Беларусь у вайне — каму гэта трэба?

Пасля абвяшчэння ў суседняй краіне «частковай мабілізацыі» беларускую медыяпрастору накрыла хваля штодзённых алармічных паведамленняў датычна будучага лёсу Беларусі ў той вайне, якую Расія вядзе супраць Украіны. Ці ёсць для іх падставы?

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Ілюстрацыйнае фота. Дзмітрый Дзмітрыеў

Асноўныя тэмы СМІ: Пуцін, урэшце, даціснуў Лукашэнку, і таму няма куды дзявацца, акрамя як пусціць сваіх салдацікаў на Кіеў. Утвараецца сумесная групоўка, а ў Беларусь накіроўваецца 100+ тыс. «часткова мабілізаваных» — дзеля пракорму, кантролю, змяшання з беларускімі салдацікамі і далей — па вядомым маршруце.
Людзі ад гэтых навін прыходзяць у панічны стан і пачынаюць шукаць бліжэйшыя бамбасховішчы і правілы паводзін пры абстрэлах.
Калі паглядзець на тое, што адбывалася ў медыйнай прасторы раней, дык варта прызнаць, што падобная хваля ўжо далёка не першая, хоць, канечне, і мацнейшая за папярэднія. Ад самага пачатку расійскага ўварвання ва Украіну людзям даводзіцца думка, што беларускае войска вось-вось будзе кінута на ўкраінскую тэрыторыю, каб непасрэдна прыняць удзел у баявых дзеяннях.
У сувязі з гэтым узнікаюць пытанні: каму, уласна, трэба, каб Беларусь была ўцягнута ў вайну не толькі праз прадастаўленне сваёй тэрыторыі чужым войскам для агрэсіі супраць іншай дзяржавы? І чаму гэтае ўцягванне яшчэ не прывяло да таго, чаго ўсе так страшацца?
Падаецца, найбольш зацікаўленым ва ўступленні беларускіх войскаў у вайну з’яўляецца кіраўніцтва Расіі. Гэта дае дадатковы людскі рэсурс, які можна задзейнічаць для нанясення ўдараў па Кіеве ці ўздоўж заходняй украінскай мяжы, каб адрэзаць Украіну ад паставак заходняга ўзбраення. Акрамя таго, удзел беларускіх войскаў у вайне можа прадэманстраваць, што Расія мае сапраўдных саюзнікаў, якія гатовы ісці за ёй паўсюль. У першую чаргу такая дэманстрацыя можа быць разлічана на ўнутранае спажыванне (каб падбадзёрыць уласных грамадзян) і ўжо потым на аўдыторыю замежную, перш за ўсё — з краін СНД, а таксама з краін Азіі, Афрыкі і Лацінскай Амерыкі, дзе ў Расіі ёсць значная колькасць прыхільнікаў. Тэарэтычна, гэта мусіць умацаваць яе пазіцыі ў гэтых рэгіёнах. Яшчэ адна гіпатэтычная мэта — замазаць Беларусь крывёй, выклікаць негатыў у адрас беларусаў з боку жыхароў тых краін, якія падтрымліваюць наш дэмакратычны рух, канчаткова і незваротна папсаваць адносіны паміж украінцамі і беларусамі і праз гэтае вось усё зменшыць шанцы на хуткія дэмакратычныя перамены ў нашай краіне і падарваць перспектывы пабудовы сістэмы бяспекі ва Усходняй Еўропе.
Чаму пры такіх перспектывах Пуцін яшчэ не «даціснуў» Лукашэнку? Відавочна ж, што захаванне Лукашэнкам улады ў Беларусі цалкам залежыць ад маскоўскай падтрымкі, і ў такіх умовах любое распараджэнне расійскага кіраўніцтва мусіць выконвацца ўмомант. Тым не менш, калі адны сцвярджаюць, што Лукашэнка «цалкам залежны» ад Масквы, другія настойваюць, што ён можа яму эфектыўна «процістаяць». Што выглядае некаторай лагічнай супярэчнасцю. Вырашэннем гэтай супярэчнасці можа быць тое, што для Крамля ўступленне беларускіх войскаў у вайну не ўяўляецца неабходным. А можа нават лічыцца шкодным.
