Пра Мікалая Статкевіча — два месяцы няма ніякіх навін
56 дзён пра Міколу Статкевіча няма ніякай інфармацыі. Для родных палітвязняў самае страшнае — адсутнасць вестак з-за кратаў ці хоць нейкіх навін. Нават няма адказаў на афіцыйныя звароты.
Пра гэта паведаміла жонка палітыка-палітвязня Марына Адамовіч у сваім Facebook.
«56 дзён я нічога не ведаю пра Міколу Статкевіча. Ні-чо-га. Усё напісанае падае ў цёмную задушлівую прорву. Ні гуку, ні шавялення паветра. На мае афіцыйныя звароты адказу таксама няма. Верагодна, адзіны «закон», які дзейнічае, гэта «иногда не до законов» (с). Апошнія сілы сыходзяць не на тое, каб жыць, а на тое, каб не клясці. Яны самі з гэтым справяцца. Усё мінае, а душа бессмяротная. Пакуль я пра гэта памятаю. Але вельмі цяжка».
Нагадаем, Мікалая Статкевіча трымаюць за кратамі ўжо амаль тры гады, больш за 1 000 дзён.
Статкевіч быў затрыманы яшчэ да выбараў 2020 года — 31 траўня 2020-га па дарозе на Камароўскі рынак у Мінску. Там Статкевіч збіраўся наведаць перадвыбарчы пікет Святланы Ціханоўскай. Спачатку яго арыштавалі на 15 сутак, пазней дадалі яшчэ 15 сутак.
Аднак праз месяц на волю ён так і не выйшаў, а стаў падазраваным у здзяйсненні злачынства паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя ці ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»).
15 снежня 2020-га Мікалаю Статкевічу прад'явілі новае абвінавачванне паводле п.13 ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса («Падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).
Мікалая Статкевіча ў выніку пачалі судзіць паводле ч.1 арт. 293 Крымінальнага кодэкса («Арганізацыя масавых беспарадкаў»).
14 снежня 2021-га палітвязню агучылі прысуд: 14 гадоў зняволення ў калоніі асаблівага рэжыму. У канцы чэрвеня 2022-га Мікалая этапавалі з гомельскага СІЗА-3 у глыбоцкую калонію № 13.
З таго часу яго рэгулярна змяшчаюць у ШІЗА — толькі з ліпеня яму выпісалі мінімум 21 спагнанне.
Так, адміністрацыя папраўчай установы паставіла яго на ўлік як схільнага да экстрэмізму, амаль ўвесь ліпень ён правёў у ШІЗА.
5 жніўня 2022 года Міколу змясцілі на паўгода ў адзіночную камеру, а ў верасні — у ШІЗА.
Такім чынам, на сярэдзіну студзеня ён прабыў у ШІЗА ці то 81, ці то 91 дзень. Верагодна, лічыць Марына Адамовіч, Мікола Статкевіч і апошнія два месяцы можа знаходзіцці ў ШІЗА.
МУС 4 лістапада 2022 года ўключыла палітвязня ў «Пералік асоб, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці».