Шрайбман: вайна або акупацыя — толькі так беларусы могуць хутка адмовіцца ад рускай мовы

Як большасць беларусаў могуць хутка адмовіцца ад рускай мовы на карысць беларускай? Улічваючы гістарычны досвед, варыянты, якія прыходзяць да галавы, гэта толькі вайна Расіі супраць Беларусі ці нейкія фарматы акупацыі нашай краіны.

marsz_mira_i_nezaleznasci__32__logo_2_logo.jpg

Палітычны аналітык — пра тое, чаму Лукашэнку важна, каб пра яго пісалі медыя, а таксама пра тое, чаму выступоўцаў за беларускую мову як адзіную дзяржаўную сёння мала.

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман адзначае, што ёсць некалькі матываў, чаму для Лукашэнкі сёння важна сустракацца з замежнымі палітыкамі і каб пра яго пісалі медыя. Усе яны паходзяць з адной і той жа патрэбы — у прызнанні.

— У карціне свету Лукашэнкі і ягонай прапаганды Захад — гэта не нейкі адзіны арганізм, а антыбеларускія эліты і народ пад імі, які ставіцца да беларускай улады ўвогуле добра, — кажа аналітык у рубрыцы «Люстэрка» «Шрайбман адказвае».

Размаўляючы з заходнімі СМІ, Лукашэнка імкнецца дастукацца да гэтага глыбіннага народа, які існуе ва ўяўленні беларускай улады, абыходзячы такім чынам некамфортных яму заходніх палітыкаў.

Па гэтай жа логіцы беларускія ўлады ўводзілі бязвізавы рэжым для латышоў, літоўцаў і палякаў якраз у моманты, калі стасункі ў Мінска з кіраўніцтвам гэтых краін не складваліся. Так Мінск як бы падкрэслівае: людзі — гэта адно, а ўлады — іншае, і людзі нам не ворагі.

Іншы матыў, як лічыць эксперт, прапагандысцкі. Тут важна паказаць, што заходнія СМІ, нягледзячы на пазіцыі сваіх урадаў, усё яшчэ цікавяцца меркаваннем Лукашэнкі па надзённых праблемах. А значыць, спробы ворагаў накшталт Ціханоўскай ізаляваць Лукашэнку пацярпелі правал.

— Тут Мінск, верагодна, дрэнна разумее прыроду цікавасці заходніх медыя. З майго вопыту адносін са СМІ, якія потым ехалі на інтэрв'ю да Лукашэнкі, ён цікавіць іх з двух ракурсаў: па-першае, з пункту гледжання дыстанцыявання Беларусі ад Расіі. Па-другое, яго яркія і часам адыёзныя заявы накшталт ядзерных пагроз Захаду: такія пасажы добра збіраюць аўдыторыю і клікі. Але гэта наўрад ці той піяр, на які разлічваюць у адміністрацыі Лукашэнкі.


У любым выпадку, сваёй непатрабавальнай аўдыторыі сам факт такіх інтэрв'ю можна падаць як прыклад павагі і ўвагі да Лукашэнкі. І тут рэдактары заходніх СМІ сапраўды самі дапамагаюць беларускай прапагандзе: магчыма, робяць гэта неўсвядомлена, але робяць, калі называюць Лукашэнку «прэзідэнтам».

Для рэдактараў гэтых СМІ — гэта проста зразумелы ўсім тэрмін. У іх няма жадання грузіць сваю аўдыторыю расповедам пра легітымнасць Лукашэнкі ці пра 2020 год. Таму што калі рабіць гэта з Беларуссю, то потым давядзецца абмяркоўваць легітымнасць кожнага дыктатара ў свеце.

Жаданне бачыць у Лукашэнку не тое што легітымнага прэзідэнта, але нават аўтаномнага гульца, у заходніх краінах слабее з кожным месяцам праз тую ролю, якую адыгрывае Мінск у вайне.


Аналітычны цэнтр «Chatham House» правёў даследаванне, вынікі якога паказваюць, што толькі 16% беларусаў выступаюць за беларускую мову ў ролі адзінай дзяржаўнай. Шрайбман лічыць, што тут няма нічога нечаканага, бо Беларусь пераважна рускамоўная краіна.

— Калі чалавек размаўляе на рускай, у яго звычайна не так шмат прычын, каб выступаць за тое, каб статус гэтай мовы на дзяржаўным узроўні панізіўся.

Справа не ў нейкай непавазе да беларускай мовы, проста для большасці беларусаў сённяшняя моўная сітуацыя ў краіне — камфортная, ці, прынамсі, не з'яўляецца самай вялікай праблемай у жыцці. І для гэтай большасці людзей згаджацца на беларускую як на адзіную дзяржаўную можа падавацца рызыкоўным з пункту гледжання асабістага камфорту.

Хто ведае, можа, потым будзе нельга пісаць на рускай мове лісты ў дзяржаўныя ўстановы або, напрыклад, будзе цяжка знайсці адукацыйную ўстанову для сваіх дзяцей, каб вучыць іх на той мове, на якой размаўляюць іх бацькі.

Статус адзінай дзяржаўнай беларускай не азначае аўтаматычнай дыскрымінацыі рускамоўнай большасці, дадае Шрайбман, але гэтым людзям часцей за ўсё проста лягчэй падстрахавацца.

— Лічба тых, хто выступае за тое, каб беларуская была адзінай дзяржаўнай, можа хутка павялічыцца, як мне здаецца, двума шляхамі: альбо вырасце колькасць беларускамоўных, і для іх статус рускай мовы не будзе мець ніякага значэння, альбо стане больш рускамоўных, хто будзе лічыць дамінаванне рускай мовы такой праблемай, дзеля развязання якой яны могуць пагадзіцца на рызыкі свайго дыскамфорту.

Расійская вайна супраць Украіны і агрэсіўная прапаганда ідэй рускага свету, у якіх няма месца Беларусі, натуральным чынам павялічваюць і першую, і другую лічбы. Але мне здаецца, што хуткасць гэтага працэсу і блізка недастатковая, каб казаць, што прапорцыі гэтых груп у беларускім грамадстве могуць змяніцца ў бліжэйшай будучыні.

Цяжка ўявіць, што магло б змяніць гэты статус-кво, акрамя вельмі моцнага ўзрушэння, якое ў сваю чаргу прымусіла б масы пераасэнсаваць сваё стаўленне да мовы і ідэнтычнасці.

Улічваючы гістарычны досвед, варыянты, якія прыходзяць да галавы, гэта толькі вайна Расіі супраць Беларусі ці нейкія фарматы акупацыі нашай краіны. Я не ўпэўнены, што нехта жадае прагрэсу беларушчыны такім шляхам.

— Нам, хутчэй за ўсё, давядзецца назіраць вельмі павольную эвалюцыю поглядаў беларусаў, і гэты працэс можа расцягнуцца на гады або дзесяцігоддзі, — мяркуе аналітык.

Паводле gazetaby.com