Пры ўсім нашым выхаваным скепсісе датычна ролі простых грамадзян у гісторыі, кіраўнікам даволі цяжка ігнараваць людскія настроі. Калі абсалютная большасць адназначна не жадае ваяваць, больш за тое — жадае як мага хутчэй пазбавіцца ад таго, хто яе на вайну спрабуе загнаць, тады нават не зусім разумным кіраўнікам будзе відавочна, што сваімі рукамі ўзбройваць гэтых людзей — не вельмі абачліва. Замест павелічэння ўласнага рэсурсу можна знянацку павялічыць рэсурс ворага. Нават гіпатэтычнае выкарыстанне расійскіх войскаў у ролі «заградатрадаў» не зменіць сітуацыі. Будзе, як у амерыканскім анекдоце пачатку 80-х пра тое, колькі патрэбна палякаў, каб замяніць адну электрычную лямпачку. Адказ: адзін. Але спатрэбіцца дадаткова шэсць тысяч савецкіх войскаў, каб прымусіць паляка не страйкаваць. Навошта Пуціну тлуміць сабе галаву пошукамі шасці тысяч расійскіх жаўнераў, каб прымусіць беларуса ваяваць?
Існуе яшчэ адна прычына, каб Пуцін не жадаў уступлення Беларусі ў вайну. Так ці іначай, але дагэтуль назіраюцца спробы заходніх палітыкаў «улагодзіць» Лукашэнку, каб той не ўлазіў у баявыя дзеянні. Гэта якая-ніякая, але ж магчымасць зноў пераканаць усіх, што ён — няшчасная ахвяра Пуціна, які яму рукі павыкручваў, а сам ён — усім вядомы гарант міру, незалежнасці і стабільнасці. Глядзіш, і санкцыі аслабяць. А гэта, зноўку, і для Расіі дадатковая магчымасць дзірачку для трафіка санкцыёнкі знайсці. Таму лепш пакуль Лукашэнку пакінуць адносна «чысценькім».
Тое, што Масква не збіраецца пакуль выкарыстоўваць беларускае войска, пацвярджаецца і актыўным вывазам тэхнікі і боепрыпасаў з Беларусі ў Расію. Калі б рыхтавалася адваротнае, усё гэта засталося б на месцы. Яшчэ і свежанькага падкінулі б. А так Беларусь пакідаецца, практычна, без рэзерваў на выпадак рэальнай вайны. Вось тут, магчыма, і хаваюцца падставы заяў пра «рэгіянальную групоўку», пра якую так гучна кажа Лукашэнка і так гучна маўчыць Расія. Гэта можа быць не болей чым спроба супакоіць тых, хто задаецца пытаннямі наконт абяззбройвання Беларусі ў такі напружаны момант. Тым больш што «сотні тысяч расійскіх жаўнераў», якімі грозіцца Лукашэнка, пакуль дакументальна выглядаюць не большымі за пару тысяч. Ні весці наступ, ні прымушаць беларусаў ваяваць такой колькасцю байцоў не выпадае. Ды й забеспячэнне буйной вайсковай групоўкі ўсім неабходным (харчамі, цяплом, зброяй) у Беларусі падаецца задачай з вобласці ненавуковай фантастыкі.
Лукашэнка таксама быў бы не супраць вайны. Калі б праз тры дні пасля пачатку ён стаяў на кіеўскім Хрышчаціку на трыбуне, у форме «геніялісімуса» і прымаў «парад перамогі». Ну і магчымасць назіраць, як беларусы ідуць па ягоным загадзе на смерць, таксама, імаверна, фантазію казытае. Але развагі тут такія ж, як і ў выпадку з Расіяй: ну зусім мізэрныя шанцы, што беларусы пойдуць ваяваць, і яшчэ больш мізэрныя, што гэтае «ваяванне» скончыцца так, як таго хацелася б менавіта яму. Ды і магчымасць «саскочыць» пры паражэнні Расіі павялічваецца, калі «Беларусь» у ягонай асобе не кіне ва Украіну свае войскі.
Іншая справа — атачэнне Лукашэнкі. Тэарэтычна, вайна і амаль непазбежнае перакідванне баявых дзеянняў на тэрыторыю Беларусі ў такім выпадку нараджаюць хаос, у якім прасцей будзе «скіпнуць» і затаіцца на абшарах далёкіх кантынентаў, дзе загадзя падрыхтаваны «запасныя аэрадромы». А тое ва ўмовах пасляваеннай палітычнай калатнечы можна ж і новы шлях да ўлады знайсці. Хоць гэта, безумоўна, усё звязана з досыць высокай рызыкай. Асабліва, калі ў Беларусі ўсталюецца дэмакратычны рэжым, а не якая-небудзь вайсковая хунта.
