Хронікі рэпрэсій за 14 лютага
З дапамогай СМІ і праваабаронцаў сабралі факты палітычнага пераследу беларусаў за 14 лютага.
Генпракурор хоча прызнаць экстрэмісцкай арганізацыяй «Беларускі расследавальніцкі цэнтр»
Генеральны пракурор Андрэй Швед накіраваў у Вярхоўны Суд заяву аб прызнанні арганізацыі «Беларускі расследавальніцкі цэнтр» экстрэмісцкай і забароне яе дзейнасці на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Раней толькі адна арганізацыя была прызнана ў Беларусі «экстрэмісцкай» — «ТУТ БАЙ Медыя».
Да трох гадоў калоніі асудзілі адміністратара суполкі «За адзіную дзяржаўную мову ў Беларусі!»
У Гомельскім абласным судзе да трох гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму асудзілі навуковага супрацоўніка Уладзіміра Буцькаўца.
Яго абвінавацілі ў адміністраванні суполкі ў «ВКонтакте» «За адзіную дзяржаўную МОВУ ў Беларусі!» і асудзілі паводле ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса («Стварэнне экстрэмісцкага фарміравання»). Прысуд вынес суддзя Руслан Царук.
У верасні мінулага года на адным з праўладных тэлеграм-каналаў з'явілася відэа, на якім бачна, як міліцыянты з прымяненнем сілы затрымліваюць Уладзіміра, а далей ён прызнаецца, што мадэраваў і выстаўляў навіны пра беларускую мову ў пабліку, які абвясцілі «экстрэмісцкім фарміраваннем».
70-гадоваму пенсіянеру-«тэрарысту» Васілю Дземідовічу дадалі яшчэ паўгода зняволення па новай справе
У судзе Дзяржынскага раёна агучылі прысуд 70-гадоваму пенсіянеру з Нясвіжа Васілю Дземідовічу — адзін год зняволення са штрафам у памеры 30 базавых велічынь. Гэтым разам яго абвінавацілі паводле арт. 369 КК («Абраза прадстаўніка ўлады»).
Паколькі раней палітвязня ўжо асудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі, шляхам частковага складання пакаранняў канчаткова яго асудзілі да шасці з паловай гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штрафу ў памеры 2 710 рублёў.
У канцы чэрвеня КДБ унёс Васіля ў «тэрарыстычны спіс» — цяпер ён самы пажылы беларус-«тэрарыст». Праз гэта яму нельга рабіць грашовыя пераводы, а падтрымліваць Васіля няма каму. За кратамі пенсіянера ўтрымліваюць ужо прыкладна год.
Былога міліцыянта асудзілі да 9 гадоў калоніі за кіраўніцтва тэлеграм-чатам «Жыве Лунінец!»
У Брэсцкім абласным судзе 9 лютага да дзевяці гадоў калоніі асудзілі 40-гадовага Аляксандра Сумара. Справу ў закрытым рэжыме разглядала суддзя Вера Філонік, дзяржаўнае абвінавачанне падтрымліваў пракурор Аляксандр Богуш.
Вядома, што ў 2006 годзе Аляксандр працаваў у лунінецкім РАУСе ў якасці эксперта-крыміналіста. Цяпер яго асудзілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за кіраўніцтва тэлеграм-чатам «Жыве Лунінец!», які прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем», калі Аляксандр утрымліваўся пад вартай ужо як чатыры месяцы.
У 2006 годзе Сумар супрацоўнічаў з міліцыянтам Віталём Рылачам, які цяпер праходзіў па справе былога калегі ў якасці пацярпелага. Да нядаўняга часу Рылач з'яўляўся кіраўніком лунінецкага РАУСа.
Анастасіі Кухце пакінулі прысуд без змен
Палітзняволеную Анастасію Кухту затрымалі 17 лютага 2022 года. Актывістку абвінавацілі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса. 11 лістапада Мінскі гарадскі суд прызначыў ёй пяць гадоў калоніі. За кратамі дзяўчыну ўтрымліваюць амаль год. Нядаўна КДБ дадаў яе ў «тэрарыстычны спіс».
Сёння Вярхоўны Суд разглядзеў апеляцыйную скаргу палітзняволенай. Але прысуд пакінулі без змен, а скаргу без задавальнення. Хутка Кухту перавядуць у жаночую калонію № 4.
Палітзняволеную Дар'ю Лосік, асуджаную да 2 гадоў калоніі, перавялі ў баранавіцкі СІЗА
У Брэсцкім абласным судзе 19 студзеня агучылі прысуд Дар'і Лосік — два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Муж Дар'і Ігар Лосік адбывае тэрмін у наваполацкай калоніі, а чатырохгадовая дачка Паўліна цяпер знаходзіцца з бабулямі і дзядулямі.
