Былому міліцыянту прысудзілі дзікунскі тэрмін за адміністраванне лакальнага тэлеграм-чата
У Брэсцкім абласным судзе 9 лютага да дзевяці гадоў калоніі асудзілі 40-гадовага Аляксандра Сумара, паведамляюць праваабаронцы.
Справу ў закрытым рэжыме разглядала суддзя Вера Філонік, дзяржаўнае абвінавачанне падтрымліваў пракурор Аляксандр Богуш.
Вядома, што ў 2006 годзе Аляксандр працаваў у лунінецкім РАУСе
ў якасці эксперта-крыміналіста. Цяпер яго асудзілі паводле пяці артыкулаў
Крымінальнага кодэкса, у тым ліку за кіраванне тэлеграм-чатам «Жыве
Лунінец!», які прызналі «экстрэмісцкім фарміраваннем» у той час, калі
Аляксандр утрымліваўся пад вартай ужо як чатыры месяцы.
У чым абвінавацілі былога міліцыянта?
Затрымалі Аляксандра 27 ліпеня 2022 года і змясцілі пад варту ў брэсцкае СІЗА-7. Цяпер яго асудзілі паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса:
ч. 1 арт. 361-1 («Кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем»);
ч. 1 арт. 342 («Падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак»);
ч. 2 арт. 367 («Паклёп на Лукашэнку»);
арт. 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»);
ч. 3 арт. 361 («Заклікі да санкцый»).
Паводле версіі абвінавачання, Аляксандр Сумар са жніўня 2020 года па 26 ліпеня 2022 года, знаходзячыся на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь і за яе межамі, «стварыў і адміністраваў тэлеграм-чат «Жыве Лунінец!», інфармацыйную прадукцыю якога суд Ленінскага раёна Брэста 10 жніўня 2021 года прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Калі Аляксандр быў за кратамі ўжо чатыры месяцы, 24
лістапада 2022 года Міністэрства ўнутраных спраў прызнала
гэты чат «экстрэмісцкім фарміраваннем».
«Як адміністратар чата Сумар публічна падбухторваў
яго ўдзельнікаў да наўмысных дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і
спалучаны з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў
улады. У перыяд з 1 па 13 сакавіка 2022 года абвінавачаны размясціў у чаце
публікацыі, у якіх адкрыта заклікаў да акта тэрарызму, іншых дзеянняў,
накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы краіны. Ён жа апублікаваў
у чаце тэксты, у якіх утрымліваліся паклёпніцкія звесткі ў дачыненні да прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, а таксама публічная абраза прадстаўніка ўлады ў
сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў», — гаворыцца ў абвінавачанні.
Пацярпелым па справе праходзіў яго былы калега
На судзе, які пачынаўся ў адкрытым рэжыме, паспела прагучаць, што ў 2006 годзе Сумар працаваў у лунінецкім РАУСе ў якасці эксперта экспертна-крыміналістычнай службы. Як доўга ён там працаваў, невядома. У 2006 годзе Сумар супрацоўнічаў з міліцыянтам Віталём Рылачам, які цяпер праходзіць па справе былога калегі ў якасці пацярпелага паводле арт. 369 КК. Да нядаўняга часу Рылач з'яўляўся кіраўніком лунінецкага РАУСа.
На першым судовым пасяджэнні працэс закрылі па хадайніцтве пракурора.
Як стала вядома праваабаронцам, 9 лютага 2023
года Аляксандру Сумару агучылі прысуд. Яго прызналі вінаватым па ўсіх артыкулах і прызначылі: паводле арт. 369 — тры месяцы арышту,
паводле ч. 1 арт. 342 — паўтара гады зняволення, паводле ч. 2 арт. 367 — два
гады зняволення, паводле ч. 1 арт. 361-1 — пяць год зняволення, паводле ч. 3
арт. 361 — сем гадоў калоніі. Сукупна па ўсіх артыкулах суддзя Філонік
прызначыла дзевяць гадоў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.