Украінцы — вось каму ўцягванне Беларусі ў вайну не патрэбна аніякім чынам. Але — дзіўная рэч: менавіта з украінскіх крыніц найчасцей гучаць заявы, што Беларусь вось-вось атакуе ўкраінскія межы, што пытанне гэтае — вырашанае і што Лукашэнка нікуды не падзенецца. Больш таго, з самага першага дня вайны ва ўкраінскіх медыя пачалі з’яўляцца паведамленні пра тое, што беларускія войскі ўжо знаходзяцца ва Украіне. Сведкі бажыліся, што бачылі і беларускіх байцоў, і беларускую бронетэхніку на вуліцах украінскіх гарадоў і пасёлкаў. Дагэтуль у сацыяльных сетках можна сустрэць сцвярджэнні, што ў такім-та раёне стаяць беларускія аддзелы і робяць страшэнныя зверствы ў дачыненні да ўкраінскага насельніцтва. Пры гэтым не праводзіцца асаблівай розніцы паміж цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі і ўласна беларускім народам, таму каментары часцяком маюць вельмі зневажальны характар для беларусаў. Што прыводзіць да росту ўзаемных прэтэнзій, непаразумення і пачуцця варожасці.
Падаецца, калі краіна ваюе супраць моцнага суперніка, варта было б шукаць сяброў і саюзнікаў. Але выказванні і дзеянні некаторых прадстаўнікоў украінскай дзяржавы і грамадства — палітыкаў, экспертаў, чыноўнікаў, памежнікаў, каментатараў у сацыяльных сетках — прымушаюць пераканацца, што яны чамусьці старанна шукаюць ворагаў. Нядаўнія заявы Падаляка, дарадцы кіраўніка Офіса ўкраінскага прэзідэнта, і Яроменкі, дэпутата ВР ад кіруючай партыі «Слуга народа» крыху даюць адказ на гэты парадокс. Як выцякае з гэтых заяў, некаторыя палітычныя сілы Украіны не настроены ў будучыні разглядаць Беларусь як раўнапраўнага партнёра. Іх разлік — прывесці да ўлады ў Беларусі свайго стаўленіка. А зрабіць гэта прасцей за ўсё ў выніку перамогі ў вайне. Прычым вайна мусіць быць справядлівая — абарончая. Вось тут і трэба, каб беларускія войскі далі падставу і на вачах усяго свету парушылі ўкраінскія межы. Беларусь у выніку будуць чакаць шматлікія іміджавыя і матэрыяльныя страты, што знізіць яе прывабнасць для замежных пасляваенных інвестыцый і, адпаведна, эканамічнага развіцця. Гэта, у сваю чаргу, дасць прэферэнцыі бізнесу ўкраінскаму. Бо хто будзе настойваць, што беларускія калійка і нафтаапрацоўка цікавяць выключна расійскіх алігархаў?
Варта мець на ўвазе, што такое стаўленне да Беларусі і яе перспектыў зусім не з’яўляецца ўніверсальным ва Украіне. Упэўнены: большасць і ўкраінскіх палітыкаў, і грамадзян разумее, што такі імперскі падыход не можа завяршыцца нечым добрым. У першую чаргу — для самой Украіны. Бо перад вачыма — сумны прыклад Расіі, якую давяла да краю гібелі мара быць для ўсіх «старэйшым братам». Таму для беларусаў існуюць магчымасці развіцця стасункаў з украінскімі калегамі, што ў перспектыве адкрывае для абедзвюх краін вялікія магчымасці. Але вось тут акурат быў бы дарэчным лозунг «Абы не было вайны».
Хада падзей хутчэй указвае на тое, што вайна не з’яўляецца непазбежнай. Але ключавая роля тут належыць самім беларусам. Пакуль, падобна, усё трымаецца на іх нежаданні ваяваць. Прымусіць іх да адваротнага будзе каштаваць надта многа, таму галоўныя зацікаўленыя гульцы не рашаюцца на такі крок. Іншая справа — калі сваё стаўленне зменяць самі беларусы. Такое можа адбыцца ў тым выпадку, калі яны прымуць вайну як непазбежнасць. Калі мабілізацыя, якой так палохаюць і б’юць па нервах, будзе ўспрымацца не як нешта шокавае, а як частка аднойчы і назаўжды прапісанага сцэнара. Калі пачнуцца пошукі бліжэйшых бамбасховішчаў і інструкцый ГА, як дзейнічаць падчас абстрэлаў. Вось тады нас сапраўды чакае вайна. І катастрофа.
Дзеля гэтага і гоняцца хваля за хваляй захады пра непазбежнасць вайны, мабілізацыю, сумесную групоўку і таму падобнае.