Масіраваная ракетная атака РФ па Украіне: што вядома на гэтую гадзіну?
Уначы 9 сакавіка адбыўся чарговы масіраваны абстрэл РФ тэрыторыі Украіны. Зноў абясточана Запарожская АЭС.
Сёння ўначы была абвешчана паветраная трывога па ўсёй Украіне. У некаторых месцах у якасці прэвентыўнай меры адключылі электрычнасць.
- Выбухі зафіксаваны ў Адэсе, Мікалаеве, Дняпры, Харкаве, Запарожжы, Жытоміры, Кіеўскай, Івана-Франкоўскай, Хмяльніцкай, Цярнопальскай абласцях.
- У некаторых абласцях экстранна адключылі святло, аднак у большасці выпадкаў гэта прэвентыўныя меры.
- Адэшчына. Ударылі па энергетычнай інфраструктуры.
- Харкаўшчына. Не менш за 15 удараў па горадзе. Ёсць траплянне ў энергетычныя аб'екты горада і дом у вобласці.
- Кіеўшчына. Паведамляецца па працу СПА. У сталіцы зафіксаваны моцныя выбухі. Кіяўляне паведамляюць аб прылёце.
Расійскія ракетныя ўдары прывялі да поўнага абясточвання Запарожскай АЭС
«Сёння, 9 сакавіка 2023 года, а 3:53 ночы ў выніку рашысцкіх ракетных абстрэлаў адключылася апошняя лінія сувязі акупаванай Запарожскай АЭС з украінскай энергасістэмай», — паведамілі ва ўкраінскім Энергаатаме.
Адзначаецца, што АЭС абясточана і перайшла ў рэжым блэкаўта шосты раз за час акупацыі. Пачаўся зваротны адлік часу — у выпадку немагчымасці аднаўлення знешняга сілкавання станцыі на працягу 10 сутак можа адбыцца аварыя з радыяцыйнымі наступствамі для ўсяго свету.
Кіеў. Каля 40 працэнтаў жыхароў засталіся без ацяплення
У Святошынскім раёне Кіева гараць аўто ў двары аднаго з жылых дамоў, два чалавекі атрымалі раненні.
Мэр сталіцы Віталь Клічко паведаміў раніцай 9 сакавіка, што ў Кіеве прагрымеў яшчэ адзін выбух
«Усе службы накіроўваюцца на месца. Гараць аўто ў двары аднаго з жылых дамоў», — удакладніў Клічко і дадаў, што ў выніку інцыдэнту пацярпелі два чалавекі, медыкі аказваюць ім дапамогу на месцы.
Львоўшчына: не менш за чацвёра загінулых
У Львоўскай вобласці ракета ўпала ў жылой зоне, на гэты момант вядома пра чатырох загінулых. Як паведаміў кіраўнік АВА Казіцкі, загінулі двое мужчын і дзве жанчыны. У момант падзення ракеты яны знаходзіліся ў сябе дома. Завалы яшчэ разбіраюць. Пад імі могуць знаходзіцца іншыя людзі. Пажар знішчыў тры жылыя дамы, тры аўтамабілі, гараж і некалькі гаспадарчых пабудоў.
Выбухі ў Хакраве
«У Харкаве серыя выбухаў. Пакуль без падрабязнасцей, але прашу ўсіх быць асцярожнымі», — распавёў мэр Ігар Церахаў.
Ён таксама дадаў, што пад прыцэлам энергетычная інфраструктура. У некаторых раёнах ёсць праблемы са святлом.
Кіраўнік Харкаўскай вобласці Алег Сінягубаў адзначыў, што вораг нанёс каля 15 удараў па горадзе і вобласці.
Адэса. Вядома пра збіццё ракет СПА
Кіраўнік Адэскай АВА Максім Марчанка праінфармаваў, што ў выніку масіраванага ракетнага ўдару ёсць траплянне ў аб'ект энергетычнай інфраструктуры вобласці, а таксама пашкоджаны жылыя дамы.
На шчасце, пацярпелых няма. У цяперашні час дзейнічаюць абмежаванні па электразабеспячэнні. У выніку працы падраздзяленняў супрацьпаветранай абароны ёсць збіццё ракет.Паводле www.pravda.com.ua, korrespondent.net, Украінскай службы РБК, сацсетак