Шрайбман: Вызваленне палітвязняў немагчыма, пакуль Лукашэнка баіцца паўтарэння плошчы

Палітычны аналітык распавёў, як прайшоў папярэдні год для беларусаў унутры краіны і ў эміграцыі і ці можа ў Беларусі наступіць адліга.

_drot___kaljuczka___heta___njavolja__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg

— Я думаю, большасць тых, хто пратэставаў у 2020 годзе ці сімпатызаваў пратэстам, засталіся ўнутры краіны — і для іх за апошні год усё стала нашмат горш, — цытуеАрцёма Шрайбмана «Салідарнасць» са спасылкай на «Позірк». — Рэпрэсіі ў Беларусі ўзмацняюцца, знаходзяць усё больш крэатыўныя формы, да таго ж яны распаўсюдзіліся за межы палітычнага канфлікту: пераследуюць тых, у каго іншыя погляды на гісторыю Беларусі, мову, вайну. Думаю, стала нашмат больш фрустрацыі, асабліва ў тых, у каго ёсць сваякі-палітвязні ці знаёмыя-палітвязні.

Яны не бачаць перспектыў, каб гэтая сітуацыя вырашылася хутчэй, у тым ліку з-за вайны, разумеюць, што лёсы Лукашэнкі і Пуціна звязаны даволі жорстка, і з-за гэтага ў многіх людзей надыходзіць адчай, дэпрэсія, крыўда на ўвесь свет.

У беларусаў у эміграцыі, як адзначае эксперт, абсалютна іншы набор праблем. Змянілася стаўленне, прыярытэты — цяпер трэба даказваць, што ты не з тымі, хто падтрымлівае вайну. Гэта значна большая па памеры праблема ў параўнанні з тым, што адчуваюць беларусы ўнутры краіны і ўжо тым больш украінцы. Тым не менш становішча беларусаў у дыяспары за год не палепшылася, таму знайсці тых, для каго гэты год стаў добрым — складана.

Пры гэтым для Лукашэнкі год выйшаў вельмі дваякім.

— З аднаго боку, гістарычна яго перспектывы сталі нашмат больш хісткімі, таму што яго галоўны донар увязаўся ў вайну, якая, хутчэй за ўсё, стане канцом рэжыму Уладзіміра Пуціна, незалежна ад таго, колькі яна яшчэ працягнецца. На гэтай дыстанцыі Лукашэнка ўразлівы.

Сацыялогія паказвае, што ў кароткатэрміновай перспектыве рэжым змог капіталізаваць на вайне з пункту гледжання пазіцыянавання сябе. Відавочна, вайна выступіла анестэтыкам для беларусаў ва ўспрыманні эканамічнага і палітычнага крызісаў. Падчас вайны людзі пераацанілі, што іх палохае больш за ўсё.

Раней эканамічныя катаклізмы наўпрост адбіваліся на рэйтынгу Лукашэнкі. Цяпер мы бачым вельмі сур'ёзную рэцэсію ў эканоміцы, прыкметы дэфіцыту некаторых тавараў, інфляцыю — і ўсё гэта не ўплывае на паказчыкі сацыяльнага аптымізму.

У міжнародным парадку дня не сціхаюць абмеркаванні на тэму больш актыўнага ўступлення кіраўніка Беларусі ў вайну з Украінай. Арцём Шрайбман адзначае: новых звестак, якія б паказвалі, што Лукашэнка рыхтуецца сур'ёзна ўступаць у вайну, няма.

— Ён рыхтуецца да сітуацыі, калі вайна можа яго захліснуць. Тут мы бачым зверку даных ваенкамата, пастаянныя вучэнні, больш праваеннай прапаганды, поўную сінхранізацыю наратываў беларускай прапаганды з расійскай. Людзі з вайсковай часткі кажуць, што такім чынам салдат рыхтуюць да патэнцыйнага ўступлення ў вайну, але пры гэтым падрыхтовак на зямлі не адбываецца.

Аналітык таксама пабудаваў пэўную гіпотэзу з нагоды магчымай адлігі ў Беларусі. Ён лічыць, што калі ініцыятыва па вяртанні палітэмігрантаў будзе ўвасоблена ў абяцаным выглядзе, будзе карыстацца хоць нейкім попытам, а людзей, якія прыязджаюць, не будуць у момант падманваць і саджаць, то мы зможам канстатаваць, што Лукашэнка як мінімум пачаў адыходзіць ад шоку 2020 года.

— Гэта будзе першым маячком, што заспакаенне сапраўды пачало прыходзіць. З іншага боку, калі мы паглядзім у мінулае, то ніколі ніякія лібералізацыі ў Беларусі не пачыналіся, пакуль Лукашэнка не вяртаў сабе ўнутранай упэўненасці. Ніякіх эксперыментаў, вызвалення палітвязняў не можа быць, пакуль Лукашэнка баіцца паўтарэння плошчы.

Адпаведна, калі гэта ініцыятыва па вяртанні — першая ластаўка таго, што ён вяртае ўпэўненасць у сабе, тады мы, магчыма, убачым новыя падобныя крокі. І тады гэта можа стаць здыманнем бар'ера на шляху дыялогу з Захадам. Гэта не адзіны бар'ер, вайна, напрыклад, не менш сур'ёзны бар'ер, але хаця б адзін з.

Відавочна, пакуль ідуць рэпрэсіі, ні аб якім поўным заспакаенні мы казаць не можам. Калі б страх прайшоў цалкам, яму б нічога не перашкодзіла зменшыць тэмп. Не спыняць цалкам, таму што можна засмуціць Карпянкова, Азаронка, але хаця б змяншаць тэмп. Пакуль што мы гэтага не бачым, наадварот, бачым нарошчванне тэмпу рэпрэсій, — заключае Арцём Шрайбман.