінансавы дырэктар Мінскага гадзіннікавага завода Аляксей Саланенка. Паведамляецца, што мужчына размясціў на сваёй старонцы інфармацыю экстрэмісцкага характару, а таксама звесткі аб тым, што пералічваў грошы ў арганізацыю, прызнаную «экстрэмісцкай». Акрамя таго, ён нібыта неаднаразова ўдзельнічаў у акцыях пратэсту. Па месцы жыхарства і працы затрыманага праведзены ператрусы, канфіскавана аргтэхніка.

На працоўным месцы затрыманы гомельскі музыка, заснавальнік і лідар гурта Krumkač Арцём Раманаў. Цяпер ён знаходзіцца ў РАУС Чыгуначнага раёна Гомеля. Пра прычыны затрымання музыкі на гэты момант нічога не вядома. Судовае паседжанне па адміністрацыйным правапарушэнні адбудзецца 7 красавіка.

У Гомелі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» затрыманы загадчык аптэкі. Мужчына на свой тэлефон нібыта зрабіў фотаздымак ведамасных дакументаў за подпісам генеральнага дырэктара прадпрыемства, а пасля перадаў гэта «экстрэмісцкаму» тэлеграм-каналу.

Палітвязень Ігар Лосік другі раз запар трапіў у штрафны ізалятар. З 20 лютага ад журналіста няма лістоў, з сярэдзіны лютага да яго не дапускаюць адвакатаў. Ігара Лосіка зноў змясцілі ў ШІЗА. На які тэрмін і па якой прычыне, пакуль невядома.

Нагадаем, Ігару прысудзілі 15 гадоў пазбаўлення волі ўзмоцненага рэжыму па «справе Ціханоўскага». Пазней два гады пазбаўлення волі прызначылі яго жонцы — Дар'і Лосік. Чатырохгадовая дачка Лосікаў Паўліна цяпер знаходзіцца з бабулямі і дзядулямі.

5 красавіка ў Лідзе быў затрыманы 54-гадовы Андрэй Раўчакаў. У віну яму ставяць арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэміцкіх матэрыялаў»). Вядома, што мужчына працуе ў вытворчасці водаправодна-каналізацыйнай гаспадаркі Лідскага ЖКГ.

Чарговы раз пачалі судзіць палітзняволеную Вікторыю Кульшу. У лютым 2021 года Вікторыю асудзілі да 2,5 гадоў калоніі і накіравалі адбываць тэрмін у гомельскую калонію. У чэрвені жанчыну асудзілі за «непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі» і дадалі яшчэ адзін год у зняволенні.

За паўгода ў новай установе Вікторыя адбыла мінімум 92 дні ў ШІЗА, а нядаўна яе змясцілі ў ПКТ на шэсць месяцаў. 31 студзеня супраць Кульшы зноў узбудзілі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 411 КК.

Акрамя гэтага, яна піша, што не атрымлівае лісты нават ад сваякоў ад 3 сакавіка мінулага году: «Іх знішчаюць па акце, бо яны нібыта напісаны тайнапісам». Чарговы суд над жанчынай пачаўся сёння ў Рэчыцы. Справу разглядае суддзя Станіслаў Іванюценка.

Справу палітзняволенага жыхара Бабруйска Сяргея Франчука пачнуць разглядаць у Мінгарсудзе 20 красавіка. Суддзя — Яўген Пісарэвіч.

Раней Сяргею інкрымінавалі толькі «народны» арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), а пазней яму дадалі арт. 368 КК (абраза Лукашэнкі), арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»), арт. 130 КК («Распальванне іншай сацыяльнай варожасці»).

Нагадаем, стрыечнага брата намесніка камандзіра палка Каліноўскага Вадзіма Кабанчука затрымалі ў жніўні. Ёсць інфармацыя, што падчас затрымання Сяргея моцна збілі.

Аляксандр і Алена Касцевічы, уладальнікі кватэры па вуліцы Курчатава, 5, дзе нібыта быў ліквідаваны «тэрарыст» у парыку, былі затрыманыя і дапытаныя супрацоўнікамі КДБ. Агулам па гэтай справе дапыталі 14 чалавек, якія размаўлялі з «тэрарыстам» — пяць з іх змясцілі ў ізалятар. Хто гэта і што з імі, невядома.

Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў. У яго трапілі тэлеграм-каналы «BelarusWithUkraine», «Чат Бурдейного TUT» і «ВольнаеВока TUT».