Вярнуць Калінінград. Балтыйскую мару Лукашэнкі перахопліваюць чэхі

На патаемную мару Лукашэнкі аб Калінінградзе і аднайменнай вобласці самым нечаканым чынам замахнуліся чэхі. Прычым браты-славяне падышлі да пытання куды больш дасціпна і творча.

kralovec.jpg


У адказ на анексію РФ чатырох украінскіх абласцей, якая прайшла пад прыкрыццём фарсавага «рэферэндуму», хтосьці ў Чэхіі пажартаваў, што на такой падставе можна вярнуць у склад Чэхіі Калінінград (былы нямецкі Кёнігсберг) і аднайменную вобласць Расіі. Маўляў, горад быў заснаваны ў 1255 годзе па ініцыятыве караля Чэхіі Пржэмысла Атакара II, які ўзначальваў крыжовы паход супраць балтыйскіх язычнікаў (дарэчы, скульптура гэтага манарха і дагэтуль упрыгожвае гарадскія вароты, якія захаваліся да нашага часу), піша Мікалай Грабовіч у «Белнавінах».

А таму Кралавец, як яго называюць чэхі, і Кралавецкі край маюць не менш правоў змяніць юрысдыкцыю, чым акупаваныя ўкраінскія землі. Галоўнае — правесці рэферэндум, у выніках якога ніхто не сумняваецца. Калінінградская вобласць ператворыцца ў Кралавецкі край, а сам Кралавец стане марскімі варотамі Чэхіі і другім па насельніцтве горадам, саступаючы толькі Празе.

Удалы жарт быў падхоплены і перарос у нацыянальны флэшмоб. З’явіліся сайт і твітар Кралаўца, дасціпна абыграна тэма выхаду Чэхіі да мора і стварэння чэшскіх ВМС, чэшскія гісторыкі «знайшлі доказы», а півавары «запусцілі» будаўніцтва піваправода «Пльзень-Кралавец». Чэхі паказалі ўсю абсурднасць пуцінскіх анексій, а жартоўная форма толькі спрыяла пераканаўчасці.

На гэтым тыдні акцыя выйшла з віртуальнай прасторы ў рэальную. Некалькі сотняў актывістаў руху «Make Krаlovec Czech Again!» сабраліся ля амбасады Расіі ў Празе з патрабаваннем неадкладна абвясціць у Калінінградскай вобласці рэферэндум аб уваходжанні ў склад Чэхіі.

«Сама Расія паказала астатняму свету, што анексія чужых зямель з наступным правядзеннем рэферэндумаў — гэта нармальна і законна. Так што прыйшоў час Кралаўцу вярнуцца ва ўлонне матухны-Багеміі, вярнуцца дадому, у родную гавань», — заявілі ўдзельнікі акцыі.

2d7a13373197279d071489b3420e7.jpeg


Дайшло да таго, што прэзідэнт Славакіі Зузана Чапутава заўважыла, што хацела б наведаць Кралавец з дзяржаўным візітам!

Нагадаем, што па выніках Другой сусветнай вайны Кенігсберг са складу Германіі перайшоў у СССР, дзе стаў Калінінградам. А прылеглая да яго частка Усходняй Прусіі стала Калінінградскай вобласцю Расіі. Аднак, развязаўшы супраць Украіны агрэсіўную захопніцкую вайну, Расія сама рызыкуе апынуцца ў сітуацыі, калі яе тэрытарыяльная цэласнасць акажацца пад пытаннем. І Калінінградскі анклаў у гэтым сэнсе — адзін з найбольш перспектыўных рэгіёнаў.


Многіх у Еўропе раздражняе гэты напампаваны зброяй Расійскі фарпост. Так што, пры пэўным збегу абставін, гісторыя можа атрымаць не абы-які працяг.

А што, уласна, замінае беларусам узяць прыклад з чэхаў і заявіць свае прэтэнзіі на Калінінград? І геаграфічна, і гістарычна Калінінградская вобласць Беларусі не чужая.


У Лукашэнкі маецца даўняя цікавасць да Калінінграда і расійскага анклава на Балтыцы. Яшчэ 9 гадоў таму ён прапаноўваў расійскаму калегу Пуціну аддаць Беларусі Калінінградскую вобласць.

«Я часта кажу, — заявіў тады Лукашэнка, — аддайце нам Калінінградскую вобласць. Мы кожны гектар, кожную сотку зямлі там узаром і зробім з яе квітнеючы край... Я лічу, што гэта наша зямля, у добрым сэнсе гэтага слова. Я не прэтэндую на тое, каб заўтра забраць Калінінград, але калі можна было б — то з задавальненнем».

Тры гады таму Лукашэнка назваў рэгіён «нашай вобласцю». Па яго словах, яшчэ падчас СССР абмяркоўвалася пытанне аб далучэнні Калінінградскай вобласці да Беларусі.

Відавочна, Беларусь, якая не мае выхаду да мора, была б зацікаўлена ва ўзмацненні свайго ўплыву ў найбліжэйшым да яе рэгіёне на беразе Балтыкі. І сітуацыя, калі расійская армія церпіць паражэнні, а будучыня РФ усё больш цьмяная, нібыта гэтаму спрыяе. Іншая справа, што Лукашэнка цяпер таксама далёка не ў лепшай форме, каб брацца за рэалізацыю сваёй геастратэгічнай мары.

А чэшскі геапалітычны гумар — добры прыклад таго, наколькі ілюзорнай можа быць афіцыёзная прапаганда і як часам карысна паглядзець на пытанне нестандартна. Вельмі добры для абвешчанага ў Беларусі года гістарычнай памяці ўрок.