Без анексій і кантрыбуцый

На сустрэчы з губернатарам Калінінградскай вобласці Мікалаем Цуканавым Аляксандр Рыгоравіч супакоіў Расію: Беларусь не збіраецца анексаваць Калінінград. Мы нічога анексаваць не збіраемся, яно само да нас прыплыве.



ad9ee10e6262.jpg

«У некаторых нашых ворагаў, у тым ліку ў Расіі, і ў Беларусі іх хапае, ідуць размовы пра тое, што Лукашэнка хоча ледзь не Калінінградскую вобласць далучыць да Беларусі. Паверце, у мяне такіх планаў няма», — запэўніваў Цуканава кіраўнік Беларусі.

Тым не менш, ён заўважыў: «Беларусь заўсёды падстаўляла плячо Калінінградскай вобласці, мы ніколі яе чужой не лічылі. А ў якім складзе, у якой дзяржаве будзе Калінінградская вобласць пры такіх падыходах, напэўна, не так важна».

Гэта якраз тое, што «язык мой — вораг мой». «Некаторым ворагам» у дадзеным выпадку стаў сам Лукашэнка. Менавіта ён у мінулым годзе на сустрэчы з расійскімі журналістамі агучыў, што прапаноўваў Пуціну развіваць у Калінінградскай вобласці сельскую гаспадарку, абяцаючы ператварыць рэгіён у квітнеючы край. Пры гэтым ён зазначыў, што «не прэтэндуе на тое, каб заўтра забраць Калінінград, але калі можна было б — дык з задавальненнем».

І дадаў, што Пуцін «падтрымаў яго ў гэтым плане».

Відавочна, што зараз Аляксандру Рыгоравічу Калінінград патрэбны толькі ў эканамічным плане. Гэта самы ўразлівы рэгіён Расіі ў плане расійскага ж «харчовага эмбарга». Ён абкружаны «санкцыйнымі» краінамі, і «несанкцыйныя» харчы туды прасцей за ўсё завозіць з сінявокай. Да таго ж Лукашэнка вызначыў празрыстыя беларускія прыярытэты — беларускае будаўніцтва, МАЗы і аўтобусы з тралейбусамі ў Калінінградзе.

Так што Расія можа спаць спакойна. Пакуль. Да таго часу, як украінская вайна, Крым, заходнія санкцыі і кошты на нафту яе не дадушаць канчаткова.

Анексаваўшы Крым, парушыўшы міжнародны парадак і недатыкальнасць межаў, Расія сама пачала капаць сабе яму. Бо нідзе, як у Расіі, не існуе столькі шмат розных сепаратысцкіх настрояў. Менавіта пасля Крыму аб стварэнні ўласнай Сібірскай дзяржавы пачалі ўголас казаць на Урале. Татарстан з Башкірыяй наўрад ці задаволеныя, як у Крыме абыходзяцца з іх братамі-татарамі. Пра Чачню-Ічкерыю нават казаць не варта.

У тым самым Калінінградзе нездарма не забыліся на гістарычную назву горада і, хутчэй, у выніку «распаўзання» Расіі яны рынуцца альбо ў Германію, альбо ў Польшчу. Так што Аляксандру Лукашэнку «Кемска воласць» не свеціць.

А вось што прыплыве ў Беларусь, дык гэта гістарычна нашыя Смаленск і Бранск. Вось да чаго трэба ціха рыхтавацца.

У красавіку, паводле апытання смаленскага парталу gorodnews.ru, 22% ягоных чытачоў хацелі б далучыцца да Беларусі. Паралельна на сайце avaaz.org быў абвешчаны збор подпісаў за правядзенне рэферэндуму аб уваходжанні Шумяцкага раёна Смаленскай вобласці ў склад Беларусі. Петыцыя адрасаваная адміністрацыі Смаленскай вобласці і адміністрацыі Шумяцкага раёна. «Да 1939 года вялікая частка Шумяцкага раёна ўваходзіла ў склад Рэспублікі Беларусь. Я лічу незаконным захоп спрадвечна беларускіх зямель», — гаварылася ў заяве. Пры ўсёй смешнасці ініцыятывы, пад ёй паставілі подпісы больш за 2000 чалавек.

Такія настроі калі не цалкам, дык часткова падтрымліваюцца мясцовымі ўладамі. У гэтую ж вясну ў газеце «Рабочы шлях» губернатар Смаленшчыны Аляксей Арлоўскі выступіў з прапановай перадаць Беларусі зямлю ў Краснінскім, Веліжскім, Манастыршчынскіі, Хіславіцкім, Ершыцкім, Руднянскім і тым жа Шумяцкім раёнах. Адзіная ўмова губернатара — каб прыбытак ад гаспадаркі ў раёнах ішоў у бюджэт Смаленскай вобласці.

Не менш вясёлая сітуацыя на Браншчыне. Тамтэйшы партал gorodb.ru правёў апытанку чытачоў ужо ў кастрычніку. За яе давялося апраўдвацца, бо па выніку галасавання, якое і доўжылася ўсяго крыху больш за гадзіну, за Бранск у складзе Беларусі прагаласавала 64,32% наведвальнікаў сайту. Потым рэдакцыя тлумачыла: маўляў, даведаўшыся пра галасаванне, на сайце масава адказвалі беларусы, а таксама жыхары Масквы, Ніжняга Ноўгарада, Санкт-Пецярбурга і, чамусьці, Омска. А таму да меркавання бранчанаў гэтая апытанка дачынення не мае.

Але, нават калі адкінуць беларусаў (што і зрабілі ў каментарах некаторыя чытачы), усё роўна за Бранск у Беларусі прагаласавалі ўдвая больш, чым за Бранск у Расіі. Пасля гэтага gorodb.ru вымушаны быў, па прызнанні рэдакцыі сайта, «пайсці на беспрэцэдэнтны выпадак — закрыць магчымасць каментавання».

Таму Лукашэнка абсалютна слушна кажа: не будзе ніякай анексіі і ніякіх беларускіх «ветлівых людзей» і «зялёных чалавечкаў». За Аляксандра Рыгоравіча ўсё зробіць Уладзімір Уладзіміравіч. Лукашэнку проста трэба ствараць вобраз «квітнеючай, мірнай і стабільнай краіны», ні ў якім разе не ўлазячы ва ўкраінскі канфлікт, і тым жа часам захоўваць імідж «найлепшага сябра Расіі, які не кіне яе ў цяжкія часы». Да «сябра», калі ў Расіі пачнецца «парад суверэнітэтаў», Бранск і Смаленск прыйдуць самі і з братэрскімі абдымкамі.

Фантастычна? «Крымнаш» таксама год таму здаваўся фантастыкай. Галоўнае для Беларусі зараз — не зваліцца ў сацыяльна-эканамічнае піке разам з усходняй суседкай. Тады да нас усё і прыплыве — з цягам часу.