Днямі палітзняволеную перавялі ў баранавіцкі СІЗА-6 — яшчэ да разгляду апеляцыйнай скаргі.
Палітзняволенага адваката Аляксандра Данілевіча пачнуць судзіць 10 сакавіка
Яму інкрымінуюць дапамогу ў закліках да мер абмежавальнага характару (ч. 3 арт. 361 КК) і садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 1 арт. 361-4 КК). Працэс над ім распачнецца 10 сакавіка ў Мінгарсудзе. Справу будзе весці суддзя Таццяна Фалькоўская.
Паводле следства, палітвязень з 9 жніўня 2020-га па 20 траўня 2022-га «шляхам давання парад, указанняў, прадастаўлення інфармацыі, аказання іншай дапамогі садзейнічаў Аляксандры Герасімені і Аляксандру Апейкіну ў закліках да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны».
Ён жа «падрыхтаваў і адрэдагаваў тэкст не менш як трох зваротаў ад прадстаўнікоў «статачных камітэтаў», у якіх выклаў заведама ілжывыя звесткі аб палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай сітуацыі ў Беларусі, заклікаў кіраўніцтва замежнай кампаніі спыніць дамоўныя адносіны з беларускім контрагентам».
Брэст: за «Жыве Беларусь» на «Табакерцы» — два месяцы арышту
Суд Маскоўскага раёна Брэста завяршыў разгляд крымінальнай справы 20-гадовага жыхара абласнога цэнтра Артура Джамбурыева, абвінавачанага ў апаганьванні збудаванняў і псаванні маёмасці паводле арт. 341 КК. Справу разглядала суддзя Таццяна Лаўранюк.
Паводле абвінавачання, вечарам 4 снежня 2022 года Артур папрасіў знаёмых, з якімі ехаў у адным аўтамабілі, высадзіць яго на прыпынку грамадскага транспарту. Затым абвінавачаны нанёс на сцены гандлёвага аб'екта, які знаходзіўся на прыпынку, «цынічныя надпісы». Супрацоўнікі органаў унутраных спраў, якія патрулявалі тэрыторыю, аператыўна затрымалі Джамбурыева.
Артур напісаў на брэсцкім шапіку «Табакеркі» фразу «ACAB» і двойчы «Жыве Беларусь». За гэта налічылі 18 рублёў «шкоды» (якую хлопец кампенсаваў да суда).
Пасля абвяшчэння прысуду Джамбурыева не ўзялі пад варту. Такім чынам, ён пакуль што застаецца на волі да ўступлення прысуду ў законную сілу.
Кобрынца Уладзіміра Балцянкова асудзілі на тры гады «хіміі» за абразу Лукашэнкі
У судзе Кобрынскага раёна асудзілі Уладзіміра Балцянкова паводле ч. 1 арт. 368 («Абраза Лукашэнкі») Крымінальнага кодэкса. Суддзя Таццяна Каберская прызначыла Уладзіміру тры гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую установу адкрытага тыпу («хіміі»).
Уладзіміра абвінавацілі ў тым, што ён пакінуў абразлівы каментар у сацсетцы «ВКонтакте» пад допісам пра Лукашэнку: «Сродкам выяўлення негатыўнай ацэнкі з’яўляецца лексема Б.». У допісе было размешчана фота апошняга і тэкст яго выступлення «па тэме вайсковых дзеянняў на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь».
Мужчына пакінуў каментар са старонкі і тэлефона сваёй сястры, калі быў у яе ў гасцях.
Мінчанку асудзілі на два з паловай гады «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэсным маршы
У судзе Ленінскага раёна асудзілі Ганну Смалян паводле ч. 1 арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») Крымінальнага кодэкса.
Суддзя Юлія Шут прызначыла Ганне два гады і шэсць месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняй хіміі»).
Ганну затрымалі 8 верасня 2022 года. Яе абвінавацілі ў тым, што ў 2020 годзе жанчына ўдзельнічала ў пратэсным маршы, выходзіла на праезную частку праспекта Незалежнасці ў Мінску і перашкаджала руху грамадскага транспарту. Сілавікі апазналі Ганну па фотаздымках з яе тэлефона.
У Мінску за каментары ў інтэрнэце затрыманы 50-гадовы Сяргей Белы
Паводле сілавікоў, мужчына пакідаў абразлівыя каментары пра супрацоўнікаў міліцыі, а таксама нібыта прайшоў рэгістрацыю ў чат-боце плана «Перамога».
Затрыманы музыка Аляксандр Хадасевіч — ён перакладаў песні «Scorpions» на беларускую мову
З відэа, апублікаванага на праўладных каналах, вынікае, што яго затрымалі за некалькі каментарыяў у Тэлеграме (у якіх ён, здаецца, нікога не абразіў, але сілавікі палічылі іх «негатыўнымі») і за кавер на песню «Scorpions» «Вецер перамен» ад праекта «Lirival».