Каханьне за кратамі. Як у Беларусі асуджаюць па палітычных артыкулах цэлыя сем’і

1438 чалавек — столькі беларусаў праваабаронцы прызналі палітвязьнямі па стане на 14 лютага (іншыя ініцыятывы называюць большыя лічбы). «Св*бода» паглядзела, колькі сямейных пар і за што зазналі ў Беларусі палітычна матываваны крымінальны перасьлед.

Алена і Сяргей Маўшукі. Фота з сямейнага архіву

Алена і Сяргей Маўшукі. Фота з сямейнага архіву

«Яна ў цяжкім псыхалягічным стане, на яе ціснуць увесь час»

Пасьля пратэстаў у Пінску ў жніўні 2020 году затрымалі сужэнцаў Сяргея і Алену Маўшукоў. У сям’і пяцёра дзяцей. Сяргей Маўшук атрымаў 6 з паловай гадоў калёніі, ягоная жонка Алена — шэсьць гадоў.

Алену Маўшук трымаюць у зьняволеньні ў жаночай калёніі № 24 (Рэчыцкі раён). Яе пазбавілі бацькоўскіх правоў. Гэта значыць, што яна мае цяпер вялікі доўг перад дзяржавай за ўтрыманьне дзяцей. «На яе аказваецца вялікі ціск у Зарэччы (калёнія № 24). Колькі б яна ні працавала, выплаціць той штучны доўг за дзяцей ня хопіць ніякіх заробкаў у калёніі. Яе пазбавілі спатканьняў, перадач, зьмяшчаюць у ШІЗА і ПКТ. Яна ў цяжкім, прыгнечаным псыхалягічным стане», — расказала Марына, якая нядаўна вызвалілася з калёніі № 24.

Муж — у Ваўкавыску, жонка — у Гомлі, дзеці — у Варшаве

У 2020 годзе міліцыя затрымала сямейную пару Сяргея Ярашэвіча і Антаніны Канавалавай. Яны атрымалі па пяць з паловай гадоў калёніі ў так званай справе тэлеграм-каналу «А*мия с народом». Цяпер Сяргей Ярашэвіч адбывае пакараньне ў ваўкавыскай калёніі, Антаніна Канавалава — у гомельскай. Іхныя малыя дзеці, Ваня і Насьця, жывуць у Варшаве разам з бабуляй Ганнай. Яна здолела іх вывезьці зь Беларусі, каб дзеці ня трапілі ў прытулак.

Фотакалаж reform.by

Фотакалаж reform.by

24 траўня 2022 году КДБ унёс Сяргея Ярашэвіча ў сьпіс асобаў, «датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці». У жніўні 2022-га адміністрацыя ваўкавыскай калёніі зьмяшчала палітвязьня ў ШІЗА і ПКТ. У студзені 2023 году над Сяргеем адбыўся чарговы суд за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі». Да тэрміну ў пяць з паловай гадоў яму дадалі яшчэ 9 месяцаў няволі.

Сьвятара адправілі за краты на 16 гадоў, яго жонку — на 15, сына — на 19

Сяргей Разановіч, жыхар Жабінкаўскага раёну, да затрыманьня служыў праваслаўным сьвятаром. Яго затрымалі разам з жонкай Любоўю і сынам Паўлам у межах «справы Аўтуховіча».

Сяргей Разановіч у судзе

Сяргей Разановіч у судзе

У лютым 2021 году КДБ унёс палітвязьня ў сьпіс «асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці». На судзе па «справе Аўтуховіча», фігурантаў якой абвінавацілі паводле цяжкіх «тэрарыстычных» артыкулаў, Сяргею Разановічу прысудзілі 16 гадоў пазбаўленьня волі. Ягоная жонка Любоў пакараная 15 гадамі калёніі, сын Павал — 19.

Жонку за падтрымку мужа пакаралі калёніяй на два гады

Журналіста «Р*дыё Свабода», блогера Ігара Лосіка суд пакараў 15 гадамі пазбаўленьня волі. Ён адбывае пакараньне ў наваполацкай калёніі. На волі ў Ігара заставаліся жонка Дар’я і 4-гадовая дачка Паўліна.

Суд над Ігарам у «справе Ціханоўскага» праходзіў у закрытым рэжыме ў будынку гомельскага СІЗА. Сваякоў на суд не пусьцілі. Нягледзячы на гэта, усе месяцы судовага паседжаньня Дар’я Лосік правяла пад мурамі турмы. Такім чынам яна падтрымлівала свайго мужа.

Ігар і Дар'я Лосікі. Фота з сямейнага архіву

Ігар і Дар'я Лосікі. Фота з сямейнага архіву

Дар’я неаднаразова пісала ў сацыяльных сетках і давала камэнтары СМІ пра сытуацыю з мужам. 18 студзеня 2023 году Дар’ю Лосік асудзілі на 2 гады пазбаўленьня волі за камэнтар тэлеканалу «Б*лсат», прызнанаму «экстрэмісцкім фармаваньнем». Да абвяшчэньня прысуду сужэнцам не дазвалялася ліставацца. Пасьля прысуду Ігар напісаў Дар’і 15 лістоў, а яна не атрымала ніводнага.

Пра чатырохгадовую дачку Паўлінку ці сямейныя навіны Дар’я і Ігар маглі даведвацца толькі зь лістоў сваіх бацькоў.

Сталі мужам і жонкай у турме

У студзені 2021 году ў Менску затрымалі журналіста і мэдыямэнэджэра Андрэя Аляксандрава і ягоную сяброўку Ірыну Злобіну. 1 верасьня 2022 году Андрэй і Ірына пажаніліся ў СІЗА-1 на Валадарскага.

Канчатковае абвінавачаньне Аляксандраву і Злобінай выставілі паводле шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у тым ліку за «здраду дзяржаве». Іх судзілі ў «справе Б*лаПАН».

Фотакалаж «НН»

Фотакалаж «НН»

Вырак Андрэю Аляксандраву — 14 гадоў калёніі, Ірыне Злобінай — 9 гадоў. Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму падрабязнасьці невядомыя. Цяпер Аляксандраў знаходзіцца ў наваполацкай калёніі, Злобіна — у гомельскай.

Некаторыя сямейныя пары ўжо адбылі пакараньне, іншыя чакаюць суду

14 сьнежня 2021 году ў Менску быў вынесены прысуд у крымінальнай справе палітвязьняў, удзельнікаў музычнага фэнтэзі-фольк-гурту «Irdorath» Уладзімера і Надзеі Калачоў. Іх абвінавацілі ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» і ў «фінансаваньні ці іншым матэрыяльным забесьпячэньні такой дзейнасьці».

Сужэнцаў Калачоў і яшчэ 14 чалавек затрымалі 2 жніўня 2021 году на сьвяткаваньні дня народзінаў Надзеі Калач. На шасьцярых з затрыманых завялі крымінальныя справы. Да суду Ўладзімера і Надзею ўтрымлівалі ў СІЗА № 1 Менску.

Юлія, Ганна і Яўген Лівянты. Фота kp.by

Юлія, Ганна і Яўген Лівянты. Фота kp.by

Музыкам прысудзілі па 2 гады пазбаўленьня волі. Яны ўжо адбылі пакараньне і цяпер на волі. У менскім СІЗА-1 цяпер знаходзяцца ў якасьці абвінавачаных паводле «народнага» артыкулу 342 КК вядомы рэпэтытар Яўген Лівянт, ягоная жонка Юлія і іхная дачка Ганна. Сілавікі абвінавачваюць Лівянта і ягоную жонку ў «арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх».