Шрайбман: «Тое, што можа пачынацца як тэатр, скончыцца можа як рэальная вайна»

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман расказаў «Салідарнасці» пра тое, чым можа скончыцца стварэнне ў Беларусі «рэгіянальнай групоўкі Саюзнай дзяржавы», ці можа Масква зрынуць Лукашэнку і пра тое, што кульмінацыя ў вайне — яшчэ далёка наперадзе.

podgotovka_k_ucheniyam_2021_24012021_15.jpg


Аб прапанове Зяленскага размясціць назіральнікаў на мяжы з Беларуссю

— Я думаю, сёння гэта немагчыма, таму што ўсе пабаяцца. Такія місіі міратворцаў або назіральнікаў звычайна адпраўляюць пасля таго, як канфлікт ужо скончыўся і ўсе датычныя да гэтага даюць дабро. Я не ўпэўнены, што Расія і Беларусь дадуць дабро.

Улічваючы высокую рызыку гарачага канфлікту, калі лётаюць ракеты над галовамі патэнцыйных назіральнікаў, я з цяжкасцю ўяўляю краіну, якая сёння будзе гатовая адправіцца туды па ўкраінскім запрашэнні.

Я думаю, гэтая ідэя не пра тое, каб зрабіць, а пра тое, каб прасігналізаваць свету, што Украіна не баіцца такога кантролю і ў яе няма намераў ні на каго нападаць.

Аб стварэнні рэгіянальнай групоўкі войскаў Саюзнай дзяржавы

— Тое, што можа пачынацца як тэатр, можа цалкам скончыцца як рэальная вайна. Думаю, у лютым Лукашэнка, калі пачынаў тыя вучэнні, якія ў выніку выліліся ў вайну, думаў, што ён таксама займаецца спектаклем для Захаду, дапамагаючы Пуціну напалохаць NATO. Таму і цяпер нічога адназначнага аб стварэнні гэтай групоўкі я адказаць не магу.

Мяркуючы па маўчанні заходняй і ўкраінскай разведак, ніякіх рэальных падрыхтовак да нападу з тэрыторыі Беларусі няма. Няма сцягвання да мяжы вайсковай тэхнікі, яна наадварот вывозіцца з Беларусі на патрэбы Расіі. Таму пакуль прыкмет няма, за гэтым варта шукаць хутчэй палітычны танец.

Гэта можа быць жаданне Лукашэнкі дапамагчы Пуціну з трэніроўкай мабілізаваных, а можа быць жаданне адцягнуць украінскія сілы на поўнач, пакуль яны атакуюць.


Пра тое, ці можа Масква пры жаданні прыбраць Лукашэнку

— Я не ўпэўнены, што гэта так проста зрабіць. Расія ніколі ў сваёй сучаснай гісторыі не мяняла рэжымы. Апошні раз яны паспрабавалі гэта зрабіць у Афганістане 40 гадоў таму, што скончылася не вельмі добра.

Як гэта зрабіць у выпадку з Лукашэнкам? Калі б у іх былі нейкія супер-войскі, якія маглі б хутка штурмаваць Дразды, паставіць сваіх людзей на патрэбныя пазіцыі, тады, напэўна, можна было б пра такое казаць. Расія свае лепшыя войскі скавала ва Украіне ці страціла іх там, а ў Лукашэнкі якая-ніякая асабістая гвардыя ёсць.

Эканамічны шантаж таксама не прымусіць яго сысці.

Таму, з пункту гледжання Пуціна, я думаю, нашмат прасцей выкарыстоўваць Лукашэнку, выціскаючы з яго сокі і ставячы ў становішча, калі ён павінен саступаць усё больш і больш суверэнітэту, чым спрабаваць дэстабілізаваць яго рэжым і рызыкаваць сваім самым надзейным плацдармам.

Аб кульмінацыі, якой яшчэ няма

— Расія робіць стаўку на ядзерны шантаж. Ён можа скончыцца дээскалацыяй, як было ў кубінскім крызісе, а можа скончыцца і ядзернай эскалацыяй.

У выпадку тактычных ядзерных удараў па ўкраінскай тэрыторыі або дзесьці побач з ёй, самым меркаваным сярод варыянтаў адказу NATO з'яўляецца канвенцыйны ўдар па нейкіх расійскіх ваенных аб'ектах. Гэта могуць быць аб'екты ва Украіне, Чорным моры, а могуць быць, напрыклад, у Беларусі. Таму, на жаль, варыянтаў пагаршэння для нас сітуацыі яшчэ дастаткова, асабліва ўлічваючы, што Пуцін цяпер спрабуе мабілізацыю.

Калі стане зразумела, дае яна эфект або не, яму прыйдзецца прымаць рашэнне, ці працягваць эскалацыю далей. Таму я сказаў бы, што мы яшчэ не падабраліся да кульмінацыі.

Горшы сцэнар — абмен ядзернымі ўдарамі, які закранае ў тым ліку Беларусь. Справа ў тым, што савецкае кіраўніцтва пры ўсім маразме некаторых савецкіх кіраўнікоў прынцыпова адрознівалася ад сённяшняй Расіі. Гэта было калектыўнае кіраванне. Напэўна, толькі Сталін мог прымаць нейкія рашэнні асабіста, але ў моманты ядзерных двубояў або магчымых супрацьстаянняў з Захадам было Палітбюро. Гэтыя людзі думалі аб сваім выжыванні. За выключэннем класавай барацьбы і барацьбы з Захадам у іх не было нейкай ідэалагічнай звышмісіі. У Пуціна, падаецца, яна ёсць.

Пры гэтым ён не абмежаваны нейкімі калектыўнымі органамі ўлады. І гэта вельмі небяспечная сітуацыя, таму што, будучы прыціснутым да сценкі (а мы прыйдзем да гэтага моманту), ён будзе вельмі балюча выбіраць паміж тым, каб першым міргнуць і пайсці на нейкую дээскалацыю, і тым, каб ісці да канца, што рана ці позна прывядзе да ядзернага супрацьстаяння. Які ён зробіць выбар — незразумела.